Темы

З блакнотам па раёне. Вёска Згода

З блакнотам па раёне. Вёска Згода

Па дарозе на Бярозаўку ёсць вёска са звычайнай назвай — Згода. Ва ўсялякім разе, мне так заўсёды здавалася, калі раней праязджала праз яе. Аднойчы на назву паглядзела зусім іншымі вачыма, калі падчас камандзіроўкі на раён калега сказаў: “Глядзі, зараз будзе вёска З года”. Паглядзела на знак з надпісам — сапраўды так выходзіць.   Вось такія метамарфозы бываюць. І цяпер, калі пад’язджаю да Згоды, міжволі сама сабе ўсміхаюся. А нядаўна захацелася больш даведацца пра вёску, не праехаць, а прайсціся па яе вуліцы, пагаварыць з жыхарамі, каб потым пра ўсё напісаць у газеце.

Нічога новага не скажу, Згода, як і большасць вёсак на раёне, дажывае свой век. Сумна, але такое ўстойлівае словазлучэнне стала рэальнасцю нашых дзён. А што ж было раней? Прыадкрыем дзверы ў мінулае і заглянем у XIX стагоддзе. Менавіта да таго часу адносіцца першае ўзгадванне пра Згоду як маёнтак Бабруйскага павета. Вось якія гістарычныя даныя прыведзены ў кнізе “Памяць”: у 1870 годзе маёнтак належаў Уладзіславу Герману. У 1897 годзе ўладальніцкая сядзіба ў Глускай воласці Бабруйскага павета — 3 двары, 41 жыхар. У 1909 годзе — 19 жыхароў, а ў 1917 — 39, з іх 13 палякаў. У 1926 годзе гэта ўжо хутар, які налічваў 4 двары, дзе пражывала 25 чалавек. Яшчэ ў недалёкім мінулым у вёсцы было 19 двароў і 33 жыхары. На сёння ў Згодзе ў сямі хатах пражывае менш за 10 чалавек. Гаспадаркі людзі не трымаюць. У некаторых ёсць куры, ды Іван Несцеравіч Слук разводзіць пчол.

Іван Несцеравіч Слук

Я іду па ціхай асфальтаванай вясковай вуліцы. Наўкола ні душы. Заўважыўшы жылы дом, спрабую адчыніць брамку і зайсці ў двор. Яна надзейна зачынена на замок. Значыць, гаспадары прыязджаюць сюды толькі на дачны сезон. Пасля некалькіх няўдалых спроб адна з фортак нарэшце паддалася. Адчуваючы, што менавіта тут змагу пагаварыць з кімсьці з мясцовых жыхароў, ужо разам з фотакарэспандэнтам заходзім у хату. Прадчуванне не падвяло, мы трапілі да старэйшай жыхаркі вёскі. У свае 79 гадоў Тамара Дзмітрыеўна Ляпко не скардзіцца на памяць, таму расказаць ёй ёсць пра што. Яна хоць і не тутэйшая, нарадзілася ў Курскай вобласці, а з будучым мужам, Лявонціем Іванавічам, пазнаёмілася падчас работы ў Архангельску, але пра былое вёскі тое-сёе ведае. Нават размаўляе чыста па-беларуску.

Старэйшая жыхарка вёскі Згода Тамара Дзмітрыеўна Ляпко

— Я часта ўспамінаю Згоду 60-х гадоў мінулага стагоддзя, — пачала свой нетаропкі расказ наша субяседніца. — Невялічкія хаткі стаялі паабапал грунтавой дарогі, і амаль у кожнай былі вялікія сем’і. Адных толькі дзяцей на вёсцы налічвалася мо з 80  чалавек. Каб жыць у дастатку, людзі шмат працавалі. І ў калгасе, і дома. Гэта цяпер на вуліцах не чуваць мукання кароў, не рохкаюць у хлявах свінні, добра, калі певень дзе пракукарэкае. Адно, што людзі ў вёсцы засталіся старыя ды нямоглыя, другое, што маладзейшыя не хочуць так гараваць. Што ж далей будзе?

