Темы

Яны перажылі трагедыю

Яны перажылі трагедыю

Я памятаю гэты дзень, 11 жніўня 1992 года. Маланкай разляцелася па раёне нядобрая вестка — гараць Калюга і Сельцы. Чужая бяда болем адазвалася ў сэрцы. Але як дапамагчы людзям, чым іх суцешыць? Захацелася паехаць туды, паразмаўляць з сяльчанамі. І вось мы з мужам на ўласнай машыне праз колькі хвілін пад’язджаем да вёскі Калюга. Стрымаць слёз на той момант было проста немагчыма. Яны самі міжволі каціліся з вачэй. І я зразумела: людзі, якія сустракаліся нам на шляху, не мелі патрэбы ў нашым суцяшэнні. Яны, здавалася, адлучыліся ад знешняга свету. Самотныя твары, чырвоныя ад слёз вочы, абцяжараныя горам постаці. На ўсё жыццё ўрэзалася ў памяць карціна: конік цягне воз з небагатым хатнім скарбам, а да яго прывязана карова і побач ідуць гаспадары. І ўсё гэта на фоне дагараючых дамоў, папялішчаў, пачарнелай травы. Людзі адзін за адным пакідалі свае абжытыя мясціны, тое, што яшчэ некалькі гадзін назад называлася селішчам. Здавалася, у роспачы яны не ведалі, што рабіць, куды кінуцца. Ім было ўсё роўна. Чужым поглядам яны глядзелі на тых, хто спрабаваў спыніць гэты жах — пажарных, атрады добраахвотнікаў з прадпрыемстваў і арганізацый, прыехаўшых з райцэнтра. Цяжка сказаць, што рабілася ў душы кожнага. Жыхары ў адзін момант сталі чужымі ў сваіх вёсках. Як кажуць, ні кала, ні двара. І такая доля напаткала многіх — 34 дамы згарэлі ў Калюзе і 12 — у Сельцах.
Калі чалавек знянацку адным разам пазбаўляецца свайго жытла і ўсяго, што было ў ім, то цяжка яго пераканаць, што ён не адзін у горы. Так было і 20 гадоў назад. Мясцовая ўлада адразу ж прыйшла на дапамогу пагарэльцам, прапанаваўшы начлег у гасцініцы. А потым было прынята рашэнне на рэспубліканскім узроўні — адрадзіць знішчаныя агнём вёскі. Да будаўніцтва новых дамоў прыступілі 25 будаўнічых арганізацый амаль з усіх раёнаў вобласці, Салігорска і Светлагорска, а гэта каля 500 чалавек, на пляцоўках працавала больш за 70 адзінак магутнай тэхнікі. Менш чым праз тры месяцы на месцы папялішчаў выраслі новыя дамы. Людзі вярнуліся ў родныя мясціны.
Час няўмольны. І нездарма кажуць, што ён лечыць. Засталіся ў мінулым усе нягоды, прытупіўся боль, але ёсць памяць. І мы, пабываўшы на мінулым тыдні на месцы той трагедыі, сустрэліся з жывымі яе сведкамі. Вось што расказала 79-гадовая жыхарка Сельцаў Надзея Савельеўна Пяхота:
— Я стараюся не ўспамінаць пра той пажар. Жыву так, быццам яго і не было. Хата ёсць, прыбудовы да яе, агарод — усё, як раней. Варушыць памяць цяжка. Вось і цяпер, калі вы спыталі пра тыя падзеі, не магу стрымаць слёз. А гэта ўсё адбіваецца на здароўі. Але я раскажу тое, што асабліва запомнілася. Быў звычайны спякотны дзень, які пераваліў за поўня. Я пайшла ў хлеў даіць карову і раптам чую — дзесьці трашчыць шыфер. Выглянула за вароты і спужалася — хата суседкі шугала агнём. Дома ў мяне адпачывала дачка і яе трэба было выратоўваць. Прыбегла ў хату і толькі паспела крыкнуць: “Гарым!”. Так абедзве выскачылі на вуліцу ў чым былі. Далей было ўсё як у страшным сне. Не ведала куды кінуцца і што рабіць. Побач занялася яшчэ адна будыніна. Агонь сціснуў з усіх бакоў. Чамусьці пабегла на агарод, паспрабавала затушыць зерне, якое зжатым ляжала ў кучы. Потым у адчаі, каб не згарэць, накінула на сябе вісеўшы на плоце дыван. Ён пачаў плавіцца і апаліў маё цела. Скінула яго і пабегла ў бок агарода, дзе ўпала на зямлю і так заставалася да тых пор, пакуль мяне не знайшлі пажарнікі. З апёкамі трапіла ў бальніцу, дзе праляжала амаль два месяцы.
Такога ж жаху нацярпелася і яшчэ адна наша субяседніца, 90-гадовая Соф’я Фёдараўна Анцюшэня. Абедзве жанчыны, не стрымліваючы слёз, успаміналі падзеі 20-гадовай даўнасці. Сёння ў вёсцы Сельцы, якая, дарэчы, загарэлася першай, жывуць яшчэ дзве сведкі — Таццяна Іосіфаўна Кабановіч і Еўдакія Піліпаўна Анцюшэня.
Залячыла раны і Калюга. Уздоўж новай вуліцы выцягнуліся цагляныя дамы, на агародах выраслі новыя дрэвы, пастарэлі, а многіх ужо і няма, жыхары. Але з адным з іх, Іванам Сцяпанавічам Зубкевічам мы пагаварылі і высветлілася, што менавіта яго хата першай прыняла ўдар шквальнага агню.
— Я пайшоў у магазін і не мог уявіць, што больш ніколі не пераступлю парога сваёй хаты. Вярнуўся — а будыніна ўжо гарыць. Суседзі паспелі выцягнуць жонку, якая была прыкавана да ложка, і ўсё. Хатнія рэчы, жыўнасць — 2 кабаны, 150 трусоў, 25 курэй згарэлі жыўцом. Ці то плакаць было, ці ў адчаі крычаць — нічога вярнуць было нельга. І я змірыўся, прыняў удар лёсу, як ёсць. І вось цяпер жыву, праўда, адзін, маю 86 гадоў за плячамі і не хачу ўспамінаць былое. Няхай такога ні ў маім жыцці, ні ў нашых нашчадкаў больш не будзе.
Вогненная стыхія падала нам жорсткі ўрок. І цяпер, праз гады, няма адзінай версіі ўзнікнення пажару. Ці то іскра вылецела з-пад аўтамабіля, ці то лясны пажар з-за чалавечай неасцярожнасці пачаўся. Бясспрэчна адно, і да такой думкі схіляюцца супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, мы павінны быць больш пільнымі і патрабавальнымі да сябе ў тых сітуацыях, калі гаворка ідзе пра агонь. Правінны засвоіць шмат “не”: не кідаць акуркі і запалкі дзе папала, не паліць сухую расліннасць, не распальваць у лесе вогнішчы. Наогул берагчы і шанаваць тое месца, той край, дзе мы жывём.
Матэрыял пры садзейнічанні РАНС падрыхтавала

Вольга ЧУЧВАЛ

Последние новости

Власть

Благодарность Президента Беларуси объявлена отличившимся преподавателям и студентам

17 июня 2025
Читать новость
Общество

Посмотрите, как работники Глусского района газоснабжения благоустраивают территорию

17 июня 2025
Читать новость
Образование

Более 720 стобалльников. Стали известны результаты одного из двух основных дней ЦТ

16 июня 2025
Читать новость
Общество

Депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Олег Дьяченко сегодня работает в Глусском районе

16 июня 2025
Читать новость
АПК

Областной этап республиканского семейного сельскохозяйственного проекта «Властелин села» пройдет 18 июня в Могилевском районе

16 июня 2025
Читать новость
Общество

МИД Беларуси настоятельно рекомендует нашим гражданам воздержаться от поездок в Израиль и Иран

16 июня 2025
Читать новость