Темы

Сведкі мінулай вайны. Раіса Сямёнаўна Медзвядок у праекце “Сямейная рэліквія”

Сведкі мінулай вайны. Раіса Сямёнаўна Медзвядок у праекце “Сямейная рэліквія”

Мы размаўлялі з ёй адну гадзіну, і за гэтую гадзіну яна расказала ўсё сваё жыццё, доўгае і вельмі няпростае. Былі ў ім страх і страты, былі радасці і набыткі, перамогі і дасягненні і многа-многа працы.

А пачалося наша знаёмства з нататкі ў раённай газеце, дзе мы прасілі чытачоў расказаць пра сваю сямейную рэліквію, звязаную з Вялікай Айчыннай вайной, праект гэты так і назвалі — “Сямейная рэліквія”. Раіса Сямёнаўна Медзвядок пазваніла нам першай, вайна яе сям’ю не тое што не абышла, а глыбока параніла, урэзалася ў памяць і дагэтуль балюча адгукаецца ў сэрцы.

Мы сустрэліся, яе расказ крануў, і я ў чарговы раз здзівілася: як жа надзейна зроблены чалавек, якая сіла закладзена ў ім, якая прага жыцця, што ён здольны вынесці жорсткія выпрабаванні, застацца чалавекам і жыць далей.

Нарадзілася Раіса Сямёнаўна ў 1938 годзе на хутары Гічын у Глускім раёне. У Сямёна Міхайлавіча Курса і яго жонкі Ганны Усцінаўны да вайны было трое дзяцей: дачка Зінаіда, сын Мікалай і дачка Раіса (яшчэ адна дачка, Тамара, нарадзілася ў 1947 годзе, зараз жыве ў Гомелі).

У 1939-м годзе, пасля таго, як на хутар напалі бандыты, сям’я  пераехала ў Вільчу, першымі ўступілі ў калгас, ды нядоўга працавалі і абжываліся.

У 1941-м пачалася вайна, бацька другім этапам пайшоў на фронт. Пайшлі ваяваць і яго браты Мікалай, Андрэй і Барыс.

“Дзядзя Коля загінуў, — расказвае Раіса Сямёнаўна, — загінула і яго жонка Марыя: за сувязь з партызанамі яе забілі немцы (паліцай выдаў), забілі і яе маці, дапытваючыся пра дачку, застаўся толькі маленькі сынок Эдзік, яму быў усяго годзік, з намі ён потым і гадаваўся, вырас, стаў афіцэрам, але памёр маладым”. Раіса Сямёнаўна паказвае фотаздымак, з якога глядзіць прыгожы юнак у вайсковай форме, — гэта ўсё, што засталося ад сям’і Мікалая Міхайлавіча Курса.

На яшчэ адным фотаздымку, старым і вельмі цёмным (зроблены ў студзені 1941-га), можна згледзець трох ваенных, Раіса Сямёнаўна паказвае на аднаго з іх, гэта дзядзька Барыс. Барыс Міхайлавіч Курс служыў у Ленінградзе, перажыў дзевяць месяцаў блакады. Расказваў, што быў страшэнны голад, мыш здавалася вялікім далікатэсам, каб выдзялялася сліна — смакталі свае пальцы…

Бацька Сямён Міхайлавіч Курс таксама ваяваў, быў у Польшчы, дайшоў да Берліна, 19 красавіка 1944-га быў паранены, доўга лячыўся. Вось і фатаграфія: ён ляжыць у ложку, толькі ачуняў, яму далі ў рукі запалкі і папіросу, сфатаграфавалі і паслалі картачку сям’і, быццам бы з ім усё добра. Было гэта ў шпіталі ў горадзе Мураме. Калі вярнуўся ў сваю Вільчу, быў нейкі час на групе, а потым працаваў у калгасе конюхам.

Дзядзьку Курсу Андрэю Міхайлавічу таксама пашчасціла вярнуцца з вайны, на пасляваеннай фатаграфіі ён сур’ёзны, у касцюме і модным стракатым гальштуку.

Захоўваецца ў Раісы Сямёнаўны і пасведчанне, у якім напісана, што за ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне Курс Сямён Міхайлавіч Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 мая 1945 года ўзнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў”, уручаны 9 лютага 1946 года.