Тамара Дзмітрыеўна раз-пораз сваю гаворку перапыняла шматзначным “О!” і падмацоўвала яго, узнімаючы ўверх указальны палец. “О! Як мы працавалі, — казала яна. — Усё рабілі ўручную. Садзілі і капалі бульбу, касілі сена і начавалі на сенакосе. А працавалі, як тады казалі, за палачку (працадзень. — Аўт.) Праўда, без хлеба нас калгас не пакідаў. Атрымлівалі на працэнты тую ж бульбу і сена. Апошняга трэба было шмат нарыхтаваць — на чалавека даходзіла да 12 стагоў. Стараліся, бо ведалі, што з кожнай тоны сабе забяром 200 кілаграмаў. Зімой жа гатовыя стагі абмервалі, падбівалі пад іх металічныя лісты, якія між сабой называлі валакушамі, і гусенічнымі трактарамі звозілі да фермы. Для нас гэта была работа. А для дзяцей радасць: успрыгнуць ззаду стога на валакушу і катаюцца сабе”.

Умелі на вёсцы весяліцца не толькі малыя, але і дарослыя. “О! Якія кірмашы мы гулялі, — працягвае субяседніца. — Не ленаваліся пешшу адмераць не адзін кіламетр, каб трапіць на гулянне. Ва ўсіх бліжэйшых вёсках пабывалі — Падлужжы, Бярозаўцы, Зелянковічах, нават у Баянаве і Слабодцы былі, дзе жыла сястра мужа. І выпі-валі, але не шмат, грам па сто, каб сагрэцца. Потым ішлі ў клуб і скакалі, весяліліся пад гармонік ад душы. Тады была адзіная радасць на ўсіх. І не толькі падчас кірмашоў. Усёй вёскай адзначалі і такую радасную падзею, як хрэсьбіны. З музыкай і песнямі праважалі хлопцаў у армію. У мяне нават захавалася фатаграфія тых часоў, з  провадаў Сталярова. На ёй сярод іншых жыхароў ёсць мая свякруха Праскоўя Фёдараўна. І ў тыя гады цікавыя моманты свайго жыцця людзі стараліся захаваць вось такім чынам”.

Разам з дачкой Тамары Дзмітрыеўны, якая прыехала з Асіповіч праведаць сваю маці, мы перабіраем старыя фотакарткі. Ніна Лявонцьеўна на адной з іх пазнае маці, якую сфатаграфавалі падчас працы на бураках. Там яна яшчэ маладая. У стосе гэтых мілых для сям’і Ляпко ўспамінаў аказаліся і іншыя цікавыя дакументы. Адзін з іх датаваны 1936 годам. Чытаючы яго, даведаліся, як сяляне наладжвалі паміж сабой прававыя адносіны. Аказваецца, каб прадаць сад, гаспадар яго павінен быў заключыць з пакупніком умову. Вось урыўкі з гэтага дакумента ў арыгінале: “Мы, нижеподписавшиеся с одной стороны колхозник к-за «Б. Победа» Ляпко Иван Семёнович, а с другой Босяков Тимофей Миронович, сего числа заключили условие на продажу молодых деревьев сада, находящихся в колхозе «Больш. Победа»… Я, Босяков Т. М., продаю 21 дерево молодого сада гр-ну Ляпко Ивану Семёновичу за (105) сто пять руб. по 5 руб. за каждое дерево. Сего числа я, Босяков Т. М., должен получить (50) пятьдесят руб., остальные (55) пятьдесят пять руб. не позже 1 мая1937 г.”

