Темы

Жыццё пражыць — не поле перайсці

Жыццё пражыць — не поле перайсці

Жыццё… Яно ідзе з рознай хуткасцю: то няспешна вышывае па канве часу, то імчыцца, не даючы апомніцца. Але бывае, што адзін момант — і лёс чалавечы змяняецца назаўсёды. Гэта пра яе лёс, лёс Ванды Іванаўны Новікавай, у дзявоцтве Паўловіч, якой хутка, у красавіку, споўніцца 87 гадоў. Светлая, цэпкая яе памяць трымае некаторыя моманты свайго лёсу аж да драбніц, асабліва з дзяцінства і маладосці, якія яна ўспамінае са слязамі ў вачах.

Сям’я Івана Іосіфавіча Паўловіча ў даваенныя гады жыла ў вёсцы Зялёная Дуброва Старада-рожскага раёна. Ванда — адзіная дачушка ў маладой сям’і. Яе шчырая працавітая мама Ганна Міхайлаўна трымала вялікую гаспадарку, а маленькая дачушка заўжды была побач. Бацькі радаваліся, бо памочніца расла. Працавалі, жылі ў дастатку, хоць сваёй зямлі і не было, толькі невялічкая града каля хаты. Але папа, іменна так дасюль называе Ванда Іванаўна свайго бацьку, працаваў лесніком, і яны засявалі паляны ў лесе.

У тую восень 1937 года Ванда павінна была ісці ў школу, у першы клас. І накупляў ёй бацька багата сшыткаў — і ў лінейку, і ў клетку, каб хапіла дачушцы на цэлы год. Як жа дзяўчо радавалася, што хутка пойдзе ў школу, што будзе вучыцца! У адзін з летніх цёплых дзён — Іван Іосіфавіч толькі прыйшоў з абходу, распрануў вопратку і прысеў — да хаты пад’ехала машына і выйшлі чацвёра ў форме міліцыянераў. Яна гэта добра помятае. Двое сталі ў дзвярах, а другія пачалі рабіць вобыск. Кідалі на падлогу бялізну з шафы, адзенне, распаролі сеннікі, вытраслі салому, знялі са сцяны ружжо (у Івана Іосіфавіча, як у лесніка, яно было), параскідалі сшыткі і ўсё дапытваліся, навошта іх столькі багата. Чамусьці не верылі, што столькі патрэбна дзіцяці для вучобы ў школе. Нічога не знайшлі, але бацьку забралі. У той вечар забралі і дзядулю Ванды, а ў наступны раз яшчэ 18 мужчын і дзвюх жанчын з вёскі. Іван Паўловіч сядзеў у машыне насупраць дзядулі, пасярэдзіне міліцыянер, але нават словам не далі абодвум перакінуцца: нельга. Раніцай уся вёска плакала. За што забралі, ніхто не ведаў. Гэта было ў жніўні. А ў верасні Ванда пайшла ў першы клас.

Ганна Міхайлаўна даведалася, што муж у турме ў Слуцку, і неаднойчы хадзіла туды, сядзела там па два-тры дні, каб аддаць перадачу. На гэты час маленькая Ванда заставалася адна дома. Васьмігадовая дзяўчынка, аблі-ваючыся слязьмі, паліла ў печы, варыла есці сабе і жывёле, даглядала карову, кабылку з жарабком, авечак, свіней, курэй… Само сабой, хадзіла і ў школу, дзе вучылася пісаць у тых самых, татавых, сшытках. Але ў школе дачцэ “ворага народа” было вельмі нялёгка. З ёй сябравалі толькі такія, як яна сама, — дзеці “ворагаў народа”. Не прынялі дзяўчынку  ні ў акцябраты, ні ў піянеры, а так хацелася насіць зорачку і прыгожы гальштук, як усе. Не была Ванда і камсамолкай. Аднойчы прывезлі ў вясковую краму жоўты паркаль, і мама хацела купіць адрэз на сукенку сваёй дачушцы, але не прадалі! І нічога не прадавалі сем’ям “ворагаў народа”.

