Аб такой рабоце марыла з дзяцінства

Работа медыка няпростая заўсёды, а працаваць па зменах, ды яшчэ з выездамі для аказання неадкладнай дапамогі, калі чалавек можа разлічваць толькі на твае веды і ўменні, — гэта цяжка. І ўсё ж наша суразмоўца, расказваючы пра сябе і сваю работу, паўтарае, што ёй менавіта такая спецыфіка па душы, іншага для сябе яна ўжо і не ўяўляе. Дарэчы, і ўсе, хто працуе ў гэтым аддзяленні зараз, таксама работнікі са значным стажам. “Людзі выпадковыя, — заўважае Жанна Уладзіміраўна, — у нас доўга не затрымліваюцца, затое ў тых, што засталіся, я ўпэўнена, і ў іх чалавечых якасцях, і ў прафесійных навыках”.
Увогуле ж паскардзіцца на ўмовы працы ў адзяленні хуткай медыцынскай дапамогі не могуць. Як зазначае Жанна Непачаловіч, кіраўніцтва бальніцы стараецца заяўкі гэтага аддзялення выконваць у першую чаргу. Тут поўная ўкамплектаванасць лекамі, ёсць уся патрэбная ім для работы медыцынская апаратура, створаны поўны запас прэпаратаў для работы ў надзвычайных сітуацыях, нядаўна атрыманы новыя ўкладкі (так называюцца сумкі) фельчара хуткай медыцынскай дапамогі, а само аддзяленне ўжо каля 7 гадоў размяшчаецца ў асобным памяшканні, камп’ютэрызавана месца дзяжурнага, ёсць пакой для адпачынку. Так што працуй. І яны працуюць, 12 фельчараў, 4 дыспетчары, 8 вадзіцеляў. З задавальненнем яшчэ прымуць у свой калектыў медыкаў, як пішуць у яб’явах, з жаданнем працаваць.
Што да гераіні нашага расповяду, то яна, плюс да ўсяго іншага, шчаслівая жонка і маці дзвюх дарослых дачок (малодшая вучыцца ў медінстытуце, старэйшая працуе ў Следчым камітэце Пухавіцкага РАУС). У вольны ад работы час любіць займацца кветкамі, як, дарэчы, амаль усе яе падначаленыя жанчыны-калегі. Магчыма, кветкі дапамагаюць ім пераключыцца ад людскога болю, якога так шмат бачаць медыкі, на штосьці прыгожае, дабаўляюць радасці ў жыцці. Спадзяёмся, блізкае прафесійнае свята таксама будзе спрыяць паляпшэнню іх агульнага настрою. Бо яно абяцае не толькі падзяку і віншаванні, але і заслужаныя ўзнагароды найбольш старанным членам калектыву. Сярод іх і старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Жанна Непачаловіч.
Т.ЛУКАШЭВІЧ
Фота С.РУДЗІНСКАГА