Гэта яе сямейныя рэліквіі, сапраўдныя сведкі мінулай вайны, каштоўныя рэчы, якія нагадваюць пра дарагіх сэрцу людзей, пра далёкі і цяжкі час. У мінулае вяртае і памяць.

Раіса Сямёнаўна згадвае, што ў вайну ў іх хаце ў адной палове жылі яны самі, маці з трыма дзецьмі, і яшчэ тры сям’і, што засталіся без жылля (у каго немцы спалілі хаты, у каго разабралі на доты для нямецкага гарнізона), на падлозе слалі салому, на ёй і спалі, хто дзе прылёг.

У другой палове жылі немцы. “Яны рэзалі і елі нашых курэй, — расказвае Раіса Сямёнаўна. — Аднаго разу немец узяў брудныя курыныя лапы і падае мне на талерачцы (немцы ж культурныя), маўляў, на, грызі. А я, хоць і малая была, не надта што разумела, але талерачку з тымі лапамі адсунула. Немец раззлаваўся і дастаў пісталет, хацеў застрэліць мяне, а мама ўпала на коленцы і давай яго прасіць, крычыць: кранк, кранк (гэта значыць хворая). І я на ўсё жыццё запомніла гэта слова — “кранк”. У вайну мама нарадзіла хлопчыка, яго Мішкам назвалі, але ён пражыў толькі сем дзён і памёр, яго пахавалі, магілка і да сёння захавалася. Калі ў мамы пачаліся роды, немцы сказалі: руская свіння — і выйшлі з хаты”.

У вайну есці было што, бо і нейкія прыпасы мелі, хавалі ад немцаў, і вырошчвалі штосьці, жылі на зямлі, з яе і харчаваліся, нават хлеб сеялі, успамінае Раіса Сямёнаўна. Яна і цяпер, у свае амаль 87, у глускай кватэры вырошчвае расаду памідораў і перцаў і хутка павязе гэта ўсё ў родную Вільчу, пасадзіць агародзік і будзе даглядаць, каб было сваё. “Добра, як сваё ёсць, — кажа жанчына, — а як няма, дык чакай, каб хто даў”. Зараз з даваеннай Вільчы засталіся толькі тры чалавекі: яна, Раіса Медзвядок, яе траюрадная сястра Зінаіда Куштын і Марыя Кісляк… Яшчэ згадвае аднаго чалавека па прозвішчы Дарафееў, ён быў інжынерам і ў час вайны быццам бы служыў немцам, а на самой справе нашым дапамагаў, ён і папярэдзіў вяскоўцаў: калі немцы будуць дапытвацца пра партызан і партыйных, трэба, каб усе казалі аднолькава: няма ні партызан, ні партыйных.

Так усе потым і казалі, і засталіся жывыя, нікога не расстралялі. 

Памятае і дзень вызвалення: сям’я сядзела ў пограбе, былі чутныя стрэлы, а потым раздалося нашае “Ура!”, яны выйшлі са сваёй хованкі і ўбачылі савецкіх салдат, адзін падхапіў яе на рукі і падкінуў уверх. Сярод кадраў ваеннай кінахронікі, гаворыць Раіса Сямёнаўна, ёсць такі ж сюжэт: салдат падкідвае дзяўчынку ў хустачцы, зусім як яе некалі ў 1944-м.

Пасля вайны таксама цяжка было, але ж ужо не страшна. Працавалі многа, спачатку нават аралі на сабе, трымалі гаспадарку. Дзяржаве трэба было здаць 200 літраў малака і 30 дзясяткаў яек цягам года. Спачатку ўсё бясплатна здавалі, а потым за гэта сталі плаціць грошы, і людзі больш ахвотна панеслі сваю прадукцыю, каб зарабіць капейку. Раіса Сямёнаўна вучылася ў пачатковай школе ў Вільчы, а сямігодку скончыла ў Круглоніве, бацька хацеў, каб яна і далей вучылася,

а яна разважыла так: вялікіх поспехаў у навуцы не даб’юся, лепш пайду працаваць і сям’і дапамагу. Калі на торфапрад-прыемстве атрымала першую зарплату, 1200 рублёў на тыя грошы,