Некаторыя з вяскоўцаў адсядзе-лі ў турме месяцаў з восем, а потым была вочная стаўка з тымі, хто на іх данёс. Тады ў вёсцы і даведаліся, хто займаўся дано-самі, сталі іх баяцца. Маці ж аднаго з тых даносчыкаў хвалілася вяскоўцам, што як вызываюць яе сына для дачы паказанняў, то заўжды добра частуюць, асабліва смачная рыбка, такая тлустая, што аж па руках цячэ, ды яшчэ і малачком даюць запіваць. Казалі тады, што за кожнага “здадзенага” чалавека давалі па 10 рублёў, а ў тыя часы гэта былі вялікія грошы. На ўсё жыццё запомніла Ванда Іванаўна прозвішчы. Іх было чатыры, тых нелюдзяў, якія скалечылі жыццё яе сям’і і яе аднавяскоўцаў. Яны жылі побач — Сташэўскі, Дзядзюля, Парахня і Ярашэвіч. У тую раніцу, калі ўсіх забралі, яны, зрабіўшы сваю брудную справу, таксама гаравалі і спачувалі сваім землякам. Але Бог пакараў усіх чатырох: ніводзін не дажыў да старасці і не памёр сваёй смерцю. Грэх вялікі на іх быў, кажа Ванда Іванаўна.

Дарэчы, пасля той вочнай стаўкі некалькі чалавек адпусцілі, што было вялікай рэдкасцю, а вось бацьку — не. Калі прыйшлося афармляцца Вандзе Іванаўне на пенсію, пачала шукаць дакументы: паглядзець, з якога яна года нараджэння, бо ў вайну мама памаладзіла яе на два гады, каб не забралі ў Германію. Пісала і ў Маскоўскі Вярхоўны Суд, і ў розныя асобыя органы, усюды… І прыйшоў праз некаторы час адказ: “… з апроса Паўловіча Івана Іосіфавіча значыцца дачка Ванда,1929 г. н…”, там жа, што бацька “расстраляны 10 снежня 1937 года і рэабілітаваны ў 1956 годзе”. А вось дзе пахаваны, кажа Ванда Іванаўна, невядома, можа, і ў тых Курапатах. Дзядуля яе таксама быў расстраляны, па даведках, пахаваны ў Гомелі.

Калі забіралі бацьку, казалі, што ён хутка будзе дома, нават не далі сабраць яму з сабою неабходны клуначак, дазволілі ўзяць толькі дзве пары бялізны. Тое “хутка” расцягнулася на ўсё жыццё. Не дачакаліся ні жонка, ні дачка, не ўбачылі дзядулю і ўнукі… Застаўся ад бацькі ў Ванды Іванаўны яго прафсаюзны білет ды некалькі фотакартак, якія яна захоўвае як дарагую сэрцу памяць.

Цяжка было жыць Ганне Міхайлаўне, маладой жанчыне, адной з дзіцём, на чужыне — без радні, без мужа. І перад самай вайной прадала мама Ванды хату, пагрузіла на дзве падводы, што ўмясцілася, і паехала на Бабруй-шчыну. Усё астатняе нажытае засталося новым гаспадарам. У вёсцы Спорнае, дзе жыла родная цётка, купіла маленькую хатку, а ўвосень 1942 года радня дапамагла перавезці гэту будыніну на дзедава селішча ў родную вёску з прыгожай назвай Фартуны.

Фартуна — багіня шчасця, казала Вандзе мама, цешыла сябе і дачушку надзеяй, што мо тут, у гэтай вёсцы, дачакаюцца бацьку, мо тут будзе лепей. Яна ж паведала Вандзе і паданне, чаму вёска так завецца. На гэтым месцы быў колісь лес, а побач стаяў маёнтак вельмі добрай пані па прозвішчы Фартункевіч. Тая пані любіла гуляць у карты і аднойчы прайграла свой маёнтак. А калі з’язджала з гэтых мясцін, то папрасіла ў новага гаспадара, каб паселішча, якое пачалі абжываць сяляне вакол маёнтка, назвалі Фартуны — у яе памяць. Так і было зроблена.