— Дакумент належаў бацьку майго мужа, — паясніла Тамара Дзмітрыеўна. — Гэта гісторыя нашай сям’і. Я памятаю той сад. Свякруха расказвала, што ў вайну дрэвы моцна пацярпелі. Якраз у сад трапіла нямецкая бомба і знішчыла палову дрэў. Пасля вайны дрэвы адсадзілі, і сад стаў для сям’і Ляпко адной з дадатковых крыніц даходаў. Прадавалі плады і мелі за гэта грошы. Вось так сяляне выжывалі ў той час. Трэба прызнаць, што ў людзей зусім іншыя былі адносіны да працы, да зямлі. Не паверыце, але за кожны кавалачак участка ішла сапраўдная барацьба. Тады ж не было плота паміж агародамі, а былі толькі межы. Не ведаю, як дзе, а ў нашай вёсцы суседзі часта сварыліся за мяжу. Пакуль ніхто не бачыць, рукамі грэблі на свой бок зямлю, каб хоць на некалькі сантыметраў пабольшыць участак. А зараз зямлі наўкола — бяры і апрацоўвай. О! Цяперашні час не такі ўжо, і вярнуць былое ніколі не зможам. Па крайняй меры, у такіх вёсках, як наша.

Гэта сёння ўсё стараюцца сканцэнтраваць на цэнтральнай сядзібе альбо непадалёк ад яе, а ў гады маладосці даваеннага і пасляваеннага пакаленняў адразу за Згодай былі ферма, цялятнік, коней трымалі. Зараз цяжка ў гэта паверыць, але ў Лявонішынай хаце (так на вёсцы звычайна называлі хаты — па імені гаспадара. — Аўт.) стаяў сепаратар, на якім пераганялі малако. Вяршкі потым адпраўлялі ў Глуск, на маслазавод. Потым сепаратар перавезлі ў Бярозаўку і ўжо там атрымлівалі вяршкі.

Яшчэ адзін жыхар гэтай вёскі, Іван Несцеравіч Слук, які больш за 40 гадоў адпрацаваў у калгасе імя Калініна, і большасць з іх брыгадзірам, паведаў, што толькі ў іх было 37 трактароў. Пакуль не далучылі да брыгады Бярозаўку, Зубарэвічы і Зелянковічы, зямлі налічвалася 157 гектараў.  На ферме працавалі 6 даярак, і кожная з іх даіла па 14 кароў, на канюшні стаялі 30 коней, якіх даглядалі 2 конюхі. А яшчэ было 100 авечак і 2 пастухі на іх, 50 цялят і адна цялятніца. Што і казаць, жыццё ў Згодзе бурліла. Яно было такім учэпістым і ўпартым, што тады здавалася: так будзе заўсёды.

Невядома, колькі яшчэ на карце Глускага раёна будзе значыцца Згода. Амаль усе жыхары тут старыя, і толькі два працаздольныя — сын Тамары Дзмітрыеўны ды яго сужыцелька. Хутка і ім на пенсію. Але чаго раней часу кідацца ў песімістычны настрой. Сёння вёска ёсць, і гэта ўжо добра. І мы па-ранейшаму, гледзячы на знак перад уездам у Згоду, усміхнёмся добрай усмешкай.

Вольга ЧУЧВАЛ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА   

Последние новости

Общество

В Беларуси вступили в силу изменения в ПДД — что важно знать

10 сентября 2025
Читать новость
Общество

Команда Глусской ДЮСШ стала третьей в первенстве области в программе спартакиады ДЮСШ по гандболу среди юношей

10 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко наделил МВД полномочиями на подписание конвенции ООН против киберпреступности

10 сентября 2025
Читать новость
Актуально

Прибор, который защитит от удара током

10 сентября 2025
Читать новость
Общество

Глусский РОВД. Ответственность за незаконное хранение оружия

9 сентября 2025
Читать новость
Здоровье

ГРАФИК прохождения флюорографического обследования работников сельхозорганизаций Глусского района

9 сентября 2025
Читать новость

Рекомендуем