Темы

Сеяць разумнае і прыгожае. Настаўніца гімназіі Глуска Ірына Касцюкевіч

Сеяць разумнае і прыгожае. Настаўніца гімназіі Глуска Ірына Касцюкевіч

Апошні год прынёс настаўніцы гімназіі Глуска Ірыне Касцюкевіч асабліва прыкметныя поспехі. Але ж і патрабаваў асабліва напружанай працы.

Цюльпаны, ружы, лілеі — яе любімыя кветкі, і з вясны да восені двор патанае ў іх прыгажосці і водары. А ў доме — архідэі, радуюць гаспадыню цёмнымі зімовымі вечарамі, даюць адпачынак душы і сэрцу…

Мая гераіня — не кветкавод, яна настаўніца, сейбіт прыгожага і разумнага ў дзіцячых душах і сэрцах. Ірына Іванаўна Касцюкевіч выкладае беларускую мову і літаратуру ў гімназіі, а да гэтага шмат гадоў працавала ў Каткаўскай школе.

У галіну адукацыі, згадвае Ірына Іванаўна, яна прыйшла амаль выпадкова — па запрашэнні тагачаснага дырэктара Каткаўскай школы Жанны Уладзіміраўны Грабко. Яна прапанавала сваёй былой вучаніцы месца піянерважатай: улічыла, што ў той за плячыма не толькі сельгастэхнікум (як бачым, да педагогікі і сапраўды ніякіх адносін), але і музычная адукацыя. Так, Ірына Іванаўна, хоць і жыла ў сяле і вучылася ў сельскай школе, ездзіла ў Глуск у музычную школу. Ужо працуючы піянерважатай, пасля педагогам-арганізатарам, Ірына Касцюкевіч закончыла ўніверсітэт імя Куляшова. Беларускую мову і літаратуру выбрала, згадвае, пад уплывам свайго класнага кіраўніка Антона Сямёнавіча Бандарэнкі, іменна ён, з яго вобразнай сакавітай мовай, з уменнем зацікавіць вучняў, прывіў любоў да роднага слова.

Думаю, не пакрыўдзіцца на мяне Ірына Іванаўна, калі я скажу, што яна з тых людзей, каго ў лепшым сэнсе гэтага слова завуць апантанымі. Возьмем толькі апошні год: паспяховы асабісты ўдзел ў абласным конкурсе метадычных распрацовак, паспяховы ўдзел вучня ў Міжнароднай моладзевай навукова-практычнай канферэнцыі, другое месца на абласной алімпіядзе і выхад на рэспубліканскі этап… І гэта, так бы мовіць, самыя гучныя дасягненні. За імі і іншымі, вялікімі і малымі, дасягненнямі — паўсядзённая няспынная праца.

Як зацікавіць вучняў, калі беларускую мову яны чуюць рэдка і далёка не ўсе словы разумеюць? Як падтрымліваць гэту цікавасць? Як знайсці баланс паміж строгасцю і дабрынёй? Паміж зразумелым настаўніцкім імкненнем усё пракантраляваць і даверам да вучня? Як намацаць правільную лінію паводзін, калі твой вучань — ён жа і твой сын? Як дапамагчы дзіцяці пераадолець страх перад няўдачамі? І як за ўсімі гэтымі клопатамі і задачамі знаходзіць час для сябе, на самаадукацыю, на чытанне любімых кніг, урэшце, на нейкія жаночыя дробязі? Пра ўсё гэта мы гаварылі з Ірынай Іванаўнай, і ўсё гэта заняло б не адну старонку ў газеце, таму пастараюся акрэсліць некалькі прынцыпаў, якія настаўніца лічыць самымі важнымі.

Па-першае, дзіця нельга застаўляць. “Трэба прасіць:  а давай пачытаем, а вось паглядзі тут, — гаворыць мая субяседніца, — часам можна ісці нават на хітрыкі (а вось у гэтай кнізе так цікава расказваюць пра тое і пра тое…)”. Па-другое, дзіцяці трэба давяраць. “Часам высвятляецца, што яны, нашы вучні і нашы дзеці, больш самастойныя, больш разважлівыя, больш дасціпныя і дасведчаныя, чым мы пра іх думаем, — кажа настаўніца. — Пра гэта неабходна памятаць заўсёды”.