і прынесла дадому, бацька заплакаў. А яна сказала, каб ён заплаціў падаткі, разлічыўся з дзяржавай, а на тое, што застанецца, купіў ёй штапельную сукенку. Паказала мне і сваю першую грамату, якую ёй далі таксама на торфапрадпрыемстве, датавана 1958 годам, паказала і іншыя, атрыманыя ўжо падчас работы ў будаўнічай арганізацыі, цяпер гэта ПМК-249, 20 гадоў працавала там мулярам. Прафесіі гэтай навучылася сама, спачатку свой дом з мужам Мікалаем будавалі, а потым на будоўлі інжынер пабачыў, як яна, падсобніца, кладзе цэглу, і сказаў пісаць заяву аб пераводзе мулярам. “Будавалі шмат, — згадвае Раіса Сямёнаўна, — і школы, і бальніцу, і паліклініку, будынкі райвыканкама, масласыразавода, мэблевай фабрыкі, кінатэатр (той, што раней быў). Калі іду па Глуску, гляджу, то радасна, што гэта зроблена і маімі рукамі”.

Я слухаю, як гаворыць Раіса Сямёнаўна, як разважае пра жыццё, і кажу, што, мабыць, дарэмна яна не пайшла вучыцца далей, з яе выйшаў бы талковы спецыяліст. “А я ніколькі не шкадую, што так выйшла, я любіла сваю працу, любіла працаваць, мне падабалася тое, што я раблю. Мяне на рабоце паважалі. І дагэтуль паважаюць, не забываюць, віншуюць са святамі, падарункі даюць, прэміі да Дня будаўніка. Вось мы з вамі чай пілі, дык гэта яшчэ будаўнічы цукар, да свята грошы давалі, я запасы і зрабіла”. Вось так.

Мая гасцінная гаспадыня і цікавая суразмоўніца не пераставала мяне здзіўляць, і размова наша выйшла ўжо далёка за расказ пра сямейную рэліквію, звязаную з вайной. Я бачу на драўлянай палічцы, дзе стаяць кнігі і сямейныя фатаграфіі, партрэт Сталіна, а ніжэй — Леніна. Пытаюся пра іх. “Сталін выратаваў нас, — кажа яна. — Калі спачатку вайны салдаты здаваліся ў палон ці адступалі, ён выдаў загад, каб такіх расстрэльвалі, каб ні кроку назад. І сталі ваяваць лепш, і перамаглі. А Ленін нам навуку даў. Гэта ўсё наша гісторыя, я ўсё гэта захоўваю”.

Раіса Сямёнаўна некалькі разоў паўтарала: “Жыццё пражыць — не поле перайсці”. Кожны час нясе нейкія свае перамены, кажа яна і ўспамінае 2020 год, як і ў Глуску па вуліцы ішлі нязгодныя з уладай. Раісу Сямёнаўну гэта вельмі абурыла, яна нават у міліцыю пазваніла, каб спынілі непарадкі. “Яны што, вайны хацелі? — казала яна мне пра падзеі пяцігадовай даўнасці. — Не дай бог вайны. Я нішчымны хлеб есці буду, толькі б вайны не было”.

Так, толькі б не было вайны. Пад гэтымі словамі падпішацца кожны, хто яе бачыў, чуў, перажыў, хто захоўвае ў памяці тыя страшныя часы.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота аўтара

Последние новости

Власть

Лукашенко провел телефонный разговор с Президентом Ирана

30 апреля 2026
Читать новость
Будь в курсе

Глусский РОЧС. Почему установка АПИ — это необходимость

30 апреля 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко призывает прекратить отток населения из регионов и «бешеную стройку жилья» в Минске

30 апреля 2026
Читать новость
Культура

Сегодня в Глуске — премьера художественного фильма «Одно на двоих» Национальной киностудии «Беларусьфильм»

30 апреля 2026
Читать новость
Общество

Як да глушчан прыязджаў “голас Перамогі”

30 апреля 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко назвал инициативу «Один район — один проект» стратегической задачей в региональном развитии

30 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем