На радасць сабе і людзям

— Па-сапраўднаму заняцца любімай справай змагла толькі пасля выхаду на пенсію, — кажа Людміла Паўлаўна. — Шмат з’явілася вольнага часу, і бавіць яго дарма не стала. Для душы вырошчваю ружы, якіх у кветніку зараз больш за пяцьдзясят. Чаранкую сама, таму яны атрымліваюцца такія пышныя і нават раскошныя. З ахвотай займаюся таксама іншымі кветкамі. Стараюся ствараць кампазіцыі, каб вока радавалі і сэрца супакойвалі. Але што б я адна змагла без дарадчыка і памочніка — майго мужа, які ва ўсім мяне падтрымлівае і дапамагае.
Пра тое, што Алег Барысавіч прымае самы непасрэдны і актыўны ўдзел у стварэнні хараства вакол дома, шмат гаварыць не трэба. Яго рук драўляныя скульптуры, буслы ў гняздзе, шыкоўныя пальмы і кветкі з пластыкавых бутэлек — усё гэта эстэтычна ўпісалася ў агульны пейзаж агародчыка. Дарэчы, не адзінымі кветкамі жыве гэта сям’я. Людміла Паўлаўна яшчэ і спраўная і запаслівая гаспадыня. На акуратна пасаджаных градках у яе растуць цыбуля, агуркі, памідоры… Словам, усё тое, што дазволіць падтрымаць харчовую бяспеку сям’і зімой.
Апавядаючы пра Карпачовых, нельга абысці маўчаннем і той факт, што гаспадыня з аднолькавым поспехам і майстэрствам праяўляе свой талент і ў вязанні. Упершыню яе работы давялося пабачыць падчас пасяджэння клуба “Залатыя гады”, створанага пры Завалочыцкім СДК. Вязаныя кофты, світары з мудрагелістымі ўзорамі, ды такімі, што вачэй не адвесці. Менавіта вязанне становіцца яе зімовым хобі, якое не дае сумаваць і ад якога яна таксама атрымлівае маральнае задавальненне.
Вольга ЧУЧВАЛ
Фота аўтара