На гэтым тыдні Глускі раён з рабочым візітам наведаў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак

У рамках адзінага дня інфармавання Аляксандр Аляксеевіч сустрэўся з калектывам раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І такі выбар, мабыць, невыпадковы, бо ў свой час (з 2011-га па 2020 год) ён працаваў на пасадзе намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны, спецыфіку сацыяльнай работы ведае і разумее. Гаварылі пра адукацыю і навуку як рухаючую сілу развіцця грамадства і дзяржавы (гэта тэма адзінага дня інфармавання). Формай сустрэчы Аляксандр Румак выбраў размову, бо пытанне адукацыі блізкае і знаёмае кожнаму сучаснаму чалавеку, кожны дарослы прайшоў цераз гэта сам, прайшоў або праходзіць зараз са сваімі дзецьмі. Аляксандр Румак паведаміў, што сяголета ў вну краіны паступілі 48 тысяч 200 чалавек, з іх больш за 31 тысячу — на бюджэтную форму навучання. У свой час і ён, слухаючы словы бацькі, стараўся вучыцца, каб выбіцца ў людзі, прыкладаў намаганні і дзякуючы гэтаму стаў тым, кім з’яўляецца цяпер. Магчымасць вучыцца, атрымаць адукцыю ёсць у кожнага, падкрэсліў ён. Згодна з перапісам, у Беларусі пісьменнымі з’яўляюцца 99,9 працэнта чалавек (старэйшых за 15 гадоў), а ёсць краіны, дзе гэты паказчык значна ніжэйшы. Мы захавалі з савецкіх часоў, а цяпер і ўдасканалілі сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у нас высокі ўзровень якасці вышэйшай адукацыі, яна цэніцца і за мяжой, у прыватнасці, зараз у Беларусі вучыцца 34 тысячы замежных студэнтаў, найбольшай папулярнасцю ў іх карыстаюцца медыцынскія і інжынерныя спецыяльнасці.
Размову падтрымаў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Ласоцкі. Дзяржава шмат робіць для даступнасці і павышэння якасці адукацыі, сказаў ён, у Глускім раёне многа зроблена для ўмацавання матэрыяльнай базы дзіцячых устаноў, абнаўляюцца іх будынкі, з’яўляецца новае абсталяванне. Усе школы раёна ўжо гатовы да пачатку чарговага навучальнага года.
Так, дзяржава зацікаўлена ў выхаванні маладых талентаў, адзначыў Аляксандр Румак, як і ў развіцці навукі, таму што навука дапамагае развіццю асобных галін народнай гаспадаркі і краіны ў цэлым. У сучасным свеце без навуковай думкі немагчыма быць канкурэнтаздольнымі, зазначыў Аляксандр Румак і падкрэсліў, што Прэзідэнт пытанні адукацыі, развіцця навукі заўсёды трымае ў полі зроку.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей (Аляксандр Румак працуе на гэтай пасадзе з 2020 года) расказаў, што ў нашай краіне дзейнічаюць 25 канфесій і рэлігійных аб’яднанняў, больш за ўсё праваслаўных, потым па колькасці ідуць каталікі, ёсць евагнельскія хрысціяне пяцідзесятнікі, баптысты, адвентысты, іудзеі, ёсць нават крышнаіты і будысты. У Беларусі пражываюць людзі болей як 150 нацыянальнасцей, працуюць, выконваюць законы нашай дзяржавы, нікому не навязваюць сваіх поглядаў і перакананняў і адчуваюць сябе тут спакойна. У гэтым і заключаецца задача ведамства, якім зараз кіруе Аляксандр Румак, — весці работу так і так наладжваць стасункі, каб паміж прадстаўнікамі розных канфесій, розных нацыянальнасцей не ўзнікала канфліктаў, не было знявагі па веры ці нацыянальнасці, а былі мір, згода, узаемная павага. Мы ўсе розныя, але ўсе разам мы — народ Беларусі, нагадаў Аляксандр Румак словы Прэзідэнта краіны.
Падчас сустрэчы ў РЦСАНе гаварылі і пра асаблівасці сацыяльнай работы, яна няпростая, не заўсёды адпаведна цэніцца, але вельмі патрэбная, падкрэсліў Аляксандр Румак і арыентаваў сацыяльных работнікаў узаемадзейнічаць у тым ліку і з рэлігійнымі арганізацыямі, бо яны таксама вядуць сацыяльнае служэнне, і партнёрства будзе толькі на карысць справе.
На такое супрацоўніцтва ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей арыентаваў і свяшчэннаслужыцеляў — кіраўнікоў рэлігійных суполак і прыходаў, якія зарэгістраваны на тэрыторыі раёна. Сустрэчу з імі Аляксандр Румак таксама правёў у дзень свайго візіту ў Глуск, 19 жніўня. Яна прайшла ў раённым краязнаўчым музеі. На ёй прысутнічалі свяшчэннікі айцец Міхаіл Лазоўскі (прыход храма Богаяўлення ў Глуску Бабруйскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы), айцец Аляксандр Фёдараў (прыход храма святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна вёскі Гарадок Бабруйскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы), Канстанцін Карака (прыход святой Ганны ў Глуску Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы), Анатоль Сергіеня (релігійная суполка “Царква Божая любоў” у Глуску).
Гаварылі пра работу нядзельных школ на прыходах: з дзецьмі патрэбна працаваць, духоўнае выхаванне вельмі патрэбна. Як патрэбна і духоўнае настаўленне, падтрымка тым дарослым, хто знаходзіцца ў месцах зняволення, хто трапіў у алкагольную ці іншую залежнасць. Дзяліліся вопытам сацыяльнага служэння. У гэтай рабоце варта падтрымліваць сувязь з цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, з міліцыяй, працаваць з рознымі катэгорыямі людзей; тым, хто спатыкнуўся, паўшоў па няроўнай сцяжынцы, —дапамагаць вярнуцца да нармальнага жыцця. Гэта справа агульная, яна для ўсіх, падкрэсліў Аляксандр Румак.
Намеснік старшыні Глускага райвыканкама Анатоль Ласоцкі, які прымаў удзел у сустрэчах, падзякаваў Аляксандру Аляксеевічу за такі адкрыты і зацікаўлены дыялог, падзякаваў усім удзельнікам гэтай сустрэчы. Яна планавалася даўно, а з удзелам упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей прайшла найбольш прадуктыўна і цікава.




Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара