Вёска Цяснова
Сваім гістарычным мінулым вёска Цяснова вядома з XIX стагоддзя. Паводле кнігі “Памяць”, у 1858 годзе яна ўваходзіла ў склад Глускай воласці Бабруйскага павета і называлася сяло Цясноў. Амаль праз чатыры дзясяткі гадоў гэта ўжо быў фальварак Цяснова (ён жа Вялікая Цесна), які налічваў 4 двары і 22 жыхары. Вёскай стала называцца з 1917 года. На той час у 42 хатах пражывала 268 чалавек. У 1931 годзе тут быў арганізаваны калгас “Баявік”, які ў 1936 годзе меў452 гектарысельгасугоддзяў і аб’ядноўваў 40 гаспадарак.
Яшчэ дваццаць гадоў таму ў вёсцы ў 40 дамах жылі 93 чалавекі. Мясцовыя жыхары ўспамінаюць тыя дні з настальгіяй. За гэты невялікі прамежак часу насельніцтва Цяснова скарацілася больш чым утрая. У асноўным жывуць тут састарэлыя людзі, прычым жанчын удвая больш, чым мужчын. Працаздольных засталося ўсяго восем чалавек, і ўсе мужчыны. Гаспадарку ўжо мала хто трымае. З жыўнасці ў сяльчан толькі куры, свінні ды на двух падворках па кані. А вось колісь…
Менавіта часы даўно мінулыя зрабілі вёску адметнай ад іншых. Яшчэ перад Вялікай Айчыннай вайной цясноўцы з Кіева-Пячэрскай лаўры, пераадолеўшы пешшу сотні кіламетраў, прынеслі ікону “Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы”, якую набылі на сабраныя вяскоўцамі грошы. На такі вялікі шлях — ажно ў Кіеў — адважылася група мужчын. Ікона стала самай дарагой святыняй для вёскі і з таго часу ахоўвае яе жыхароў. А яно на самой справе так і ёсць. Сяльчане ўпэўнены, што менавіта Прасвятая Багародзіца зберагла на вайне большую частку цясноўскіх мужчын ад куль, і яны вярнуліся дадому жывыя і здаровыя. Другія цудадзейныя выпадкі з жыцця, якія, магчыма, таксама звязаны з паяўленнем іконы ў вёсцы, расказаў нам Міхаіл Фёдаравіч Грамыка.
— На пачатку вайны мне было амаль дзесяць гадоў, таму некаторыя эпізоды свайго дзяцінства памятаю добра. Асабліва ў памяць урэзаліся два з іх, калі я стаяў на мяжы жыцця і смерці. У Цяснова прыйшлі паліцаі, і трое з іх размясціліся ў нашай хаце. Адзін з іх, камандзір узвода, расстраляў сям’ю ў Трайчанах, а хату спаліў. Пра гэты выпадак расказаў яго сябар, таксама паліцай. Маці мая не стрымалася і выказалася: “Няўжо ў яго не задрыжала рука, калі страляў у мірных людзей?” Пра словы маці данеслі камандзіру ўзвода, на што ён прамовіў: “Калі буду ад’язджаць адгэтуль, спытаю ў яе, ці не задрыжыць мая рука, калі стану расстрэльваць яе сям’ю”. Яно б, можа, так і было, але нейкая сіла абараніла нас ад гібелі. Паліцай не расстраляў нас, а пацярпеў сам, ад свайго ж ружжа. Нешта там здарылася, што ружжо дало аддачу, вырвала затвор і параніла самога паліцая. Пазней яго сябар скажа: “Вы шчаслівыя, што вас не расстралялі і хату не спалілі”.
А яшчэ памятаю, як я ледзь не застрэліў малога хлопчыка. Гэта гісторыя звязана ўжо з другімі паліцаямі. Той хлопчык разам з маці, якую паліцай прывёз з Калаціч, кватаравалі ў нашай хаце, і ён настолькі надакучыў мне, што я вырашыў прыстрашыць яго. Узяў карабін, які стаяў у кутку хаты, наставіў на яго і прыцэліўся. Я ж думаў, што ў карабіне няма патронаў, і націснуў на курок,але ружжо не стрэліла. Потым адкрываю затвор, а адтуль выскачыў баявы патрон. Я так перапалохаўся, што ледзь апамятаўся. Хутчэй запхнуў патрон назад і паставіў карабін на месца. Калі б забіў малога, то і нас бы паліцай таксама не пашкадаваў. Вось так было ў маім жыцці.
Амаль усе вяскоўцы, з кім давялося гутарыць, добра памятаюць пасляваенныя часы. Калі на сабе аралі, калі, зграбаючы сена па пожні, да крыві раздзіралі сабе ногі, калі галеча прымушала есці хлеб з жалудоў ды пышак.
— А вы ведаеце, што такое пышкі? — запытала ў нас Валянціна Іванаўна Грамыка. — Гэта перамерзлая бульба, якую мы збіралі па полі, як толькі сыдзе снег. З яе рабілі крухмал, а яшчэ пяклі каржы, якія потым елі замест хлеба. Дарэчы, хлебам мы таксама называлі і каржы, спечаныя з перамеленых жалудоў. А яшчэ замест хлеба елі каржы з бульбянога шалупіння, і пасля такая печая была, што не вытрымаць. Але голад, як кажуць, не цётка. Выжываць жа неяк трэба было. У ваенныя і пасляваенныя часы і нішчымны суп з крапівы здаваўся смачным.
