Темы

Пераможны май. Праз 24 гады пасля вайны

Пераможны май. Праз 24 гады пасля вайны

“Аб адным прашу тых, хто перажыве гэты час: не забудзьце! Цярпліва збірайце звесткі аб тых, хто загінуў за сябе і за вас. Кожны, хто быў верны будучаму і памёр за тое, каб яно было цудоўным, — заслугоўвае помніка”. Гэтымі словамі Юліуса Фучыка пачынаецца серыя артыкулаў кіраўніка атрада чырвоных следапытаў Глускай СШ № 2 Яфіма Балоціна і журналіста Сяргея Анташкевіча пра воінаў, што пахаваны ў брацкай магіле вёскі Хваставічы.

З нумара газеты “Сцяг Радзімы”, што выйшаў 9 мая 1969 года, пачынаецца расказ пра камісара партызанскага атрада Пятра Іванавіча Панкратава, які загінуў на глускай зямлі ў 1944-м.

Пётр нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Аляксандраўка Краснінскага раёна Арлоўскай вобласці ў беднай сям’і, яго бацька памёр рана. Хлопчык любіў вучыцца, у школу хадзіў у сяло Краснае,

у 14 гадоў, адным з першых, стаў камсамольцам. У 1936 годзе паступіў у Елецкую фельчарскую школу, з 1939 года — слухач ваенных фельчарскіх курсаў пры Ленінградскай ваеннай акадэміі імя Кірава. У 19 год стаў афіцэрам і быў накіраваны ў Бабруйск. Ваяваў, трапіў у акружэнне, з трыма воінамі прарваўся да партызан на Глушчыну, у атрад Шваякова.

З восені 1942 года — камісар партызанскага атрада імя Чапаева, які ўваходзіў у склад 37 партызанскай брыгады імя Пархоменкі Мінскага злучэння. “У адным з перапынкаў паміж баямі яго прынялі ў рады партыі камуністаў. На грудзях смелага партызана ззялі ордэн Чырвонага Сцяга і медаль “Партызану Айчыннай вайны”.

Восенню 1943 года быў цяжка паранены і прызнаны нягодным для ваеннай службы. Адразу пасля вызвалення Глускага раёна ад фашыстаў быў накіраваны сюды загадчыкам райздраўаддзела. Пётр Панкратаў не прарабіў і тыдня… Ноччу, калі спаў, яго ўзарвалі ў хаце. Меркавалі, што забілі яго “застаўшыяся варожыя элементы”.

Праз 24 гады пасля вайны райваенкамат і следапыты Глускай СШ № 2 паведамілі маці Пятра, дзе магіла яе 23-гадовага сына.

Працоўныя рэкорды 1969 года былі прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Леніна. У артыкуле “Працоўны салют Першамаю” У. Сапегі, дырэктара прамкамбіната (цяпер нам больш вядомы як мэблевая фабрыка), паведамляецца, што ткачыхі з брыгады Галіны Шулякоўскай, якія выступілі ініцыятарамі спаборніцтва за званне брыгады імя 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна, вытворчы план чатырох месяцаў перавыканалі на 125 працэнтаў. Званне ўдарнікаў камуністычнай працы было прысвоена брыгадзе шторніц, якую ўзначальвала Галіна Грабко. “Таварышы павіншавалі з працоўнай перамогай Марыю Валёха, Любоў Казіміраву і Людмілу Калента, якія ўдастоены высокага гонару”, — паведамляе кіраўнік прамкамбіната.

Збор металалому на калону піянерскіх аўтамабіляў, якую меркавалася выпусціць у гонар 100-годдзя Ільіча, — адна з карысных спраў піянераў Глушчыны. Нашы піянеры за 1968 год назбіралі 108 тон, а за чатыры месяцы 1969 года — 63 тоны “жалезнага скарбу”.

Жыхар дома № 35 па вуліцы Кірава ў Глуску А. Дубінскі напісаў у газету пра канцэрт, які арганізавалі дзеці з дома № 32. Па аб’яве, што  вывесілі рабяты, сабраліся бацькі, жыхары з суседняга дома. Пелі, танцавалі і чыталі вершы  Света Малюкевіч, Ларыса Дарошка, Вася і Наташа Собалевы, Люба Туміловіч, Нэла Нозік. Арганізатарамі канцэрта былі Іра Каржанеўская і Тамара Якубенка. Акампанаваў дзецям на акардэоне інжынер ДЭУ-704 Антон Мікалаевіч Каржанеўскі. Аўтар заметкі паведамляе, што гэтыя дзеці да таго ж сочаць за чысцінёй двара і пасадзілі таполі і каштаны.

