Для працы ёсць стымул

— На ферме ўтрымліваецца 400 галоў дойнага статку і на раздоі — 165, — расказвае загадчыца фермы Таццяна Бязручка. — За 2012 год атрымана 376 галоў прыплоду супраць 335 галоў у 2011 годзе. Зараз мы доім на карову больш за 11 кілаграмаў малака, або плюс 1350 грамаў да ранейшага. Падведзены вынікі за студзень, і яны таксама са знакам плюс. На карову надоена 333 кілаграмы малака супраць 288 кілаграмаў за такі ж мінулагодні перыяд, а валавы надой — больш за 133 тоны.
Пакуль што на ферме арганізавана двухразовая дойка і толькі на раздоі — трохразовая. Трэба аддаць належнае старанням даярак Вольгі Дзядзюлі, Алены Васілеўскай, Алены Гушчы, Святланы Папкоўскай, Людмілы Шымчык, дзякуючы якім надоі з кожным разам павялічваюцца. Асабліва вызначаецца сваёй працаздольнасцю Вольга Дзядзюля, у групе якой за мінулы год ад кожнай каровы атрымана 3693 кілаграмы малака (2661 кілаграм у 2011 годзе). Яна ў эксбазе па выніках мінулага года прызнана лепшым аператарам машыннага даення. На ферме ў кожнага свае абавязкі і свае штодзённыя задачы — ад даярак, слесара малакаправода Валерыя Рыбака да даглядчыкаў Сяргея Ёшчыка, Мікалая Ахрэмчыка, Віктара Геранкова, Мікалая Бабака, Сяргея Прыбыша і загоншчыка жывёлы Рыгора Дзяшчэні.
— Старанная праца ў нас не застаецца незаўважанай, — гаворыць галоўны эканаміст гаспадаркі Людміла Кіндрук. — На гэты год мы распрацавалі спецыяльнае палажэнне аб матэрыяльным стымуляванні за павелічэнне рэалізацыі малака. Прадугледжана штомесячная даплата, пачынаючы ад спецыялістаў, якія таксама маюць дачыненне да вытворчасці і рэалізацыі малака, і закончваючы работнікамі малочна-таварных фермаў. Яна праводзіцца за кошт атрыманага прыбытку ад дадатковай рэалізацыі малака за месяц звыш узроўню мінулага года. І гэта пры тым, што аб’ём рэалізацыі малака вышэйшым гатункам паві-нен быць не менш за 80 працэнтаў. Даплата размяркоўваецца згодна з каэфіцыентам працоўнага ўдзелу або прапарцыянальна надоенаму малаку. Безумоўна, кожны зацікаўлены атрымаць больш грошай, таму што велічыні даплат, да прыкладу, у загадчыцы і жывёлаводаў — па 10 працэнтаў, аператараў машыннага даення — 52, слесара — 5, загоншчыка жывёлы — 2, механізатара на раздачы кармоў — 3 працэнты. Выходзіць такі непарыўны ланцужок, калі агульны вынік — аддача кожнага на сваім рабочым месцы.
Вольга ЧУЧВАЛ
На здымку: першы намеснік старшыні райвыканкама Канстанцін Голуб падчас наведвання малочна-таварнай фермы “Барысаўшчына” гутарыць з загадчыцай Таццянай Бязручкай.
Фота аўтара