Темы

Дзе ёсць адказнасць — ёсць і вынік

У межах чалавечага жыцця 30 гадоў не такі ўжо і вялікі адрэзак часу. Але з другога боку, колькі змен і розных падзей адбываецца за гэты перыяд. Сягоння мне хочацца ўспомніць, як працавалі калгаснікі 30 гадоў таму, і зрабіць паралель паміж мінулым і цяперашнім. Якое яно, мінулае другой паловы 80-х XX стагоддзя? Перачытваю замалёўкі пра працаўнікоў сельскай гаспадаркі, інтэрв’ю з імі, іх выступленні, і душа радуецца. Шчырае жаданне працаваць, імкненне дабівацца высокіх вынікаў, адказнасць не на словах, а на справе за даручаны ўчастак работы — вось чым жылі людзі таго пакалення.

Я знайшла ў падшыўках газет за 1986 год выступленне даяркі Нова-Андрэеўскай фермы Валянціны Рыгораўны Ламашкі. Будзе цікавым, калі працытую асобныя яе выказванні: “Дваццаць год на сваёй Нова-Андрэеўскай ферме даяркай працую. Праца цяжкая? А лёгкай не бывае. Праца можа быць любімай і нелюбімай… Зараз стала “модным” у нас, даярак, слова “фактар”. Мы яго па-свойму вытлумачваем. Калі гавораць пра фактар павышэння надояў, то за ім у першую чаргу бачыцца догляд старанны, уменне карыстацца даільным апаратам, ласка. Адно кажу: няма любві да жывёлы — няма і радасці ад працы.

Ёсць у маёй групе з 27 кароў “непаслухмяныя”. Не любяць даільны апарат. Не аддаюць яму ўсё малако. А апошнія  ж яго грамы — самыя каштоўныя, бо самыя тлустыя. Дадойваю рукамі кожны раз. Цяпер у суткі на карову выходзіць па маёй групе 11—12 кілаграмаў малака (за верасень. — Аўт.)… Стаю, разважаю, і такое жаданне вырасці з’яўляецца. Нехта там па 16 — 18 літраў надойвае, а я, што, не магу?

Новы метад работы — брыгадны падрад, раней здаваўся загадкавым, мы проста не разумелі сутнасці яго. Сёння ж жыццё паказвае, што ён — адзін з важнейшых рэзерваў павышэння эфектыўнасці вытворчасці. Падрад прымушае кожнага па-новаму паглядзець на сваё месца ў рабоце, яшчэ і яшчэ раз перагледзець свае магчымасці. Я спаборнічаю з Галінай Андрэеўнай Прыц. Старанная, вопытная даярка, майстар сваёй справы. А яшчэ — няўрымслівая. Мне з ёй і “сілай мерацца” цікава. Бачу, што і мае літры ёй зусім не абыякавы. Пануе, як бы правільна выказаць думку, нейкая добразычлівасць, калектыўная адказнасць за канчатковы вынік”.

Дарэчы, Валянціна Рыгораўна, як і 30 гадоў таму, па-ранейшаму верная сваім жыццёвым прынцыпам. Праўда, з самою ёй пагаварыць не давялося: паехала на некаторы час пагасціць да сына, але лепей за яе сказалі вяскоўцы: “Добразычлівая, акуратная, працавітая жанчына, якая, нягледзячы на 85-гадовы ўзрост, заўсёды чымсьці занятая”.

У газетах за 1986 год знайшла яшчэ адзін матэрыял  — замалёўку пра Святлану Дзяшчэню, даярку Слаўкавіцкай фермы. Тады яна толькі пачынала сваю працу ў жывёлагадоўлі. Дарэчы, трапіць туды было не так і проста. Вось вытрымкі з таго артыкула: “Як цяпер, — успамінае Святлана, — чую рэзкі адказ заатэхніка: не магу я цябе, дзяўчына, узяць на ферму. Баюся, што вопыту малавата. Ды і куды табе, такой худзенькай, справіцца з каровамі.

У той момант нейкі горкі камяк засеў у горле Святланы, і яна не змагла адстаяць сябе. Толькі гаручыя слёзы адчаю ўсё каціліся і каціліся па яе дзявочым твары. Яшчэ некалькі дзён употай яна ліла слёзы ў падушку. Але думкі яе ўсё роўна блукалі там, на ферме, каля прыгажунь-рагуль. Не магла дараваць сабе праяўленай слабавольнасці і вырашыла зноў ісці да заатэхніка. Размова была кароткай. Усё, што скапілася на душы, выказала адразу. Рашуча заявіла: “Нікуды я адсюль не пайду, усё роўна стану даяркай”.

Работніцай яна аказалася стараннай. Таму і вопыт у хуткім часе прыйшоў. Што сама спасцігала, а што падказвалі старэйшыя сяброўкі, якія ў патрэбны момант прыходзілі на дапамогу. “Расце наша Светка, — з любоўю гаварылі пра яе жанчыны. — Вунь якая хваткая ды зайздросная да работы стала. Глядзі, хутка і нас перасягне”. А яна, сама таго не заўважаючы, сапраўды вырасла як прафесіянальна, так і маральна. Любая няўдача, любы промах у рабоце балюча адзываліся ў сэрцы. І калі яны былі выкліканы суб’ектыўнымі прычынамі, то, як кажуць, спуску нікому не давала.

