Темы

Дзякуй вам за памяць, землякі!

Дзякуй вам за памяць, землякі!

Гэта быў не звычайны парад, гэта было не звычайнае шэсце — у адной калоне разам са сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукамі былі і нашы слаўныя абаронцы — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, хто загінуў, хто не дажыў да гэтага Дня Перамогі. Наша падзяка ім, наша памяць пра іх была ўвасоблена ў фотаздымках, у партрэтах, зробленых з маленькіх пажаўцелых фатаграфій: па вуліцах Глуска 9 мая ішоў бессмяротны полк. Гэта была самая масавая калона — больш за 350 чалавек і каля 350 партрэтаў абаронцаў. У святочным шэсці гэта быў такі моцны па сіле ўздзеяння акорд, такая магутная эмацыянальная падтрымка для ўсіх удзельнікаў парада.

У гэтым годзе да святкавання Дня Перамогі ў Глуску далучыліся байкеры, больш за 20 магутных машын узначалілі калоны. Але галоўнымі героямі гэтага свята, безумоўна, былі і заўсёды застаюцца нашы паважаныя ветэраны, на вялікі жаль, нямногія з іх змаглі прысутнічаць на святочным парадзе. Ім, былым франтавікам і ўдзельнікам партызанскага руху, выказалі словы шчырай падзякі ў сваіх выступленнях на мітынгу, які прайшоў каля мемарыяла “Воінская Слава”, старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Царыкаў, старшыня савета ветэранаў Валерый Сураўнёў. Віншаваннямі і кветкамі, поціскам рукі яны віталі Васіля Антонавіча Глаза, Мікалая Дзмітрыевіча Зянькоўскага, Уладзіміра Мікалаевіча Лысака, Васіля Апанасавіча Лаўрыновіча, Рыгора Іванавіча Грыневіча, Яўгена Цімафеевіча Шылава, Соф’ю Антонаўну Пятрову, Міхаіла Дзмітрыевіча Сцяпанава. Віншаванні і матэрыяльную дапамогу атрымалі, вядома ж, усе ветэраны, што жывуць у раёне.

Час бярэ сваё: сёння ў Глускім раёне толькі 21 ветэран Вялікай Айчыннай вайны, але павага да іх не змяншаецца, як не сціраецца і памяць пра іх подзвіг, пра подзвіг усяго народа. На франтах з 1941 па 1945 гады змагалася больш за шэсць з паловай тысяч жыхароў Глускага раёна, у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінула 4 725 нашых землякоў. Калі б сабраць іх партрэты і прайсці з імі па вуліцы калонай, то якое б доўгае атрымалася шэсце… А як не ўлічыць тых 3 126 мірных жыхароў раёна, што сталі бязвіннымі ахвярамі вайны?.. Так, вельмі дорага заплацілі мы за шчасце жыць пад мірным небам, вось чаму Дзень Перамогі і сапраўды — самае галоўнае свята для нашага народа. Гэта не проста словы, пацвярджэнне ім чыталася ў засяроджаных поглядах удзельнікаў у час мітынгу, на радасных тварах дзяцей і дарослых падчас далейшага святкавання.

Масавае гулянне, якое перамясцілася ў цэнтр гарадскога пасёлка, было сапраўды радасным і вясёлым па настроі і разнастайным па насычанасці праграмы. Дзеці не маглі прайсці міма крутых байкаў, і хаця ім да такой тэхнікі яшчэ расці ды расці, але на хвілінку ўявіць сябе брутальным мотагоншчыкам можна было прама тут і зараз, дастаткова было ўладкавацца на скураным сядзенні матацыкла. Што да задавальненняў больш дзяшовых, чым мець “Хонду” або “Сузукі”, то чарга да іх трымалася доўга: жадаючых пакатацца на дзіцячых атракцыёнах сярод мясцовай дзетвары было шмат.

Паўсотні спартсменаў прыняло ўдзел у традыцыйным лёгкаатлетычным забегу ад цэнтральнай плошчы да мемарыяла “Воінская Слава”. Тут не было раздзяленняў на школьнікаў і дарослых, а свае спартыўныя перамогі яны прысвяцілі Вялікай Перамозе, у гонар якой і праводзіўся забег. У тройку прызёраў (пачынаючы з трэцяга месца) сярод мужчын увайшлі Павел Статкевіч, Дзмітрый Барысік і Андрэй Раманоўскі. Сярод жанчын першымі фінішавалі Дар’я Цярэшчанка (1-е месца), Вольга Няхлебава (2-е месца) і Юлія Багам’я (3-е месца). Самым малодшым сярод усіх удзельнікаў забегу быў дзесяцігадовы Міхаіл Алёхна.

А вось у лёгкаатлетычных эстафетах спартсмены выступалі камандамі за свае школы, гледачы, што сабраліся на стадыёне, горача падтрымлівалі і падба-дзёрвалі іх. Тут пасля ўсіх забегаў месцы размеркаваліся наступным чынам: сярод дзяўчат перамогу і 1-е месца заваявала зборная гімназіі, на другім месцы — СШ № 2, потым каманда СШ № 1; сярод юнакоў самымі хуткімі былі прадстаўнікі школы № 2, другі вынік паказала гімназія, бронза і дыплом трэцяй ступені — у школы № 1.

