Тут рады бачыць вас

У сераду, 21 жніўня, у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, так званым “ірландскім доме”, адбыўся дзень адчыненых дзвярэй. Тыя, хто прыйшоў сюды, мелі магчымасць пазнаёміцца з арганізацыяй работы ў аддзяленні, вырабамі яго наведвальнікаў, атрымаць індывідуальную кансультацыю спецыяліста-псіхолага. Таксама быў нала-джаны канцэрт народнага ансамбля “Вярбічанька” Клетненскага дома культуры. Ды з такімі заліхвацкімі нумарамі, што адна з бабуль, якая сядзела сярод гледачоў, заявіла: “Прыйшла сюды з радыкулітам, а ўжо і спіна вось не баліць”.
На сённяшні дзень аддзяленне пастаянна наведваюць 30 чалавек, тут працуюць 4 гурткі розных накірункаў, клуб “Надзея”. У бліжэйшым будучым плануецца адкрыць працоўную майстэрню па ламініраванні.
Прыходзіць у аддзяленне дзённага знаходжання могуць тыя, каму споўнілася 18 гадоў і хто знаходзіцца ў працаздольным узросце. Але супрацоўнікі запрашаюць да сябе і людзей, якія ўжо выйшлі на пенсію: вядома, што ў іх з’яўляецца шмат вольнага часу, да якога яны пакуль не прывыклі, і гэта бывае цяжка псіхалагічна. Дык вось у “ірландскім доме” заўсёды можна знайсці занятак па душы, за якім можна бавіць свой час. Прыходзьце — вам тут будуць рады.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота С. РУДЗІНСКАГА