Темы

І дагэтуль доктару ўдзячна

Марыя Рыгораўна Беразоўская нарадзілася ў Глуску ў 1929 годзе. Скончыўшы пасля вайны педагагічны інстытут, адразу працавала ў Грэскім раёне, у Селецкай школе, што на Міншчыне, а пазней пераехала на ра-дзіму і доўгі час выкладала матэматыку ў Слаўкавіцкай сярэдняй школе. Якраз у гэты перыяд яе жыцця і здарыўся той выпадак. Больш за сорак год, кажа Марыя Рыгораўна, носіць унутры, не забыла і вельмі ўдзячна доктару, які выратаваў яе жыццё.

Было гэта ў далёкія 70-я гады ХХ стагоддзя. Неяк пад поўнач, расказвае Марыя Рыгораўна, стаў пабольваць у яе жывот. Крыху пацярпела: ці мала што з’ела? А потым успомніла, што якраз напярэдадні прачытала ў раённай газеце артыкул доктара пра апендыцыт. Баліць жывот, трываць нельга, магчыма, гэта і ёсць апендыцыт, які можа і лопнуць, а гэта ўжо пагражае нават смерцю. І вось сярод ночы Марыя Рыгораўна патэлефанавала брату ў Глуск, падзялілася сумненнямі наконт сваёй хваробы. Брат хуценька ўзняў швагра, той прыехаў на машыне ў Слаўкавічы і прывёз Марыю Рыгораўну ў Глуск, да сябе дадому. Трэба ж было памыцца, бо да доктара чалавек павінен ісці чысты. Хуценька памылася, сястра дапамагла, бо жывот пабольваў, і потым швагер даставіў Марыю Рыгораўну ў прыёмны пакой Глускай раённай бальніцы. Тут яе агледзелі і вызначылі, што гэта сапраўды апендыцыт. “Вызываем брыгаду, бу-дзем рабіць аперацыю, — вынес свой вердыкт дзяжурны доктар і даў загад санітарцы: — Пераапранайце хуценька хворую і ў палату”.

У той час адзенне ў пацыентаў забіралі, а давалі апрануць усё бальнічнае, нават абутак. І тут у свае “вялікія правы” ўступіла сані-тарка. “Яна не адзенне мне дала, а амаль сілком загнала мяне ў ванну мыцца, — расказвае Марыя Рыгораўна, — хоць я і казала, што памылася, чыстая, нават валасы яшчэ мокрыя, не высахлі. Але дзе там? Маўляў, такія правілы. А вада ў той ванне — гарачая-гарачая. Тэмпературны рэжым, усё як трэба, усё па правілах. А я такі чалавек, што прывыкла выконваць усе законы і правілы, так мяне вучылі ў школе, так і сама дзяцей вучыла. Трэба дык трэба. Нельга ж чалавека падстаўляць, ён жа на працы”.

І палезла Марыя Рыгораўна другі раз мыцца, ужо ў бальніцы.  Часу прайшло нямала, пакуль сядзела ў тым кіпні. Вось і жывот стаў балець болей, сэрца штосьці затахкала мацней. А санітарка тая некуды сышла. Стала Марыя Рыгораўна зваць яе, каб дапамагла з ванны вылезці. Але дзе там? Ні слыху ні дыху. Дзесьці тая надоўга знікла. Калі адчула, што зусім дрэнна становіцца, пачала Марыя Рыгораўна сама выбірацца з тае ванны. “Устаць дацягнуцца, каб пробку з ванны выцягнуць, не магу, сілы няма, а вада даходзіць аж да барады, ледзь не ўтапілася, — успамінае Марыя Рыгораўна. — Побач на сцяне нейкая труба была замацавана. Ухапілася рукамі за яе і неяк выкулілася з таго кіпня, чырвоная, што рак. Сарочку пачала апранаць. І тут у ванны пакой доктар маладзенькі заглянуў, хуценька дзверы зачыніў і некуды знік, не паспела я і слова сказаць. Думаю, вядома, голая жанчына стаіць, але ці ж не бачыў доктар голых? Толькі праскочылі ў галаве такія думкі, як заходзяць дзве маладыя жанчынкі ў белых халатах, накінулі на мяне халат, пад рукі падхапілі і павялі. А я сама ўжо ледзь рухалася: і жывот баліць, і слабасць вялікая”. У дзвярах сутыкнулася Марыя Рыгораўна з той санітаркай, каб на яе ліха. Але нічога не сказала, не паўшчувала, не да таго было.

“Вось памылася дык памылася, ледзь Богу душу не аддала яшчэ да аперацыі, — кажа Марыя Рыгораўна. — Прывялі мяне тыя жанчынкі ў аперацыйную, дапамаглі на стол легчы — і тут чую, як нешта цёпленькае па ўсім жываце расцяклося. І ўсё, адключылася. Пасля аперацыі даведалася, што апендыкс у мяне лопнуў і далася тая аперацыя доктару нялёгка. Вось табе і артыкул чытала, і прыехала ў свой час, але тая санітарка з правіламі “добра” дапамагла мне. Ледзь на той свет не загнала, каб не доктар, які, як аказалася, пайшоў шукаць хворую, бо не дачакаўся яе ў аперацыйнай. Потым пагаворвалі, што санітарку тую звольнілі з работы, бо “правілы” прымяняліся не са мной адной…”

А доктару таму і хваляванняў, і працы багата хапіла. Амаль не адыходзіў ад ложка Марыі Рыгораўны: усё нешта рабіў, гля-дзеў, уколы ды парашкі прызначаў, валаводзіўся з трубкамі, якія тырчалі з жывата… Няньчыўся мудрэй, як з малым дзіцём, аж цэлыя тры месяцы выхаджваў.“А я ж у яго была не адна хворая. Людзей ляжала многа, і ў кожнага свая болька, і на ўсіх яго хапала, заўсёды зайдзе з усмешкай, з гумарам, добрым словам… Я ж была проста хворая, невядомы яму пацыент, а ён — малады доктар, які працаваў тут па размеркаванні пасля інстытута. Вылечыў! Вялікі дзякуй доктару і нізкі паклон, што жыву дасюль”, — гаворыць Марыя Рыгораўна.

Яна ўжо даўно на пенсіі, але ў асноўным сябе абслугоўвае сама, работнікі сацыяльнай службы дапамагаюць, дзякуй ім, добрыя людзі. Агарод садзіць, даглядае яго і вельмі часта доктара таго ўспамінае. Вось і заканчваючы свой аповед, Марыя Рыгораўна з хваляваннем кажа: “Са святам вас, Днём медыцынскага работніка, паважаны Уладзімір Аляксандравіч Цісіневіч, бо маім выратавальнікам былі іменна вы, доктар з залатымі рукамі і выдатнымі ведамі сваёй медыцынскай справы. Лічу, жыхарам Глушчыны пашанцавала, што застаўся той маладзенькі прыгожы доктар працаваць у нашай бальніцы. Жывіце доўга, паважаны Уладзімір Аляксандравіч, няхай заўжды ясна свецяцца вашы вочкі, упэўнена лечаць рукі і доўга б’ецца залатое сэрца!”

Запісала Іна КІРЫНА

Последние новости

Общество

Глуск: 1396—2026. Не глуш, а цэнтр Палесся

20 апреля 2026
Читать новость
Общество

В Минске встретились ветераны Военно-морского флота из всех регионов Беларуси

20 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Победу приближали как могли

18 апреля 2026
Читать новость
Образование

В Глуске управление по труду провело очередную ярмарку вакансий

18 апреля 2026
Читать новость
Общество

Глусчане на республиканском субботнике. Фоторепортаж

18 апреля 2026
Читать новость
Власть

Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв на субботнике работал на животноводческом объекте в ОАО «Турино-агро»

18 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем