На памяць пра аднавяскоўцаў, загінуўшых у час вайны

Гэту памятную дошку каля могілак, пры самым уваходзе, мы заўважылі здалёк. Падышлі бліжэй: аж вось якая справа — на шыльдзе прозвішчы. Прозвішчы тых жыхароў вёскі, якія загінулі альбо прапалі без вестак падчас Вялікай Айчыннай вайны: салдат, партызан, мірных сяльчан. Вось як добра нехта прыдумаў паставіць такі знак! Але хто? Зацікавіла, бо і мой прадзед быў расстраляны за сувязь з партызанамі і ляжыць на гэтых кладах у Байлюках. Хуценька прабегла вачыма спіс: так, ёсць яго прозвішча.
Распытаўшы таго-сяго, даведаліся, што паставіў гэту невялікую стэлу ўраджэнец вёскі Байлюкі Сяргей Кіпель, а дапамог яму Аляксандр Налівайка, які жыве ў Мінску, а ў вёсцы мае дачу. “Калі быў школьнікам, уважліва чытаў спіс на помніку ў Клетным, там па вёсках пералічаны салдаты, партызаны і мірныя жыхары, што загінулі ў Вялікую Айчынную, — расказаў Сяргей Кіпель. — І яшчэ тады здзівіўся, што толькі адны нашы маленькія Байлюкі (а вёска ніколі не была вялікай у параўнанні з іншымі) “аддалі” вайне 39 чалавек! Думаеш пра гэту лічбу — і выразна разумееш, колькі страт панесла ўся наша краіна. А з цягам часу з’явілася думка паставіць памятную дошку з прозвішчамі загінулых каля кладоў у вёсцы. Саміх сяльчан засталося мала, а на могілкі прыязджаюць многія — пачытаюць спісы, успомняць, раскажуць дзецям і ўнукам. Гаварыў з мясцовымі жыхарамі, звярнуўся да кнігі “Памяць”… Дапамагчы мне вызваўся Аляксандр Налівайка, разам прыдумалі, як засцерагчы шыльду ад сонца і дажджу, прадугледзелі месца для кветак. Імкнуліся паспець да Радаўніцы і паспелі тыдні за два да яе”.
Вось так, усё проста і правільна, без пафасу і прэтэнзій на славу і падзяку, шчыра, ад душы. І вельмі своечасова, у год 80-годдзя Перамогі гэта стала яшчэ адной кропелькай у вялікай справе захавання памяці.
Скажу, што сярод былых байлюкоўцаў навіна пра памятную дошку разляцелася хутка, на Радаўніцу да яе падыходзілі, пакідалі кветкі, і ўсе пагаджаліся, што добрая справа зроблена, харошая.
Алена ВАЛОШКА, фота аўтара