Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Лідзе 6 і 7 верасня

Сяголета мерапрыемства прысвечана некалькім значымым датам: 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю выхаду ў свет кнігі “Апостал” Францыска Скарыны, а таксама юбілеям выбітных дзеячаў нацыянальнай літаратуры.
Дзень беларускага пісьменства адзначаецца ў нашай краіне з 1994 года і сяголета пройдзе ў 32-і раз. Прапіска свята штогод мяняецца: яно праводзіцца ў беларускіх гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, у старажытных цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання.
Ідэя правядзення такога свята ўзнікла пасля святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Першапачаткова дата святкавання была прымеркавана да дня выдання першай друкаванай беларускай кнігі — 6 жніўня 1517 года. З 1998 года Дзень беларускага пісьменства стаў адзначацца ў першую нядзелю верасня.
У рамках свята праходзіць міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. Гэтым разам яна стартавала 3 верасня ад Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску, а фінальнай кропкай маршруту будзе горад Ліда. Запланаваны шматлікія выставы, культурна-відовішчнае мерапрыемства “Дзень сярэднявечнай культуры ў Лідскім замку”, фестываль кнігі і прэсы, мабільная экспазіцыя “Наш абавязак — памятаць!” Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі
Вялікай Айчыннай вайны, інтэрактыўныя пляцоўкі, культурны марафон талентаў, майстар-класы, гастранамічны фестываль. Адной з галоўных падзей Дня беларускага пісьменства стане цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу Міністэрства інфармацыі і Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму сярод журналістаў СМІ на тэму ўборачнай кампаніі 2025 года “Хвала рукам, што пахнуць хлебам”.
Т. ЛУГАВАЯ