Культурнай сталіцай Беларусі-2017 стане Бабруйск
Культурнай сталіцай Беларусі-2017 стане Бабруйск. Такое рашэнне прынята 4 мая на калегіі Міністэрства культуры.
Прадстаўляючы прэзентацыю горада, намініраванага на статус “Культурная сталіца года”, намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Маркачоў адзначыў, што Бабруйск упершыню ўдзельнічаў у конкурсным адборы ў 2012 годзе. За мінулыя пяць гадоў горад правёў вялікую работу па ўмацаванні і развіцці базы ўстаноў культуры. З агульнага бюджэтнага фінансавання на развіццё і ўмацаванне базы ўстаноў накіравана больш як Br30 млрд.
Сёння ў Бабруйску ганарацца карціннай галерэяй, адкрытай у 2012 годзе. У яе калекцыі не толькі работы бабруйскіх мастакоў і керамістаў, але і творы ўдзельнікаў пленэру Art-Жыжаль з 18 краін, па выніках якога калекцыя папоўнілася больш як на 600 адзінак.
Як адзначыў Аляксандр Маркачоў, праведзены капітальны рамонт дзіцячай школы мастацтваў нумар 2 імя У.У.Алоўнікава. Гэта дало магчымасць арганізаваць у Год культуры першы адкрыты конкурс юных піяністаў імя Алоўнікава, ён сабраў прадстаўнікоў моладзі з усіх куткоў краіны. У Бабруйску нацэлены працаваць, каб конкурс атрымаў рэспубліканскі статус.
Акрамя таго, у бягучым годзе да Дня горада будзе адкрыты помнік пісьменніку, кінарэжысёру бабруйчаніну Эфраіму Сявелу. Будзе таксама ўстаноўлены памятны знак воінам-авіятарам, ён стане сімвалам памяці бабруйчан бацькам і дзядам, якія кавалі перамогу ў небе Айчыны. У 2017 годзе плануецца адкрыць Маладзёжны парк, ініцыятарам гэтага стала моладзь горада.
У вялікі сацыяльна-творчы праект штогод выліваецца канцэрт “Любімаму гораду прысвячаецца”, які праходзіць па выніках работы народна-гаспадарчага комплексу горада.
Сярод устаноў адукацыі аб’яўлены конкурс па зборы матэрыялаў для выдання буклетаў “Нашы вядомыя землякі”. Вынікі конкурсу будуць падведзены ў 2017 годзе, калі горад адзначыць сваё 630-годдзе. Вядуцца перагаворы з дачкой заслужанага мастака Расійскай Федэрацыі Абрама Рабкіна аб перадачы творчай спадчыны мастака-патрыёта, які апеў сваю малую Радзіму. Гэта можа стаць упрыгажэннем мастацкага музея і гонарам Бабруйска.
Візітнай карткай горада стаў міжнародны фестываль “Вянок дружбы”, які аб’яднаў пад дэвізам дружбы за 13-гадовую гісторыю 38 краін пяці кантынентаў. Упершыню за апошнія пяць гадоў удзельнікамі фестывалю сталі калектывы з Аўстрыі, Францыі, Бельгіі, Швецыі, Нідэрландаў, Іспаніі, Кіпра, ЗША, Кубы, Мексікі, Калумбіі, Ганы, Індыі, Чарнагорыі, Босніі і Герцагавіны, Ізраіля.
Ганаровы статус культурнай сталіцы года дасць магчымасць маштабна раскрыць патэнцыял горада, прыцягнуць увагу да яго гістарычнай спадчыны як беларусаў, так і замежных гасцей.
Як адзначыў, падводзячы вынік, міністр культуры Барыс Святлоў, важна таксама акрамя культурных мерапрыемстваў спланаваць мерапрыемствы ў іншых сферах жыцця. Аб’яўлены ў Беларусі Год культуры прадугледжвае прадстаўленне культуры ў шырокім сэнсе гэтага слова, а значыць, трэба максімальна аб’ёмна паказаць і іншыя сферы дзейнасці. Ён таксама прапанаваў апрабаваць у Бабруйску ідэю прысуджэння статусу “Ганаровы грамадзянін культурнай сталіцы Беларусі”.
Праект “Культурная сталіца Беларусі” стартаваў у 2010 годзе. Першым гэтага статусу быў удастоены Полацк. Потым эстафету падхапілі Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна, Брэст. У бягучым годзе Маладзечна мае статус культурнай сталіцы Беларусі.