Адным з важных складнікаў паспяховай работы Ірына Касцюкевіч называе сістэматычнасць у занятках, няважна, гэта падрыхтоўка да раённай алімпіяды ў пятым класе ці да рэспубліканскай алімпіяды ў дзявятым. “З першага верасня, патрошку, па крупінцы, але рэгулярна”, — так вучыць настаўніца сваіх вучняў. Пры гэтым на кожным занятку можа пры неабходнасці знайсціся месца імправізацыі і адступленню ад плана.

 Між іншым, і сам план урока не можа паўтарацца: нельга ўзяць на ўрок мінулагодні канспект. “Зразумела, што за столькі часу ўжо назапашана нямала напрацовак, але кожны клас — розны, нават “А” і “Б”, ідучы на ўрок, я ведаю: у гэтым класе я скажу такія словы, а ў другім — інакшыя”, — расказвае Ірына Іванаўна.

Так атрымалася, што сяголетні алімпіяднік Ірыны Касцюкевіч, які заняў 2-е месца ў абласным туры і рыхтуецца да рэспубліканскага, — гэта яе малодшы сын Сцяпан. Але ўсё вышэйсказанае адносіцца і да яго, сярод іншых вучняў мама яго ніяк не вылучае, магчыма, падыход нават больш строгі: для заняткаў час знаходзіцца і ранкам, і ўвечары, і ў выхадны дзень. Апроч таго, Ірына Іванаўна ўдзячна першай настаўніцы яе Сцяпана: Людміла Уладзіміраўна Турлыка знайшла падыход да хлопчыка і з пачатковых класаў дала яму правільны накірунак. Ён кожны год удзельнічаў у алімпіядах па беларускай мове і быў сярод першых. А штуршком, той мяжой, якая канчаткова пераканала хлопца ў яго сілах, стаў удзел у інтэлектуальнай гульні “Я ведаю”. Сцяпан, згадвае Ірына Іванаўна, не прапусціў ніводнага выпуску, а ў 7-м класе дырэктар Каткаўскай школы Сяргей Мікалаевіч Кіпель прапанаваў яму прайсці адбор. Так Сцяпан Касцюкевіч стаў першым з нашага раёна ўдзельнікам гэтай тэлегульні. “Таму нельга казаць, што сяголетні поспех на алімпіядзе — толькі мая заслуга”, — гаворыць настаўніца.

Удзячна Ірына Іванаўна і дырэктару гімназіі, які крыху болей за год назад запрасіў яе на працу. “Я тады, па-першае, моцна здзівілася, а па-другое, крыху і баялася: ёсць жа розніца, што тры-пяць вучняў у класе і ты ведаеш іх саміх з маленства, іх бацькоў, іх бабуль, а што ў класе больш за дваццаць незнаёмых вучняў…” — прызнаецца мая гераіня. Але што ні кажы, гімназія ў райцэнтры здольная даць нашмат больш, чым сельская школа, магчымасцей раскрыць настаўніцкі патэнцыял. Ірына Іванаўна не згубілася ў вялікім калектыве, наадварот: у гімназіі ёю ганарацца. Дарэчы, дадам яшчэ адну рыску да партрэта маёй гераіні. Для вучняў, што паедуць на рэспубліканскую алімпіяду, ладзяцца зборы ў абласным цэнтры, падчас якіх настаўнікі, пераважна магілёўскія, праводзяць заняткі. Дык вось сёлета сярод гэтых настаўнікаў была і Ірына Іванаўна Касцюкевіч: на працягу тыдня кожны дзень яна давала па шэсць урокаў. А не так даўно Ірына Іванаўна была адзначана Ганаровай граматай аблвыканкама. На маю думку, цалкам заслужана.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Последние новости

Общество

Трава должна быть не выше 20 см, стройматериалы во дворе сложены. Что еще изменилось в правилах благоустройства?

31 мая 2025
Читать новость
Общество

Почетной грамотой Глусского райисполкома награжден начальник районной энергогазинспекции

31 мая 2025
Читать новость
Актуально

Есть проблемы с электричеством — обратитесь в Госэнергогазнадзор

30 мая 2025
Читать новость
Общество

Патриотический велопробег состоялся в СШ № 1 Глуска

30 мая 2025
Читать новость
Общество

Пожары: причины и профилактика

30 мая 2025
Читать новость
Общество

На памяць пра аднавяскоўцаў, загінуўшых у час вайны

30 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем