Глушчына. Ад вызвалення да Перамогі

Працяг. Папярэдняя частка ў № 60
У чарговым выпуску праекта “Глушчына. Ад вызвалення да Перамогі” прадаўжаем гартаць перыёдыку і расказваем, чым жыў наш раён у 1944—1945 гадах. Сёння чарговы аповед пра люты 1945-га.
Газета “Звязда” 14 лютага надрукавала заметку пра спартыўнае спаборніцтва ў Бабруйскай вобласці:
“У раёнах Бабруйскай обласці закончылася двухдзённае спаборніцтва фізкультурнікаў па 10-кілометраваму маршу, стральбе, страявой падрыхтоўцы і бегу. Першае месца ў спаборніцтве на лыжным маршы і па трохбор’ю заняла каманда горада Бабруйска. Яна зрабіла 10-кілометравы лыжны марш за 56 мінут 30 секунд. Другое месца заняла каманда фізкультурнікаў Глускага раёна…”
“Соцыялістычная вёска” ў нумары за 23 лютага паведамляла (аўтар Трыфанаў), што “каманда раёна прымала ўдзел у абласных спаборніцтвах байцоў усевобуча і заняла другое месца. У індывідуальных лыжных спаборніцтвах першае месца па обласці заняў баец усевобуча каманды нашага раёна Раманоўскі, які дзесяцікілометровую дыстанцыю прайшоў за 40 мінут”.
У абласной газеце “Совецкая Радзіма” 16 лютага выйшла нататка такога зместу: “За апошні час у Глускім Доме соцкультуры з вялікім поспехам (неразборліва) самадзейны калектыў сярэдняй школы № 2 горада Глуска. Да дня Чырвонай Арміі калектыў рыхтуе вялікую праграму. Драматычны гурток працуе над пастаноўкай вадэвіля “Когда сердце говорит”. Хор, якім кіруе педагог школы тав. Нікіціна, развучвае новыя песні совецкіх кампазітараў аб доблесці і мужнасці воінаў Чырвонай Арміі. Рознастайную праграму пакажуць удзельнікі балетнага гуртка”.
У наступным нумары “Совецкай радзімы”, 18 лютага, выйшла некалькі матэрыялаў пра Глускі раён. Адзін з іх, за аўтарствам А. Марціновіча, называецца “У калгаснай кузні” і расказвае пра працаўнікоў калгаса “Трэці рашаючы” (Барбарова) — каваля П. Лугіна і стэльмаха З. Кушаля. (Стэльмах — майстар, які робіць калёсы, сані.) Шкада, хоць і цалкам зразумела, што ў тагачасных газетах амаль не было фатаграфій.
Аўтар матэрыяла піша: “…Мала засталося інвентара, — гаворыць тав. Лугін. — Усё знішчылі фашысты. Вось да вайны ў нас было звыш 40 плугоў, 55 боран, 5 культыватараў конных і тры трактарных, 4 конных радковых сеялкі, 2 поўскладаныя малатарні, 3 прывадныя і шмат іншага інвентара. Зараз патрэбна ўсё рабіць спачатку.
І тав. Лугін з усёй адказнасцю ўзяўся за работу. Для паспяховага правядзення ўборкі ўраджаю ён адрамантаваў 15 вазоў, зрабіў новых 100 сярпоў, нарыхтаваў дастатковую колькасць віл, кос і іншага сельскагаспадарчага інвентара…”
Таксама аўтар адзначае, што калгасная кузня зрабіла вялікую работу па рамонце лесанарыхтоўчых інструментаў, высокаякасна рыхтуе да веснавой сяўбы сельскагаспадарчы інвентар. Таксама каваль разам з памочнікамі абавязаўся ў парадку ўзаемадапамогі адрамантаваць да вясны ўвесь сельгасінвентар суседняму калгасу “Чырвоны маяк” (дзейнічаў у Баянаве), які не меў свайго каваля.
“Добра працуе калгасны стэльмах тав. Кушаль З., — таксама гаворыцца ў нататцы. — Ён паспяхова рамантуе драбінкі вазоў, выточвае новыя трубкі для колаў, нацягвае абады. Ён ужо зрабіў звыш 20 новых колаў”.
Для адраджэння народнай гаспадаркі патрэбен быў не толькі адрамантаваны інвентар — не хапала кадраў.
У нумары за 20 лютага “Совецкая Радзіма” паведамляла, што пры Глускім райземаддзеле пачалі працаваць курсы па падрыхтоўцы спецыялістаў сельскай гаспадаркі, разлічаныя на два месяцы і забяспечаныя высокакваліфікаванымі выкладчыкамі. “Яны падрыхтуюць брыгадзіраў — паляводаў і жывёлаводаў, ветсанітараў, пчолаводаў, садаводаў, загадчыкаў жывёлагадоўчых і птушкаферм… Акрамя лекцый на спецыяльныя тэмы, курсанты будуць вывучаць “Кароткі курс гісторыі ВКП(б)”, кнігу таварыша Сталіна “Аб Вялікай Айчыннай вайне Совецкага Саюза”, даклад таварыша Сталіна аб 27-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай Соцыялістычнай Рэволюцыі і рад іншых матэрыялаў”, — пісаў аўтар А. Марціновіч.
Падшыўкі гартала А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Працяг будзе