Вайна прынесла і голад, і холад. У адзін з восеньскіх дзён жыццё сялян вісела на валаску. Справа была ў тым, што ў вёсцы жыла Ядвіга Шыкер, сувязная партызан. Усе сяльчане пра гэта ведалі, але немцам яе ніхто не выдаваў. У адзін з ранкаў, вяртаючыся з задання, да Ядвігі зайшлі партызаны, чалавек пяць, каб адпачыць. Так яны рабілі неаднойчы. Агледзеўшы з бінокля мясцовасць вакол вёскі, партызаны ўбачылі, што да Фартун ідуць з боку Вільчы “дабра-вольцы”, якія служылі немцам. “Тады партызаны зрабілі засаду, — расказвае Ванда Іванаўна, — якраз на нашым агародзе, за стогам і за нашым хлявом. Відаць, ім так зручна было. Пачалася перастрэлка, у выніку адзін з тых “дабравольцаў” быў забіты, а чатыры астатнія збеглі ў Каменку, дзе былі немцы. Калі стрэлы сціхлі, я, хоць і малая была, але дадума-лася, што трэба ўсё прыбраць. Сабрала патроны і закапала ў ямку, каб не было відаць, адкуль стралялі, прыцерушыла сенам”.

А надвячоркам таго ж дня ў Фартуны прыехалі немцы. Усіх вяскоўцаў выгналі з хат. Лямант, крык, слёзы, салдаты з аўтаматамі. Людзей паставілі ўздоўж вуліцы (было 25 двароў у вёсцы), а насупраць — кулямёты, і папярэдзілі: хто з месца кранецца ці паспрабуе збегчы — адразу застрэляць. Дапытваліся, да каго ішлі тыя “дабравольцы” і дзе партызаны. Але ўсе маўчалі. Жыхарам нагадалі, што калі яшчэ такое будзе, то вёску спаляць, а ўсіх расстраляюць. Забралі немцы забітага і з’ехалі. “Не верылася, што засталіся жывыя, — успамінае Ванда Іванаўна. — А той кулямёт дасюль стаіць у вачах, наяве бачу, як спадае кулямётная лента з патронамі аж да зямлі”. Вось тады, мабыць, і была побач з вяскоўцамі багіня Фартуна. Смерці ў вочы глядзелі, а жыць засталіся.

“Было, — працягвае горкі ўспамін жанчына, — што ноччу да нас прыйшлі нейкія людзі ў цывільным, перавярнулі ўсё ў хаце, як тады, у 1937 годзе, шарылі па ўсіх кутках — забралі і адзенне, і бялізну, і ежу, нават выязную прыгожую збрую. Відаць, ім падалося гэтага мала, яны пачалі патрабаваць ад мамы яшчэ і тое, што, мабыць, схавана. А яна не хацела прызнавацца і аддаваць, самім жа трэба было неяк выжыць”.

Тады адзін з тых людзей наставіў маленькай Вандзе аўтамат у грудзі з пагрозай, што застрэліць. І дзіця паказала іх сямейную хованку. Забралі ўсё, падчыстую. Сярод  начных грабежнікаў быў і чалавек з суседняй вёскі Макараўкі па прозвішчы Горскі, яго пазнала маці. Вось так і жылі, трымаліся на бульбачцы ды на тым, што даваў агарод.