Цікавую праграму да Дня Перамогі падрыхтавалі юныя таэквандзісты з фізкультурна-спартыўнага клуба. У іх паказальных выступленнях былі камандныя тулі, дэманстрацыйныя баі адзін на адзін і адзін супраць некалькіх нападаючых, практыкаванні з разбіваннем дошчачак нагой і рукой — трэнер Валянцін Сокал прыдумаў для іх цікавую пастаноўку, а яго выхаванцы бліскуча яе выканалі і выклікалі ўхвальныя апладысменты гледачоў.

Не шкадавалі далоняў гледачы і падчас вялікага святочнага канцэрта, наладжанага раённым Домам культуры і дзіцячай школай мастацтваў на сцэне, узведзенай прама на стадыёне. І гэта не дзіўна, бо песні пра вайну, а іх у праграме было нямала, заўсёды кранаюць душу, асабліва 9 Мая. Знайшлі сваіх слухачоў і сваіх прыхільнікаў і артысты з ансамбляў “Беларусачка” Заеліцкага цэнтра культуры і вольнага часу і “Азярынка” Калаціцкага СДК, яны выступалі на летняй танцавальнай пляцоўцы, так што там не толькі слухалі, але і падпявалі і нават танчылі. Пасля дарослых пляцоўку занялі дзеці, для іх праводзіліся розныя гульні і конкурсы, гэта цікава і само па сабе, а калі выйграеш прыз, то дзіцячая радасць падвойваецца.

Цікавым напаўненнем масавых гулянняў у Глуску сталі сельскія падвор’і, мясцовыя жыхары прывыклі ўжо, што там і смачныя пачастункі, як зараз прынята гаварыць, па даступных цэнах, і магчымасць выйграць у латарэю штосьці карыснае, скажам, парсючка, ды і проста паразглядваць экспанаты з ранейшага жыцця беларускай вёскі. Так было і на гэты раз, мясцовыя гаспадаркі падышлі да афармлення сваіх падвор’яў з вялікім стараннем і фантазіяй, не забыліся і на галоўную тэму — Дня Перамогі. Каму што, а мне дык спадабаўся панцак з тушонкай — цэлая шклянка і ўсяго за рубля. Што ж да афіцыйных пераможцаў гэтага агляду, то імі прызнаны СВК “Калгас “Зара камуны” (1-е месца), ААТ “Глуская Зара” (2-е месца) і СВК “Дружба” (3-е месца), узнагароды прадстаўнікі гаспадарак атрымалі з рук першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандра Гарбачэўскага.

Святочная праграма да Дня Перамогі ў Глускім раёне пачалася напярэдадні самога свята — ускладаннем вянкоў і кветак да помнікаў і воінскіх пахаванняў на тэрыторыях сельсаветаў, ранішні-камі, акцыямі, конкурсамі, канцэртамі ў дзіцячых установах, выставамі літаратуры ў бібліятэках і, безумоўна ж, разнастайнымі мерапрыемствамі ў сельскіх установах культуры, каб паўсюдна людзі маглі далучыцца да агульнай нашай памяці пра подзвіг народа, да агульнай радасці за май 45-га і да нашай вялікай падзякі тым, хто  прынёс нам гэту радасць, хто адстаяў мір. У кароткім слове “перамога” — мужнасць і адвага франтавікоў, боль і слёзы ад страты блізкіх, пакуты акупацыі, цяжкая праца і голад першых пасляваенных гадоў. Ці можна пра гэта забыць, ці можна прайсці міма такой даты, ці можна яе не святкаваць? Асабіста я ўпэўнена, што не. А калі ўбачыла, з якой радасцю віталі ветэранаў мае землякі, як дружна ішлі на парад, з якім гонарам неслі яны партрэты франтавікоў, пераканалася, што так думаюць многія з нас. Памяць пра вайну жыве не таму, што мы хочам адпомсціць за мінулае, а таму, што мы думаем пра будучае, пра тое, каб яно было мірным і шчаслівым для ўсіх. Дзякуй вам за Перамогу, ветэраны! Дзякуй вам за памяць, землякі!

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА і Вольгі ЧУЧВАЛ

Последние новости

Общество

Глусский район — на Доске почета Могилёвской области

3 мая 2024
Власть

«Не просто впечатляет». Лукашенко о предварительных результатах проверки дежурных сил ВВС и войск ПВО

3 мая 2024
Актуально

Более 400 кг некачественных мясных изделий и рыбы нашел Госконтроль в «Светофоре»

3 мая 2024
Актуально

Информация для владельцев собак

3 мая 2024
Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Общество

В Глуске отпраздновали Первомай — Праздник труда, весны и мира

3 мая 2024
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Актуально

Чтобы защитить свой урожай

2 мая 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси. 1943—1944

2 мая 2024
Общество

Белорусская партия «Белая Русь» отмечает первую годовщину

2 мая 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Власть

Новое руководство в министерствах и местная вертикаль. Лукашенко рассмотрел кадровые вопросы

22 апреля 2024