— А што ж, так і трэба. Былі часы, што каровы заставаліся без кармоў, якіх не хапала да пачатку пашавага перыяду. Душа балела, гледзячы на буронак. Яшчэ ж і надоі пэўныя дай. А малако, як вядома, у каровы на языку. І выганялі самі, бо цяжка было з даглядчыкамі, ранняй вясной кароў у поле, каб хоць як падтрымаць падаючыя надоі. Я ганаруся сваёй прафесіяй. Хочаце — верце, а хочаце — не: для мяне даіць кароў — няма лепшага занятку. Ідучы на работу, я зараней ведаю, што карміліцы-буронкі  ніколі не пакрыўдзяць мяне. А калі трэба, то і выкажу ім сваю крыўду, а іншы раз і паплачу перад імі. Яно, без смеху, сапраўды так… Я зычу дзецям такога шчасця, якое маю сама. Няхай толькі растуць здаровымі ў нашай сям’і механізатар і даярка”.

Варта дадаць, што працавалі людзі тады ў значна горшых умовах, чым цяпер. Шмат чаго прыходзілася рабіць уручную, таму і групы кароў па цяперашніх мерках былі невялікія. Вось што ўспамінае з гэтай нагоды Святлана Уладзіміраўна Дзяшчэня, якая і зараз яшчэ працягвае працаваць даяркай на той жа Слаўкавіцкай ферме: “Пачынала я з ручной дойкі. У групе было ўсяго 18 кароў. Потым праз год, калі пабудавалі новы хлеў, з’явіліся даільныя апараты і даілі ўжо ў бачкі. Адпаведна, і нагрузка павялічылася. За адзін раз выдойвалі больш за 30 кароў. Час не стаяў на месцы, і на змену бачкам прыйшоў малакаправод, што значна палегчыла нашу працу. Мая група кароў павялічылася да 50 галоў і на такім узроўні трымаецца вось ужо восьмы год. Даенне лінейным малакаправодам функцыянуе паралельна з нядаўна пабудаваным новым даільным залам. Там ужо сапраўдная цывілізацыя”.

У раёне сёння дзейнічае 11 малочнатаварных фермаў, аснашчаных па самым апошнім слове тэхнікі. Усё абсталяванне ў даільных залах адказвае высокім стандартам і дазваляе атрымліваць высокую якасць малака. А сучасныя даільныя ўстаноўкі дазваляюць максімальна палегчыць працу даярак. Дзякуючы новаму абсталяванню ферма XXI стагоддзя ўжо не будзе такой, як 30 гадоў назад. Працаваць на сучаснай ферме і лягчэй,  і цікавей. Цяпер адна даярка можа працаваць з групай больш за 100 кароў. Дакладны ўлік кожнай дойкі — гэта яшчэ і фундамент для эфектыўнай матывацыі працы.  Калі ў раёне распачалася рэканструкцыя і мадэрнізацыя МТФ, то ў першую чаргу разлічвалі на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці малака, паляпшэнне яго якасці і рост асноўных эканамічных паказчыкаў дзейнасці гаспадарак — выручкі, прыбытку, рэнтабельнасці. Але новае абсталяванне не дае малако само па сабе. Да новай фермы павінны адаптавацца і жывёла, і людзі. І там, дзе пануе калектыўная адказнасць, ёсць ужо адпаведныя вынікі. За мінулы год, да прыкладу, на Слаўкавіцкай ферме ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі” ад кожнай каровы атрымалі па 3 888 кілаграмаў малака, а лідарам не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне стала ферма “Слабодка” ААТ “Глуская Зара” — 4 517 кілаграмаў малака.

Я невыпадкова пачала свой матэрыял з гаворкі пра даярак, якія працавалі 30 гадоў назад. Хацелася лішні раз падкрэсліць, што фарміруе канчатковы вынік чалавек з яго адносінамі да працы. Цяпер на фермах створаны ўсе ўмовы для прадукцыйнай работы. Але, як наракала падчас нашай размовы Святлана Дзяшчэня, маладым яшчэ многаму трэба вучыцца ў старэйшых даярак. “Наша пакаленне было і застаецца больш вынослівым у рабоце, — казала яна. — Узяць маіх напарніц Ніну Маханьку, Ірыну Кавалёву, Жанну Гарбуновіч, якія дзеля работы гатовыя на ўсё. Бывае, прыхварэюць, а ўсё роўна спяшаюцца на ферму. А як жа інакш? Мы прывыклі так жыць і па-іншаму не можам”.

Вольга ЧУЧВАЛ

Последние новости

Происшествия

Возле деревни Згоды Глусского района нашли снаряд времен войны

4 мая 2024
Общество

Глускі раён у 1930-я. Лічбы і факты

4 мая 2024
Общество

Лагатып да 100-годдзя з дня ўтварэння Глускага раёна выбраны

4 мая 2024
Общество

Глусский район — на Доске почета Могилёвской области

3 мая 2024
Власть

«Не просто впечатляет». Лукашенко о предварительных результатах проверки дежурных сил ВВС и войск ПВО

3 мая 2024
Актуально

Более 400 кг некачественных мясных изделий и рыбы нашел Госконтроль в «Светофоре»

3 мая 2024
Актуально

Информация для владельцев собак

3 мая 2024
Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Общество

В Глуске отпраздновали Первомай — Праздник труда, весны и мира

3 мая 2024
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024