Темы

Погляд на праблемы азелянення і не толькі на іх

Погляд на праблемы азелянення і не толькі на іх

Нечаканы паварот і больш шырокае, чым планавалася, развіццё тэмы атрымаў адзін са званкоў у рэдакцыю, якіх, па праўдзе сказаць, нам паступае нямала. На першы погляд, погляд званіўшага, усё выглядала даволі проста: па вуліцы Кірава трэба спіліць засохлае пахіленае дрэва, а ў двары дома 43 яшчэ два дрэвы, бо адно расце зусім блізка ад дома, другое ж прыцягвае маланкі. Заўвага з маланкай некалькі насцярожыла, аднак разбірацца вырашылі ва ўсім па парадку. 

Для пачатку каля таго самага пахіленага дрэва сустрэліся з майстрам па ўтрыманні зялёных насаджэнняў УКП “Жылкамгас” Алай Галамакай. Аказалася, што не ўсё так адназначна: ліпка і насамрэч засыхае, але лісце на ёй зялёнае, значыць, дрэва яшчэ жывое, а таму спіліць яго зараз, у перыяд гнездавання птушак, нельга. Нельга да 15 кастрычніка спіліць па гэтай жа прычыне і другое дрэва — каштан, што расце ўсяго ў якім метры ад сцяны шматпавярховага дома. Дрэва гэта высокае, прыгожае, разгалістае, але яго карані ўжо ўзнялі і зламалі адну з бетонных плітак дарожкі, прыўзнялі адмостку каля фундамента, таму спіліць яго, хутчэй за ўсё, давядзецца, бо, акрамя ўсяго гэтага, да сцяны дома не зможа пад’ехаць спецтэхніка для правядзення рамонтных работ.
— Шкада, прыгожы каштан, птушак збіраецца на ім шмат, шчабечуць весела, — гавораць жыхары дома.
— Шкада, — пагаджаецца майстар па ўтрыманні зялёных насаджэнняў Ала Леанідаўна, — аднак калі яго гадоў дваццаць —трыццаць таму назад нехта садзіў на гэтым месцы, патрэбна было прадбачыць, што тонкай трысцінкай каштан заставацца не будзе, што ён вырасце і такое блізкае суседства з будынкам створыць нямала праблем. І ўвогуле, садзіць дрэвы можна не бліжэй чым за тры — пяць метраў ад будынка — такая норма. Пры гэтым трэба пакідаць магчымасць пад’езду да будынка спецыяльнай тэхнікі, абавязкова ўлічваць пракладзеныя камунікацыі, каб не пашкодзіць іх, таму азеляненне сваёй дваровай тэрыторыі (гаворка ідзе пра пасадку дрэў) трэба ўзгадняць з адпаведнымі службамі.
Зрэшты, як сказалі нам жыхаркі дома № 43, калі яны садзілі чарнаплодную рабіну, то атрымалі дазвол ад газаўшчыкоў і пасадзілі кусты там, дзе ім сказалі спецыялісты. Трэба зазначыць, што двор гэтага дома сапраўды шчодра ўпрыгожаны рознымі зялёнымі насаджэннямі, тут і кветкі, і кусты, і хваёвыя, і лісцевыя пароды. Сярод іх найбольш прыкметнае дрэва — той самы дубок, у які быццам бы так і цаляе маланка (ды так ні разу і не пацэліла). Тут можна толькі пасмяяцца ды развесці рукамі: калі так, то трэба паспільваць усе адзінокія дрэвы, а пад гэту марку з імі заадно і альтанкі з завостранымі дахамі, і яшчэ шмат чаго, куды ў прынцыпе можа ўдарыць маланка. Не, шаноўныя, гэта несур’ёзна, скажу я як абывацель. “Гэта незаконна, — пацвярджае і прадаўжае думку спецыяліст па ўтрыманні зялёных насаджэнняў “Жылкамгаса” Ала Галамака, — спіліць малады здаровы дуб ніхто не дазволіць, з пілой або сякерай да такога дрэва можна падыходзіць толькі з дазволу прыродаахоўнай службы (а яна яго не дасць)”. Так што пакіньце нават такую думку — няхай расце свой дубок у двары, нехта ж яго пасадзіў у свой час. Спіліць дрэва хутка, а вось пасадзіць ды вырасціць займае зна-ачна больш часу.


— Мне заўсёды шкада піліць дрэвы, — прадаўжае нашу гаворку Ала Галамака, калі мы выходзім з ёй на вуліцу Кірава. — Пілім толькі сухія, старыя і аварыйныя. Дык што некаторыя прыдумалі? Калі мы не бяромся піліць тое ці іншае дрэва, якое быццам ім перашкаджае, бяруць ці падліваюць чым-небудзь, ці здымаюць кару, каб яно засохла, і тады мы вымушаны спільваць дрэва. Не разумею такіх людзей.
Як зазначыла мая суразмоўца, у гэтым годзе сіламі “Жылкамгаса” ўжо спілены чатыры дрэвы па Камсамольскай вуліцы, дзве сухія таполі па Кірава, каля 10 старых дрэваў у сельскай мясцовасці. Яшчэ будуць піліць па цэнтральнай гарпасялковай вуліцы, па Рэвалюцыйнай і Максіма Горкага. Але значна больш у “Жылкамгасе” садзяць дрэваў: вясной гэтага года іх было пасаджана 65.
— І амаль усе нашы саджанцы прыжыліся, — радуецца Ала Галамака, аднак тут жа з абурэннем дадае: — Ды некаму зноў гэта не спадабалася ці перашкодзіла — некалькім маладым дрэўцам зламалі верхавінкі. Не буду грашыць толькі на моладзь, бо, да прыкладу, кветкі з клумбаў, што садзім на вуліцах, выкапваюць зусім дарослыя і, на першы погляд, самастойныя жанчыны.
Так, слухаеш усё гэта, глядзіш і думаеш: каб камунальнікам не даводзілася па некалькі разоў перасаджваць тое, што мы павыкапвалі, рамантаваць тое, што паламалі, спільваць тое, што падлілі і засушылі, прыбіраць там, дзе мы кідаем прама сабе пад ногі; каб усе гаспадары самі, а не толькі тыя, што жывуць у завулках і на ўскраінах, ставілі, фарбавалі сабе платы і касілі каля іх траву, — значна больш парадку, прыгажосці і розных зручнасцяў можна было б зрабіць на вуліцах і ў грамадскіх месцах. А пакуль за намі патрэбна ўвесь час падбіраць, падціраць, падчышчаць і падфарбоўваць, будзем задавольвацца тым наборам і той якасцю камунальных паслуг, якія маем, хадзіць па тых дарожках, па якіх ходзім, ісці на рэчку праз той парк, у які і ступіць ужо страшна. Вось такія думкі-абагульненні нарадзіліся падчас работы па званку, які паступіў ад прыватнай асобы з прыватным поглядам на праблемы азелянення.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота
Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Образование

Сдавать на весь учебный день. Минобразования о мобильниках в стенах школы с 1 сентября

6 мая 2025
Читать новость
Общество

Глуске прошел велосипедно-самокатный пробег, посвященный Дню Победы

6 мая 2025
Читать новость
Власть

Указом Президента дополнены виды государственной финансовой поддержки

6 мая 2025
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Памяти много не бывает. 15 лет назад на Мыслочанской горе был установлен памятник жертвам Холокоста

5 мая 2025
Читать новость
Здоровье

Со знаком особого отличия. Нина Лисица удостоена звания «Отличник здравоохранения»

5 мая 2025
Читать новость
Общество

Последствия непогоды в Могилёвской области

5 мая 2025
Читать новость