МПЗ: калі чалавек апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, яго могуць вызваліць ад выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў
Калі чалавек апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, яго могуць вызваліць ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Аб гэтым паведаміла намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка 26 кастрычніка на брыфінгу «Практычныя аспекты рэалізацыі дэкрэта нумар 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
Намеснік міністра адзначыла, што дэкрэт устанаўлівае агульныя падыходы да ўсіх плацельшчыкаў збору. Разам з тым часта неабходна ўлічваць кожную канкрэтную жыццёвую сітуацыю «У жыцці ў любога чалавека бываюць розныя сітуацыі. Можа скласціся так, што чалавек па тых ці іншых прычынах плацельшчык збору і ў яго цяжкае фінансавае становішча, жыццёвыя абставіны. У гэтым выпадку прадугледжана магчымасць звароту ў мясцовыя органы ўлады па пытанні вызвалення ад выплаты збору. І грамадзяне могуць гэтым скарыстацца», — расказала Святлана Шаўчэнка.
«Тыя грамадзяне, якім будуць накіраваны паведамленні і ў якіх цяжкія фінансавыя абставіны, могуць звяртацца ў мясцовыя органы ўлады з заявай», — удакладніла намеснік міністра.