Навіны нумара за 1 мая такія. У дамах жыхароў Завалочыц было на той час 27 тэлевізараў. У ліку апошніх шчасліўцаў — трактарысты саўгаса Анатоль Бязручка і Уладзімір Невяроўскі, галоўны інжынер Казімір Краскоўскі, настаўнік Мікалай Цыганкоў. Ахвотнікаў набыць тэлевізар багата, але яны “чакаюць, пакуль завязуць у магазін тэлевізары новых марак”. Вялікую папулярнасць у жанчын вёскі заваявала газавая пліта. У дамах рабочых саўгаса было ўжо 190 пліт.

У прыклад ставіцца настаўніца пачатковых класаў Глускай школы № 2 Таццяна Аляксандраўна Сеўба, бо на працягу 11 год яна працуе без другагоднікаў. Таццяна Аляксандраўна ўзнагароджана значком “Выдатнік народнай асветы”.

Вучні 11-га класа Глускай сярэдняй школы рабочай моладзі расказваюць пра свайго аднакласніка Барыса Саломку. Ён працуе наладчыкам медыцынскага абсталявання ў Глускай раённай бальніцы. Барыс сумленна адносіцца да работы, ён — выдатнік вучобы і добры таварыш. “Хутка пачнуцца выпускныя экзамены. Многія з нас мяркуюць прадоўжыць вучобу ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах. Ёсць свая мара і ў Барыса Саломкі. І мы жадаем яму, каб яна абавязкова здзейснілася”, — пішуць выпускнікі.

У той час у Глускім раёне было 14 калгасаў і 2 саўгасы. У раёне сабекошт аднаго цэнтнера зерня быў 10,64 рубля, бульбы — 4,32, малака — 14,80, ялавічыны — 109,38, свініны — 118,15 рубля; рэнтабельнасць прадукцыі раслінаводства была 50,5 %, жывёлагадоўлі — 30,7 %.

На 1969 год глускія аграрыі ставілі перад сабой працоўныя “рубяжы”, напрыклад, атрымаць з гектара па 14,7 цэнтнера зерневых, 130 цэнтнераў бульбы, надаіць ад кожный каровы па 2550 кг малака, вывезці на калгасныя палеткі 10 490 тон арганікі.

Меліяратары БМУ (будаўніча-мантажнага ўпраўлення) меліярацыі планавалі здаць гаспадаркам 1763 га асушаных зямель, у тым ліку ў Глускім раёне — 1301 га. “Высокую выпрацоўку паказваюць машыністы-экскаватаршчыкі Пётр Прышчэпаў, Сяргей Зялёнка, Іван Радкевіч, Пётр Няхлебаў”. Гадавы план меліяратары абавязаліся выканаць да свята Вялікага Кастрычніка.

Дарэчы, многія з меліяратараў у 1969 годзе працавалі ўжо ў лік 1971 года. “Тон у сацыялістычным спаборніцтве задаюць камуністы і камсамольцы — Іван Мацвеевіч Радкевіч, які ўзнагароджан ордэнам Леніна, Васіль Аляксандравіч Шуманскі, Адам Сцяпанавіч Сокал, Юрый Ігнатавіч Радкевіч, Мікалай Васіленка. На іх раўняюцца бульдазерыст Мікалай Мікітавіч Лугін, трактарыст Фёдар Фёдаравіч Чарнякоў, бульдазерыст Мікалай Васільевіч Лапуцька, машыніст экскаватара Пётр Цімафеевіч Прышчэпаў. Усе яны выканалі ўжо заданні пяцігодкі”, — паведамляе 27 мая Г. Нозік у артыкуле “У лік 1971 года”.

Глускі маслазавод “кожны дзень адпраўляе ў гандлёвую сетку раёна і вобласці больш дзвюх тон масла і смятаны, 800 кг малака, больш 500 кг кефіру і сыру дыетычнага.

На прамысловыя і тэхнічныя патрэбы прадпрыемстваў рэспублікі штодзённа адпускаецца 300—350 кг казеіну”, — паведамляе чытачам дырэктар маслазавода Т. Раеўская. Яна называе лепшых работнікаў: апаратчыцу Еўдакію Іванаўну Беразоўскую, рабочую Марыю Цімафееўну Шарко, кампрэсаршчыка Пятра Уладзіміравіча Рэкіша, качагара Леаніда Пятровіча Пастушонка, лабарантку Ганну Арсенцьеўну Чарапуху.

