Юбілейны школьны дзень

Сапраўды, сваё новае пяцідзесяцігоддзе школа №2 сустракае шмат у чым абноўленай. Як зазначыла ў сваім прывітальным слове дырэктар школы Святлана Лісіца, гэтым летам установа ператварылася ў сапраўдную будаўнічую пляцоўку. Дзякуючы фінансавай падтрымцы раённага выканаўчага камітэта і спонсараў, атрымалася адрамантаваць мяккі дах, зрабіць новы прыгожы ганак, у памяшканні з’явіліся санвузлы, у класах новыя дзверы, істотна абнавілася спартыўная зала, а пры дапамозе бацькоў папрыгажэлі, пасвяжэлі кабінеты і калідоры. У школу прыйшлі новыя настаўнікі, першы раз у гэтым годзе тут за парты сеў 21 першакласнік. Для гэтага юбілейнага года сімвалічна, што ў ВНУ паступілі роўна 50 працэнтаў выпускнікоў, а ўвогуле пайшлі вучыцца або працаўладкаваліся ўсе, хто сяголета скончыў школу №2.
І добры выгляд школы, і поспехі яе вучняў — залог таго, што і ў новым пяцідзесяцігоддзі ўстанова будзе ў ліку лепшых устаноў адукацыі раёна. А сяголетнія будаўні-чыя пераўтварэнні — толькі пачатак, запэўніў прысутных старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Дымша. Раённая ўлада і далей будзе падтрымліваць гэту адну са старэйшых школ раёна.
І сапраўды, яе гісторыя каранямі ідзе значна глыбей, чым на пяцьдзясят гадоў назад, як установа другая школа з’явілася ў Глуску ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, і гэты навучальны год — дзевяносты ў яе гісторыі, таму і падарункаў было шмат: ад раённага выканаўчага камітэта спартсмены школы атрымалі новы тэнісны стол, ад шэфскай гаспадаркі СВК “Дружба” яе старшыня Аляксандр Ківель падарыў відэакамеру, а ад ПМК-86 школа атрымала новы сінтэзатар “Ямаха”. Да віншаванняў вучням і настаўнікам школы з Днём ведаў далучыўся таксама намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Магілёўскага аблвыканкама Мікалай Антусаў, пры гэтым зазначыў, што грамадству сёння патрэбны не толькі спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, але і граматныя, добра падрыхтаваныя працаўнікі, дастойныя грамадзяне краіны. Адметна, што ў рамках акцыі “Я — грамадзянін краіны” вучні, якім споўнілася 16 год, атрымалі падарункавыя наборы кніг, а кожнаму першакласніку быў уручаны падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі кніга “Беларусь — наша Радзіма”.
Але і на гэтым падарункі і віншаванні не скончыліся: салодкімі пачастункамі школа падзякавала дзвюм сваім футбольным камандам за 2 і 3 месцы ў раённым турніры на прызы райвыканкама. Захоўваць і прадаўжаць ідэалы дабра, праўды і любові — такое пажаданне вучням і першакласнікам 2012 года выказала ў сваім прывітальным слове былая першакласніца 1962 года, а цяпер настаўнік другой школы Вольга Чымбург. А потым вясёлы і залівісты першы званок абвясціў пачатак новага, 51-га вучэбнага года. Няхай і тут, і ва ўсіх навучальных установах раёна ён будзе цікавым, плённым, з пошукамі і адкрыццямі, з сустрэчамі і знаёмствамі, няхай усім падорыць радасць ведаў.
Т.ЛУКАШЭВІЧ
Фота С.РУДЗІНСКАГА