Для тых, хто працуе са словам

І гэта пацвердзілася ўнушальным спісам узнагарод, якія былі ўручаны асобным журналістам і цэлым рэдакцыям па выніках работы за 2012 год. Цырымонія іх уручэння праходзіла ў Магілёўскім філіяле Акадэміі музыкі Рэспублікі Беларусь. Нам прыемна зазначыць, што рэдакцыя Глускай раённай газеты “Радзіма” ў абласным спаборніцтве сярод рэдакцый дзяржаўных абласных, гарадскіх і раённых газет заняла другое месца. Дыплом рэдактару Ірыне Грамыка ўручыў губернатар Магілёўшчыны Пётр Руднік. Першае месца занялі нашы калегі з Бялынічаў, на трэцім — клімавіцкая рэдакцыя. Намінантаў у розных катэгорыях было шмат, іх таксама віншавалі кансультант упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязяў Міністэрства інфармацыі Анатоль Шычко, намеснік губернатара Валерый Малашка, старшыня абласной арганізацыі Саюза журналістаў Аляксандр Тарпачоў, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, прадстаўнікі іншых упраўленняў і камітэтаў, паколькі няма такой галіны народнай гаспадаркі, работа якой не асвятлялася б праз сродкі масавай інфармацыі, з кім бы не супрацоўнічалі журналісты раённых, абласных, гарадскіх газет, радыё і тэлебачання, уласныя карэспандэнты рэспубліканскіх выданняў. “У эпоху няспынных інфармацыйных войнаў і каляровых рэвалюцый праца журналістаў асабліва важная, — адзначыў Пётр Руднік. — Ад таго, пад якім соусам будуць пададзены факты, залежыць стабільнасць у грамадстве, без якой немагчымыя ніякія эканамічныя пераўтварэнні”. Вось чаму найбольш частымі пажаданнямі ў адрас журналістаў на гэтай цырымоніі былі пажаданні аб’ектыўнасці, аператыўнасці, праўдзівасці, грамадзянскай неабыякавасці і высокага прафесіяналізму.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота С. РУДЗІНСКАГА