Шмат перажылі за свой век цясноўцы. Вядома ж, не толькі адны яны такія былі, наўкола людзі таксама гаравалі. І сяльчане ведалі гэта і цярпліва ўспрымалі свой лёс. Было і такое, калі ўручную капалі торф, потым змешвалі яго з гноем і зноў жа ўручную раскідвалі па полі. Рабочай сілы тады хапала. Адных жанчын у паляводчай брыгадзе было пад пяцьдзясят. Як возьмуцца за сярпы ды выйдуць у поле жыта жаць — люба-дорага глядзець. Сучаснае пакаленне такую карцінку можа пабачыць хіба што ў кінафільмах. Яшчэ вырошчвалі ў калгасе, ды і на прыся-дзібных участках, лён. Бралі яго ўручную, потым вязалі ў снапы, сушылі, абівалі галоўкі льну — атрымлівалася льносемя з мякінай, потым везлі лён на поле і зноў рассцілалі. Як лён адлежыцца, падымалі яго сярпом і ставілі ў кучкі. Затым прывозілі дадому і сушылі ў лазні. Потым яго церлі ў церніцы, трапалі траплом, каб не было кастрыцы, якая знешне нагадвала тонкі ігольчасты сухастой, даўжынёй да трох сантыметраў. Яшчэ неабходна было лён пачасаць на спецыяльнай часалцы, і толькі тады выходзіў кужаль. Яго пралі і з нітак ткалі ручнікі, абрусы, посцілкі, кашулі… Такія льняныя вырабы мы бачылі ў доме Валянціны Іванаўны Грамыкі. Частку з іх яна падарыла ўнукам, а некаторыя пакінула сабе.
У пасляваенныя гады вёска паступова ажывала. І свінні ў хлявах зноў зарохкалі, і хатняя птушка паявілася, нават некалькі кароў вярнулі дадому.
— На пачатку вайны ў Цяснове было два статкі кароў, — працягвае свае ўспаміны Міхаіл Фёдаравіч Грамыка. — Калі немцы акупіравалі вёску, яны забралі палавіну кароў, а потым прыйшлі партызаны і забралі астатніх. Дык вось, немцы большасць кароў парэзалі і паелі, а частку прапілі ў Хваставічы. Пасля, калі ўжо нас вызвалілі, нашы жанчыны пайшлі ў Хваставічы, знайшлі там сваіх чатырох кароў і забралі назад. Гэта былі не толькі карміліцы — на іх таксама аралі зямлю. У нас, праўда, не было каровы, затое яна была ў сястры нашай маці — таксама прыгнала з Хваставіч. Памятаю: падоіць малако і паўлітра нясе нам. Маці налье кожнаму па палавіне шклянкі, і мы яго не пілі, а макалі бліном з пышак і так елі. Тады, здавалася, смачней за гэта нічога і не было.
Нажылі вяскоўцы і коней. У калгасе іх быў цэлы статак, які неабходна было пасвіць. Ваўкоў тады, кажуць, было страх як шмат. Давалі коней і людзям для работы на прысядзібных участках. Чалавек, які даглядаў коней, распісваўся за іх, і калі з жывёлінай што-небудзь здаралася, нёс адказнасць. Таму, калі каня браў нехта для работы, то адказны за яго стаяў і глядзеў, як ён працуе. Час, адведзены для работы, быў строга вызначаны. Нават калі заставалася заараць усяго адну баразну, каня забіралі і вярталі ў калгасны статак.
Слухаеш расказы сяльчан і думаеш: гэта ж колькі ў іх было цярплівасці, мужнасці, каб усё перажыць. І яны не проста жылі і працавалі, а жылі з надзеяй на лепшае і самі гэта лепшае стваралі сваімі ж рукамі. Алена Іосіфаўна Грамыка ўспамінае, што ў вёсцы было ўсё неабходнае для добрага жыцця. Была ферма, ды не адна — для кароў, для цялят, для свіней, нават авечак трымалі. Былі свой клуб, крама і пачатковая школа, бо дзяцей малых было шмат, што ні сям’я, то шматдзетная. А якія вяселлі ў клубе гулялі! Танцавалі пад гармонік, а потым і свой ансамбль стварылі. А кірмашы! На свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, 21 верасня, урачыста выносілі прывезеную з Кіева ікону і ішлі з ёй па вуліцы. Гэта быў цэлы рытуал, дарэчы, захаваўся ён і па сённяшні дзень, праводзіцца толькі ў гэтай вёсцы. Пасля цырымоніі пачынаўся кірмаш. Таксама гулялі ў студзені, на свята Вадохрышча.
Ад большай часткі мінулага засталіся адны ўспаміны. Не існуе болей фермы, клуба, крамы, школы. І толькі калгасны сад, які быў пасаджаны колісь пры старшыні цяпер ужо былога калгаса “Гвардыя” Іване Фёдаравічы Баглаі, дагэтуль радуе сваім пышным цвіценнем. Ён па-ранейшаму, хоць ужо і стары, красуе пасярод вёскі, як бы гаворачы: жыццё прадаўжаецца. А яно і сапраўды ў Цяснове прадаўжаецца. Ёсць жа тут яшчэ і працаздольныя, аднаго з іх, Генадзя Сямёнавіча Аліфера, мы сустрэлі на вуліцы і пагаварылі. Расказаў, што працуе даглядчыкам у калгасе, жыве адзін у бацькоўскай хаце і на жыццё не скардзіцца. Ёсць у вёсцы і прадпрымальнік — Грамыка Пётр Васільевіч. Мужчына, які сам родам з гэтай вёскі, ужо некалькі год аказвае паслугі насельніцтву па распілоўцы лесу, вырабе зрубаў і лазняў. У яго свая піларама. Менавіта гэты астравок, дзе наладжана няхай і невялікая, але вытворчасць, лішні раз падкрэслівае, што Цяснова яшчэ рана спісваць у разрад выміраючых вёсак. Асабіста мне вельмі хочацца ў гэта верыць.
Вольга ЧУЧВАЛ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА