Раённай газеце “Радзіма” 7 лістапада спаўняецца 95 гадоў

Так, паважаныя чытачы, нашай і вашай раённай газеце “Радзіма” 7 лістапада спаўняецца 95 гадоў. Узрост, пагадзіцеся, салідны, не шмат мясцовых арганізацый і ўстаноў могуць пахваліцца такім багатым жыццёвым вопытам. І якія гэта былі часы?! Трыццатыя гады актыўнай калектывізацыі, вогненнае ваеннае ліхалецце, галодны і цяжкі перыяд аднаўлення разбуранай гаспадаркі, ціхі застой эпохі развітога сацыялізму, перабудова і разбурэнне вялікай дзяржавы, кароткі, але ліхі перыяд пачатку дзевяностых, станаўленне суверэннай Беларусі.
Усё гэта знаходзіла сваё адлюстраванне на старонках раённай газеты, зразумела, з улікам раённага ж маштабу. Менавіта маштабам адрозніваюцца раённыя газеты ад цэнтральнай прэсы, як і жыццё людзей у раённым цэнтры, раёне адрозніваецца ад жыцця сталічных жыхароў.
А вось жыццёвыя інтарэсы і накірункі дзейнасці ў нас аднолькавыя.
Прымаючы гэта як факт, журналісты “Радзімы” ніколі не вынаходзілі наноў веласіпеда і не імкнуліся нікога сабой падмяняць, а заўсёды стараліся як мага больш поўна адпавядаць свайму статусу і займаць сваё дастойнае месца ў нішы рэгіянальнай прэсы.
Ва ўсе часы з кожнай старонкі раёнкі на чытача глядзелі і глядзяць знаёмыя яму твары яго землякоў, у кожным матэрыяле — знаёмыя імёны і назвы. Калі газета згадвае мінулае, то гэта мінулае нашага краю, пачэрпнутае з успамінаў землякоў — жывых сведкаў і актыўных будаўнікоў таго даўнейшага жыцця. Калі піша пра спартыўныя, працоўныя, творчыя поспехі,
то побач з добра вядомымі ўсім героямі будзе названа і новае імя, імя чалавека, які заслужыў, каб яго ведалі землякі. Мы, сённяшнія раёншчыкі, як і нашы паважаныя папярэднікі, вельмі любім адкрываць новыя імёны і знаходзіць новыя адрасы поспеху, бо разумеем, што людзей абнадзейваюць не словы-абяцанні, а канкрэтныя крокі і прыклады, прыклады з нашага местачковага жыцця. Акцэнт менавіта на мясцовыя з’явы і падзеі з’яўляецца вызначальным для рэдакцыі нашай раённай газеты пры выбары тэм і герояў публікацый. Такіх матэрыялаў і такіх фотаздымкаў, як у раёнцы, наш чытач не знойдзе ні ў якой іншай газеце. І не таму, што яны надта добрыя або надта дрэнныя, а таму, што яны ўсе — пра яго жыццё, пра яго сваякоў, сяброў, суседзяў, пра жыццё яго маленькай радзімы.
Раённая газета са сваім раёнам і са сваімі чытачамі прайшла, пражыла слаўныя 95 гадоў. Мы былі і застаемся разам, спадзяёмся, так будзе і далей.
А сёння, напярэдадні нашага агульнага важкага юбілею, мы кажам вялікі дзякуй усім, хто ў розныя гады працаваў у газеце. Асабліва цёплыя словы шлём нашым калегам — ветэранам калектыву: Навуму Барысавічу Сандамірскаму, Ларысе Мікалаеўне Канашэвіч, Вользе Мікалаеўне Чучвал, Таццяне Нікіфараўне Рудзько.
Дзякуем і нашым пазаштатнікам, хто дасылаў і зараз дзеліцца сваімі навінамі і тым самым дапамагае нам, па-сучаснаму кажучы, ствараць цікавы і карысны кантэнт.
Хочацца звярнуцца да ўсіх нашых чытачоў-падпісчыкаў, дзякуй, што, нягледзячы на найноўшыя безлічоныя крыніцы інфармацыі, вы застаяцеся з намі, з нашай і вашай “Радзімай”.
Хай яе далейшы шлях будзе цікавым і багатым на добрыя падзеі і навіны.
“Радзімаўцы”