У вёсцы тры месяцы знахо-дзілася нямецкая ўправа, і па яе загадзе забіралі моладзь у Германію. Прыехалі неяк ворагі ў вёску і зноў пачалі ўсіх зганяць з хат, а Ванда Іванаўна з мамай схаваліся ў сена, якое было спецыяльна складзена да сцяны хаты. Яны хаваліся ў ім у ліхую часіну і праз дзірачку сачылі, што робіцца на вуліцы. Забралі ў той дзень многа маладых вяскоўцаў, у тым ліку родную сястру мамы Змяеўскую Соф’ю Міхайлаўну і яе дачок Веру і Надзю, а самую меншанькую, Любу, пакінулі дома з бацькам, ён ужо па ўзросце не падыходзіў. Дагналі ўсіх да вёскі Круглоніва і адпусцілі некаторых, Соф’ю таксама. Прыйшла яна дадому, а муж мёртвы ляжыць на падлозе — памёр ад расстройства, і немаўля побач з мёртвым бацькам сядзіць.

Ванду ў Германію не забралі, бо мама ёй паменшыла ўзрост на два гады, таму пасля вайны давялося дзяўчынцы ісці ў школу ізноў у трэці клас, хоць і скончыла перад вайной чатыры класы. Пасля вайны, успамінае Ванда Іванаўна, цяжка жылося, але весела было, хоць і гаравалі ад цямна да цямна. Песні па вечарах, гармонік грае, ладзіліся танцы. Клуба свайго ў вёсцы не было, дык збіраліся па хатах, дзе хто пусціць. Прыгожая, маладая, вёрткая да танцаў была Ванда Іванаўна, і спяваць яна вельмі любіла. Песень ад сваёй мамы ведала багата. Вось у адзін з такіх танцавальных вечароў выпадкова прыйшоў са сваім сябрам у Фартуны і яе будучы муж, убачыў прыгажуню, пявунню і адразу прыняў рашэнне жаніцца.

“Як зараз памятаю, праспявала я прыпеўку:

“Мая белая касынка

На беразе дуецца,

Мая прыгожая каса

Апошні год красуецца”, — кажа Ванда Іванаўна. — Да мяне падышоў статны чарнявы ваенны і прапанаваў выйсці за яго замуж. А я адразу дала згоду зусім незнаёмаму, невядомаму чужаку!” А заляцаліся ж і свае вясковыя хлопцы, але яны хадзілі ў цывільным, а Вандзе вельмі падабалася ваенная форма. Мабыць, гэта быў той самы лёс…

На другі дзень, апавядае Ванда Іванаўна, прыйшоў Міколка (так яна ўсё жыццё і звала яго) у сваты. Тут ужо і бліжэй пазнаёміліся. Высветлілася, што на пачатку вайны яму давалі бронь, бо працаваў на ваенным заводзе ў горадзе Барнауле, але хлопец рваўся на фронт і свайго дабіўся. Ваяваў, быў паранены, кантужаны, у галаве сядзелі асколкі. Меў узнагароды, а пасля вайны застаўся служыць звыштэрмінова ў авіягарадку ў Бабруйску. “Каб не тая ваенная форма, я б за яго ніколі замуж не пайшла. Ой, і нагарава-лася ж, — уздыхае Ванда Іванаўна. — Замуж выйшла, а шчасце тое жаночае было толькі сем месяцаў — кінуў мяне мой Міколка і з’ехаў некуды. А я ўжо цяжарная была, сыночка насіла. Нарадзіла яго і назвала Мікалаем, як і мужа. Да ўсіх ідуць наведваць у бальніцу мужы, а да мяне толькі мама прыехала. І горка, і сорамна, быццам бы я нагуляла сваё дзіцятка. Гэта зараз прасцей, а колісь, калі няма ў цябе гаспадара — значыць, ты порчаная.

Як споўнілася сыночку адзінаццаць месяцаў, прыслаў мой Міколка пісьмо аж з Сібіры і запрасіў прыехаць у Каргасок, маўляў, будзем жыць там. Першы раз у жыцці чула такую дзіўную назву, але ж дапыталася ў людзей, дзе гэта, і паехала: жыць трэба сям’ёй, дзіцятка гадаваць. Суткі начавала на вакзале ў Маскве, потым цягніком да Новасібірска восем сутак, а потым на прыстань і параходам па рацэ Об, яшчэ пяць сутак да таго Каргаска. І ўсё гэта з маленькім сыночкам, адна.  Як успомню, дык зараз жах бярэ. Як адважылася?

Прыехала, але пажыла там зусім мала. Аказалася, што ў майго Міколкі ёсць тут, у Каргаску, каханка. І навошта было мяне зваць да сябе? Эх, лёс! Але ж дзядзька яго, Сільвестр, паўшчуваў, што трэба жыць у сям’і, і, як я засабіралася дадому, Міколка вырашыў ехаць са мною. Вось так: некалькі месяцаў там, у Сібіры, і зноў доўгі шлях. Ледзь паспелі на параход, пакуль рэчка не стала, бо ўжо набліжалася зіма. Добра, што мама прыслала грошай на дарогу, ды й тыя я з цяжкасцю атрымала з дапамогай улады, бо былі яны адрасаваны на імя Міколкі.

Мой сыночак так змарыўся ў дарозе, што ледзь жывы застаўся. Але выхадзілі яго з мамай. Разам з намі ў  Фартуны прыехала і мужава  радня — чатыры чалавекі яшчэ. Вось гэта была сям’я! У маленькай хатачцы — восем душ з намі. Амаль паўгода пражылі “госці” ў нас, а потым з’ехалі, а разам з імі і мой Міколка. Куды? Невядома. Увесь час нам прыйшлося іх карміць, бо госці ж, а мама яшчэ і падатак заплаціла за тыя грошы, што мне высылала на дарогу. Такі быў закон. Абнішчалі зусім, цяжка-цяжка было. Працавалі не пакладаючы рук — і на сваёй гаспадарцы, і ў калгасе”.

Падала Ванда Іванаўна на свайго Міколку на аліменты. Шукалі яго па ўсім Савецкім Саюзе. Сынок ужо ладна падрос, уладкавалася Ванда прадаўцом у магазін. Крыху жыццё наладжвалася. І вось праз чатыры гады, перад Тройцай, аб’явіўся Міколка, прасіў прабачэн-ня, прапанаваў жыць, абяцаў, што больш не з’едзе. А Ванда ўжо і замуж сабралася за мясцовага хлопца, і сватацца ён павінен быў прыйсці на Тройцу. Але зноў яго вялікасць лёс! І даравала, і згадзілася, і жылі потым добра. Дачушку нарадзіла. Выгадавалі дзетак. Сынок Ванды адслужыў, ды так і застаўся, як і бацька колісь, на звыштэрміновую службу прапаршчыкам у Бабруйску. Дачушка скончыла ўніверсітэт.

“Жыць бы да радавацца, унукаў гадаваць. Але, відаць, мой лёс такі — жыць адной, — смуткуе Ванда Іванаўна. — У 1982 годзе ішоў мой Міколка з працы па дарозе, а яго трактар збіў — і насмерць. Засталася ўдавою, не было яшчэ і пяцідзесяці гадоў. Вось табе і Фартуна — багіня шчасця. А дзе яно схавалася, тое шчасце, ад мяне ў тых Фартунах? Бог яго ведае”.

