Темы

Якія пытанні хвалююць маладых бацькоў, гаварылі на сустрэчы старшыні Глускага райвыканкама з сем’ямі

Якія пытанні хвалююць маладых бацькоў, гаварылі на сустрэчы старшыні Глускага райвыканкама з сем’ямі

Якія пытанні хвалююць маладых бацькоў і што патрэбна, каб наш Глуск стаў яшчэ больш камфортным і прыязным для яго жыхароў, — пра гэта гаварылі на сустрэчы старшыні райвыканкама Аляксея Жураўлёва з маладымі сем’ямі, яна па традыцыі адбылася ў маі, у месяцы, калі беларусы святкуюць Дзень сям’і.

У гасцінным і ўтульным холе ЦКіВЧ “Арыён” 23 мая сабраліся дзевяць пар, рознага ўзросту і розных прафесій, з розным стажам сямейнага жыцця, шматдзетныя і пакуль што з адным дзіцём, а некаторыя і ў “чаканні”… Кожная пара са сваёй гісторыяй і сваім сакрэтам сямейнага шчасця, аднак жа ўсе аб’яднаныя жаданнем будаваць сваё жыццё разам і ў міры і згодзе гадаваць і выхоўваць дзяцей.

Дзеці, іх выхаванне, клопаты пра іх — гэта тэма была, бадай што, галоўнай на сустрэчы, і гэта цалкам натуральна. Шмат гаварылі пра дапамогу бацькам з боку дзяржавы. Паасобку, можа, і не заўважна, а калі скласці ўсё разам, ад самага нараджэння дзіцяці да яго паўналецця, то зразумела: падтрымка гэта даволі сур’ёзная, заўважыў старшыня райвыканкама Аляксей Жураўлёў. Дарэчы, сам шматдзетны бацька, шчаслівы бацька трох дачок, так што падзяліцца з маладымі Аляксею Анатольевічу ёсць чым, і са свайго асабістага вопыту, і з назіранняў за іншымі. Хаця б тым, што ў нейкі момант зразумеў: не важна, хто родзіцца, дзяўчынка ці хлопчык, — галоўнае, каб дзіця было здаровенькае. Ці вось яшчэ, быццам бы і жарт, але з доляй сур’ёзу: трэцяе і наступных дзяцей гадуюць не бацькі, а старэйшыя дзеці. І парада маладым бацькам: не перакладайце выхаванне дзяцей на садзік і школу, на гурткі і аб’яднанні — выхоўвайце сваіх дзяцей у першую чаргу самі.

Між іншым, гаварылі не толькі пра выхаванне і маральныя каштоўнасці. Абмяркоўвалі і надзённыя праблемы. На сустрэчы прысутнічалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Алена Самуйлік, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Ганна Марціновіч, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Яўгенія Грыгор’ева, намеснік начальніка — начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кацярына Толсцік, і на некаторыя свае пытанні запрошаныя атрымалі адказы адразу, іншыя старшыня райвыканкама ўзяў на карандаш.

Вельмі добра, што ў Глуску і раёне з’яўляюцца новыя дзіцячыя пляцоўкі, заўважыла адна са шматдзетных маці і прапанавала: добра было б каля гэтых пляцовак паставіць папярэджанні пра забарону на выгул сабак і катоў. Бясхатняй жывёле, зразумела, гэтага не растлумачыш, але, на жаль, і некаторыя гаспадары пускаюць пагуляць сваіх гадаванцаў у дзіцячыя пясочніцы. Так, калі ў людзей хапае на гэта сумлення, то неабходна нагадваць ім пра элементарныя правілы паводзін і меры адказнасці за парушэнне правіл выгулу хатніх жывёл, згадзіўся Аляксей Жураўлёў.

Яшчэ адно пытанне, ад таты, тычылася стану школьных стадыёнаў: калі гаварыць пра стадыёны гімназіі і дзвюх школ райцэнтра, то параўнанне будзе не на карысць апошніх. Заўвага слушная, лічыць старшыня райвыканкама, ён паабяцаў звярнуць на гэта асаблівую ўвагу. Між іншым, апрача школьных, у Глуску маюцца іншыя спартыўныя пляцоўкі для ахвотных, і не адна, але попыт на здаровы лад жыцця павялічваецца, таму раённая ўлада задумваецца, каб павялічыць іх колькасць. Магчыма, калі дазволяць сродкі, новая спартыўная пляцоўка з сучасным абсталяваннем з’явіцца якраз на тэрыторыі абноўленага парка каля СШ № 2, сказаў Аляксей Жураўлёў.

Як атрымаць крэдыт на рэканструкцыю жылля, растлумачыла зацікаўленым начальнік аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва Яўгенія Грыгор’ева. Коратка алгарытм выглядае так: чалавек, які мае права на такі крэдыт і стаіць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, звяртаецца ў “адно акно” райвыканкама — атрымлівае дазвольныя дакументы на рэканструкцыю — распрацоўвае праектна-каштарысную дакументацыю — пачынае рэканструкцыю за свае сродкі (банк выдае крэдыт, калі яна выканана не меней як на 15 %) — звяртаецца ў “адно акно”, каб яго ўключылі ў спісы на атрыманне льготнага крэдыту — ідзе ў банк па крэдыт. Распрацаваць ПКД і пачаць рамонт можна, зразумела, зараней, пакуль будуць афармляцца дакументы ў “адным акне”, дарэчы, тэрмін іх афармлення адносна невялікі.

Яшчэ адно пытанне таксама датычылася жылля: ці плануецца будаваць у Глуску трохпакаёвыя арэндныя кватэры (апошнім часам будаваліся толькі адна- і двухпакаёвыя)? Так, магчыма, у наступным доме, які намерваюцца будаваць, калі будзе попыт, з’явяцца і кватэры большай плошчы, з трох пакояў.

Такія дыялогі з моладдзю, з маладымі сем’ямі, маладымі бацькамі карысныя і насамрэч патрэбныя, прычым для абодвух бакоў, напрыканцы сустрэчы заўважыў Аляксей Жураўлёў. Гэта магчымасць для жыхароў раёна напрамую задаць пытанне ўладзе, выказаць свае прапановы і ідэі, а для ўлады — магчымасць даведацца, чым жывуць людзі, што іх хвалюе, што займае іх думкі. Падзякаваўшы за змястоўную і прыемную сустрэчу, Аляксей Анатольевіч дадаў, што ён заўсёды адкрыты для дыялогу.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота Г. АЎТУХОВАЙ

Последние новости

Общество

Повышается зарплата работников бюджетной сферы

20 августа 2025
Читать новость
Общество

Меркаванне. Алег Дзячэнка: чаму Трамп патэлефанаваў Лукашэнку

20 августа 2025
Читать новость
АПК

На полях Глусского района

20 августа 2025
Читать новость
Власть

Нет никаких секретов. Лукашенко заявил о готовности сотрудничать с Ираном по широкому спектру направлений

20 августа 2025
Читать новость
АПК

Глусский район принимал каравай из зерна нового урожая

20 августа 2025
Читать новость
АПК

Аграрии Могилёвской области преодолели рубеж по намолоту миллиона тонн зерна нового урожая

20 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем