Темы

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі: як рыхтаваліся, як адзначалі

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі: як рыхтаваліся, як адзначалі
Мітынг на плошчы перад Глускім райвыканкамам з нагоды Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі,1987 год

Наша рэспубліка — амаль адзіная на постсавецкай прасторы, дзе 7 лістапада з’яўляецца дзяржаўным святам. Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі адзначаецца яшчэ ў Кыргызстане. Нават у Расіі, калысцы рэвалюцыі, дата 7 лістапада ў календары не пазначана чырвоным колерам. Канешне ж, зараз гэтае свята ўжо не напоўнена тым ідэалагічным сэнсам, што раней, 30—40 гадоў назад. Няма высокамоўных лозунгаў, заклікаў партыі — мы проста адзначаем гэты дзень у гісторыі. Але ўпэўнена, што старэйшае пакаленне глушчан добра памятае, як рыхтаваліся да 7 лістапада, як яго праводзілі. А для моладзі і тых з вас, паважаныя чытачы, хто крыху запамятаваў, мы з дапамогай даўно стаўшых гісторыяй артыкулаў і здымкаў карэспандэнтаў газеты “Сцяг Радзімы” вернемся ў мінулае, у той час, калі Дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі быў самым галоўным святам у краіне Саветаў.

1977 год

У гэтым годзе савецкія грамадзяне адзначалі чарговую юбілейную дату Вялікага Кастрычніка — 60-годдзе. У Глускай раённай газеце пад рубрыкай “Кастрычнік у лёсах людзей” друкаваліся ўспаміны знакамітых землякоў. Напрыклад, аб ролі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў сваім жыцці разважалі пісьменнік Аркадзь Марціновіч, Герой Савецкага Саюза Ульян Рыбак, заслужаны настаўнік БССР, дырэктар Каткаўскай сярэдняй школы Цярэнцій Яльчык.

Амаль усе матэрыялы ў газеце нейкім чынам закраналі Дзень рэвалюцыі. Працоўныя і калгаснікі бралі на сябе асабістыя працоўныя сацыялістычныя абавязацельствы, напрыклад, выканаць “пяцігодку за чатыры гады”. А вось “у калгасе “Расія” да юбілею Кастрычніка ўзялі на сябе абавязацельства выканаць гадавы план продажу мяса качак”.

Дзеля падняцця ідэалагічнага, патрыятычнага духу і стварэння святочнага настрою ў газеце друкуюцца “Заклікі ЦК КПСС да 60-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі” (73 пункты!) — “Гонар і слава гераічнаму савецкаму народу — будаўніку камунізму, стойкаму барацьбіту за мір ва ўсім свеце!”.

Рыхтаваліся да свята загадзя — яшчэ 15 верасня адбылося пасяджэнне раённай камісіі па падрыхтоўцы і правядзенню святкавання 60-годдзя Вялікага Кастрычніка. А ўжо непасрэдна напярэдадні самой святочнай даты ў Хваставіцкім сельскім Доме культуры адбыўся раённы злёт пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва.

З нагоды юбілею Кастрычніка і за выдатныя дасягненні ў народнай гаспадарцы чацвёра глушчан узнагародзілі ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі: дырэктара племсаўгаса “Завалочыцы” Лідзію Карцель, трактарыста калгаса “Рассвет” Фёдара Філіповіча, брыгадзіра калгаса імя Чапаева Аркадзя Беразуна і дырэктара нарыхтоўчай канторы Міхаіла Давыдковіча. Дарэчы, гэтая ўзнагарода была адной з вышэйшых у СССР. У свой час яе, нават двойчы, уручалі Генеральнаму сакратару ЦК КПСС Леаніду Брэжневу.

1987 год

У год 70-й гадавіны Вялікага Кастрычніка на старонках Глускай раёнкі ўжо адчуваюцца перамены, якія адбываюцца ў савецкім грамадстве, адчуваецца Перабудова. Разам з гэтым мяняўся і наш раён — раслі новабудоўлі і ў Глуску, і ў вёсках. У адным з нумароў “Сцяга Радзімы” быў надрукаваны фотаздымак і невялікі тэкст да яго: “Жылыя катэджы ўпрыгожылі паўночную ўскраіну райцэнтра. Пабудаваныя на сродкі калгаса “Праўда” па арыгі-нальнаму праекту, яны прыйшліся даспадобы навасёлам — калгаснікам і спецыялістам гаспадаркі”. Таксама ў гэты юбілейны год Вялікага Кастрычніка будаваліся новыя дамы для жыхароў вёскі Даколь, калгасны адміністрацыйны будынак у Катцы. А вось у Турыно, цэнтральнай сядзібе калгаса “Дружба”, для паляпшэння ўмоў працы калгаснікаў пабудавалі Дом механізатара. У гэтым будынку быў вучэбны клас, актавая зала, раздзявальня, душавая і нават аўтамат для пітной вады.

