Павышэнне акцызаў у цяперашніх умовах не паўплывае на цэны на бензін
«Белнафтахім» у бягучай сітуацыі не разглядае павышэнне рознічных цэн на маторнае паліва, паведаміла прэс-сакратар канцэрна Марына Касцючэнка.
«Павышэнне на 50 працэнтаў акцызаў на бензін і дызельнае паліва — адчувальны фактар для эфектыўнасці функцыянавання нафтаперапрацоўчых заводаў, цяпер доля акцызаў у цане аўтамабільнага паліва складае да 21 працэнта. У той жа час, прытрымліваючыся ўзважанай і сацыяльна адказнай цэнавай палітыкі, у бягучай сітуацыі з улікам усіх фактараў канцэрн не разглядае павышэнне рознічных цэн на маторнае паліва», — адзначыла Марына Касцючэнка.
Яна нагадала, што ў Беларусі першай сярод краін СНД дзякуючы мадэрнізацыі вытворчых магутнасцей НПЗ цяпер рэалізуецца аўтамабільнае паліва толькі 5-га экалагічнага класа (стандарту Еўра-5), акцыз на якое ўстаноўлены на 26-42 працэнты ніжэй, чым на менш якасны прадукт, што не адпавядае класу 5. За апошнія 10 гадоў выпуск дызельнага паліва Еўра-5 у ААТ «Нафтан» быў павялічаны ў 15 разоў, а выпуск аўтабензіну Еўра-5 у ААТ «Мазырскі НПЗ» — у 6 разоў.
Як паведамлялася, у Беларусі павялічаны стаўкі акцызаў на тытунёвыя вырабы, а таксама аўтамабільны бензін і дызельнае паліва. Стаўка акцызаў на аўтамабільны бензін, які не адпавядае класу 5, складзе Br5 млн 273,7 тыс. за 1 т, класа 5 — Br3 млн 61,7 тыс.; на дызельнае паліва — Br2 млн 267,3 тыс. і Br1 млн 676,7 тыс. адпаведна.