У 1983 годзе пераехала Ванда Іванаўна з мамай у Глуск, купілі тут хату, зрабілі рамонт. А жыць і працаваць усюды можна, галоўнае, не ленавацца, а рабіць усё з душой, тады і справа спорыцца. А разуменне, што без працы нічога не будзе, да Ванды прыйшло яшчэ ў далёкім дзяцінстве. За сваё жыццё прыйшлося ёй зарабляць на хлеб і прадаўцом, і начной нянькай, і поварам у школе, і асемянатарам у саўгасе ў Гарохаўцы, пасля заканчэння курсаў у Горацкай акадэміі, і паляводам, і назіра-льнікам вады ў Глускім МУААСе (была такая арганізацыя). Адсюль і на пенсію пайшла. Але, як і колісь, засявае свой агарод пры хаце. Садзіць усё Ванда Іванаўна рана па вясне, бо знаходзіцца агарод на ўзгорку. Градкі ў яе заўжды дагледжаныя і чысцютка выпала-ныя, ад яе працавітых рук растуць што на дражджах і бульба, і гурочкі, асабліва ўдаецца цыбуля. Хатняя гаспадарка, жыццёвая спадарожніца Ванды Іванаўны, заўсёды была добрым падспор’ем для сям’і — і малачко сваё, і мяса, і яйкі… Яна і зараз не можа сядзець склаўшы рукі. Па вясне і аж да самай глыбокай восені глушчане бачаць невысокага росту жвавую жанчыначку, якая вядзе на павадку кароўку, а тая паслухмяна крочыць за ёю на пашу. 3 год назад побач беглі яшчэ і козачкі, але стала цяжкавата, збыла іх добрым людзям. А калі кароўку пасвіць, то таксама без справы не сядзіць: то траўкі лекавыя збірае, то зелля нарве ахапачак — спатрэбіцца, а іншым часам і песню заспявае. А іх яна ведае вельмі багата, як і прыпевак. На кожны момант жыцця ў Ванды Іванаўны знойдуцца і добрая прыказка, і прымаўка. “І адкуль у яе гэта бярэцца?” — кажуць жанчыны, якія разам з Вандай Іванаўнай наведваюць аматарскае народнае аб’яднанне “Зносіны”. Гэта прыемная добразычлівая жанчына тут амаль з першых дзён заснавання, ужо болей за чвэрць стагоддзя. Яна з тых першых, хто паказваў глускія вячоркі на беларускім тэлебачанні, ездзіў з канцэртамі па сёлах, прыдбаў калектыву званне “народны”…

Тэлевізар паглядзець, кнігу альбо газету пачытаць  — цікавасць да розных падзей жыцця ў Ванды Іванаўны вялікая. Да ўсяго ёй ёсць інтарэс і час. Вось толькі да асабістага жыцця пасля смерці мужа яго не стала. Як бы там ні было, але, акрамя Міколкі, больш ніхто не патрэбен быў. Побач дзеці, унукі, якіх вельмі шкадуе і па магчымасці яшчэ і дапамагае, ёсць ужо і праўнучкі. Дачка з зяцем завуць жыць да сябе. У іхняй хаце ёсць асабісты пакойчык для Ванды Іванаўны, каторы раз і ўшчуваюць і ўгаворваюць, каб кароўку збыла, не працавала, пенсія ж ёсць, ды і не тыя гады ўжо. Цяжка. Здароўе падводзіць. Але сіла звычкі не адпускае. Як жа так, без справы? Ды і свая хатка — што родная матка. Вось такая яна, простая сялянская мудрасць жыцця.

Іна КІРЫНА

Фота Вольгі ЧУЧВАЛ

Последние новости

Происшествия

Возле деревни Згоды Глусского района нашли снаряд времен войны

4 мая 2024
Общество

Глускі раён у 1930-я. Лічбы і факты

4 мая 2024
Общество

Лагатып да 100-годдзя з дня ўтварэння Глускага раёна выбраны

4 мая 2024
Общество

Глусский район — на Доске почета Могилёвской области

3 мая 2024
Власть

«Не просто впечатляет». Лукашенко о предварительных результатах проверки дежурных сил ВВС и войск ПВО

3 мая 2024
Актуально

Более 400 кг некачественных мясных изделий и рыбы нашел Госконтроль в «Светофоре»

3 мая 2024
Актуально

Информация для владельцев собак

3 мая 2024
Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Общество

В Глуске отпраздновали Первомай — Праздник труда, весны и мира

3 мая 2024
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024