Установы культуры павінны працаваць больш эфектыўна
Прыярытэтнай задачай устаноў культуры ў бягучым годзе стане эфектыўная работа. Аб гэтым заявіла 19 лютага намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава на сустрэчы з працоўным калектывам санаторыя «Чабарок» у час адзінага дня інфармавання.
«Наша задача — гэта, несумненна, эфектыўная работа ўстаноў культуры ў Год культуры і падбор кадраў, забяспечанасць кадрамі. Мы хочам паглядзець, наколькі эфектыўна працуе тая ці іншая бібліятэка, той ці іншы Дом культуры, што яшчэ трэба зрабіць для таго, каб яны былі ўкамплектаваны кадрамі. У нас тры творчыя ВНУ рыхтуюць спецыялістаў для гэтай сферы. Але кадраў не ўсюды хапае. Часта маладому чалавеку, які скончыў ВНУ ў Мінску, не хочацца ехаць кудысьці ў аграгарадок, у сельскую мясцовасць. А гэта рабіць трэба, таму што там вялікая колькасць таленавітых людзей, там нашы гістарычныя карані, традыцыйная культура», — адзначыла віцэ-прэм’ер.
Эфектыўная работа дае магчымасць умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, павысіць заработную плату работнікам. «Ставіцца задача не толькі эфектыўна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі, але і зарабляць самім. Хачу сказаць, што гэта паспяхова спрацоўвае: сёння больш за 10 працэнтаў ад бюджэтнага фінансавання — гэта сродкі, заробленыя ў галіне самастойна», — паведаміла Наталля Качанава.
Паводле слоў віцэ-прэм’ера, у знакавы для культуры год урад пастараецца захаваць узровень фінансавання галіны, які складае 0,5 працэнта ад ВУП. У бягучым годзе запланавана вялікая колькасць мерапрыемстваў. Матэрыяльная база для рэалізацыі планаў ёсць: у краіне дзейнічае больш за 7 тыс. устаноў культуры. Але важныя не самі мерапрыемствы. «Думаю, Год культуры, 2016-ы, стане пераломным для кожнага з нас, дасць магчымасць пераацаніць свае падыходы ў адносінах адзін да аднаго, у сям’і, на вытворчасці, у арганізацыях, установах. Бо культура — гэта не толькі мастацтва, гістарычныя традыцыі. Яна закранае літаральна ўсе сферы нашага жыцця. Таму гэты год можна разглядаць як год больш шырокіх магчымасцей», — рэзюмавала член урада.