Рабочыя торфапрадпрыемства “Кіраўскае” ўзялі высокія абавязацельствы: дабыць звыш плана 10 000 тон фрэзернага торфу, 3000 — кавалкавага, 500 тон — паўфабрыкату. Вызначаюцца ўдарнікі: экіпаж торфаздабываючага экскаватара

“ТЭМП-1” машыніст Уладзімір Яфімавіч Цвірко і яго памочнік Сяргей Храпко, Мікалай і Сцяпан Савончыкі, якія кіруюць торфанасцілачнымі агрэгатамі, Ганна Хромель і Вікторыя Галавач, што абслугоўваюць сепаратную частку экскаватара (дзе тарфяная маса ачышчаецца ад усяго лішняга). За змену экіпаж выпрацоўвае каля 100 тон торфу, 20 з якіх — звыш дзённай нормы.

Спажывецкая кааперацыя прымала ў маі сушаныя веснавыя грыбы страчкі і смаржкі па 6 рублёў 50 капеек за 1 кг. Падпіска на раёнку на месяц каштавала 26 капеек. Квіток у кіно ў Дакольскім клубе — 20 капеек.

З 11 лютага 1969 года ў раёнцы пачалі друкаваць тэлепраграму. Канал быў адзін, і ён ніяк не называўся.

У рэдакцыі на той час было дзве тэлефонныя кропкі: у рэдактара нумар быў 2-49, намеснік, аддзелы партыйнага жыцця, сельскай гаспадаркі, пісем, адказны сакратар, бухгалтэрыя і друкарня былі на адным нумары — 2-34.

У газеце за 20 мая надрукавана паведамленне ТАСС. Савецкія вучоныя і канструктары рапартуюць партыі аб паспяховым завяршэнні праграмы палётаў міжпланетных станцый “Венера-5” і “Венера-6”. Атрыманы каштоўныя данныя аб фізічных працэсах, якія адбываюцца ў касмічнай прасторы і ў атмасферы планеты Венеры. Падкрэсліваецца, што “гэта дасягненне савецкай навукі і тэхнікі прысвячаецца 100-годдзю з дня нараджэння арганізатара Камуністычнай партыі, заснавальніка Савецкай дзяржавы, правадыра працоўных усяго свету Уладзіміра Ільіча Леніна”.

Ірына ГРАМЫКА

Фота з падшыўкі газеты

“Сцяг Радзімы” за 1969 год

На гэтым здымку, зробленым у пасёлку Пціч Каткаўскага сельсавета ў чэрвені 1969 года на адкрыцці помніка ў гонар сумесных баёў войск Першага Беларускага фронту і партызан Палескага злучэння за пераправу на рацэ Пціч, — група воінаў і партызан, якія вызвалялі Глускі раён (злева направа): У. М. Шваякоў — камандзір партызанскага атрада імя Шчорса; палкоўнік у адстаўцы З. С. Мілер — былы камандзір 219 Крэмянчугскай танкавай брыгады; У. З. Пуцята — камандзір 225 брыгады Палескага злучэння; А. Я. Шчацько — начальнік штаба 225 брыгады; Б. М. Цыкункоў — камандзір партызанскага атрада імя Будзённага; Герой Савецкага Саюза генерал-лейтэнант у адстаўцы С. М. Крывашэін — былы камандуючы 1 Краснаградскім механізаваным корпусам; Герой Савецкага Саюза палкоўнік у адстаўцы П. С. Кітчанка — былы камандзір танкавага батальёна 219 Крэмянчугскай танкавай брыгады; палкоўнік у адстаўцы К. Г. Кавалёў — былы начальнік сувязі 1 Краснаградскага механізаванага корпуса

Ткачыха шторнага цэха Глускага райпрамкамбіната Марыя Лаўрэнцьеўна Валёха

Загадчык перадавой малочнатаварнай фермы саўгаса “Завалочыцы” Іван Усцінавіч Елін — малады камуніст, добры палітінфарматар, вывучае працы Леніна, знаёміцца з іншай палітычнай літаратурай. Вучыцца завочна ў Клімавіцкім зааветэрынарным тэхнікуме

Лепшы трактарыст саўгаса “Завалочыцы” Анатоль Максімавіч Бязручка

Последние новости

Власть

1 мая — Праздник труда. Поздравление от руководства района

1 мая 2025
Читать новость
Общество

Могилевская область на Республиканской доске Почета!

30 апреля 2025
Читать новость
Власть

Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв встретился с молодыми работниками лесхоза

30 апреля 2025
Читать новость
Актуально

Глусский РОВД. Какое холодное оружие вправе иметь граждане?

30 апреля 2025
Читать новость
Актуально

Отвечает участковый инспектор милиции

30 апреля 2025
Читать новость
АПК

Сев ранних зерновых и зернобобовых культур в Глусском районе завершен

30 апреля 2025
Читать новость