Трэба адзначыць, што свята Кастрычніка жыхары нашага раёна сустракалі ўдарнай працай. Усе калектывы і гаспадаркі ўдзельнічалі ў раённым сацыялістычным спаборніцтве, дэвіз якога гучаў так: “План двух гадоў пяці-годкі — да юбілею Кастрычніка”. (Другім годам пяцігодкі быў 1987). І вынікі такой працы не прымусілі сябе чакаць. У матэрыяле пад рубрыкай “Перадкастрычніцкая вахта” былі змешчаны кароткія рэпартажы з гаспадарак і прадпрыемстваў раёна: “Першым рапартаваў аб паспяховым выкананні плана двух гадоў брыгадзір электраманцёраў “Райсельгасэнерга” М. Аўчыннік. Вось ужо месяц ён працуе ў лік трэцяга года пяцігодкі”.

Напярэдадні 7 лістапада ва ўсіх працоўных калектывах праходзілі святочныя сходы. А вялікае раённае ўрачыстае пасяджэнне      адбылося трэцяга лістапада. Вось што пісала аб гэтым мерапрыемстве раёнка: “На сумесным урачыстым пасяджэнні райкома КПБ і раённага Савета дэпутатаў з удзелам прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў удзельніку трох войн, у тым ліку грамадзянскай вайны, Андрэю Іванавічу Голубу была ўручана юбілейная Ганаровая грамата ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР”. Дарэчы, у святочным выпуску “Сцяга Радзімы” за 7 лістапада змешчаны вялікі матэрыял, у якім 92-гадовы ветэран расказвае аб сваім жыцці: “Колькі памятаю сябе, або ваяваў, або працаваў”.

1990 год

Глушчане святкавалі 73-ю гадавіну Вялікага Кастрычніка ва ўмовах нарастаючага эканамічнага і палітычнага крызісу ў краіне. У матэрыялах, надрукаваных на старонках раённай газеты “Сцяг Радзімы”, усё больш адчуваецца недавер савецкіх грамадзян да камуністычнай партыі. Але 7 лістапада 1990 года яшчэ ўсё ж такі застаецца святочным днём, да якога рыхтуюцца і людзі, і райцэнтр.

Для добраўпарадкавання нашага гарпасёлка да свята Кастрычніка выканкам Глускага пасялковага Савета народных дэпутатаў вызначыў для прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Глуска аб’ёмы работ. Напрыклад, ДРБУ-213 патрэбна было ўзарваць асфальт, вывезці яго і засыпаць чарназёмам плошчу ўздоўж вуліцы Міру (раён аўтастанцыі). МПМК-249 — заасфальтаваць тратуары па абодва бакі вуліцы Кірава ад універмага да РАУС. А раёну электрасетак патрэбна было замяніць перагарэўшыя ліхтары і правесці асвятленне па вуліцах райцэнтра там, дзе гэта магчыма.

Адметнай рысай пачатку 90-х было вяртанне да рэлігіі. І ў нашым пасёлку гэта таксама адчувалася. Вось што аб такіх пераменах пісаў карэспандэнт раёнкі: “У Глуску 14 кастрычніка 1990 года была закладзена Свята-Богаяўленская царква. Акрапіўшы святой вадой участак зямлі пад будаўніцтва, архіепіскап асвяціў крыж, які стаіць на месцы будучага алтара, і камень, які заклалі ў вугал падмурка царквы”.

Таксама, як і шмат гадоў да гэтага, у 1990 праводзіцца перадсвяточнае сацыялістычнае спаборніцтва і падводзяцца вынікі эканамічнага і сацыяльнага развіцця раёна за тры кварталы года. У дзень святкавання Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі традыцыйна праходзілі мітынг і шэсце працоўных калектываў. Але час ужо ўнёс свае карэктывы — упершыню афіцыйнае святкаванне праводзілася больш сціпла, без лозунгаў і заклікаў.

Падшыўку гартала Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з архіва рэдакцыі

Последние новости

Власть

Александр Лукашенко заслушал доклады глав Госпогранкомитета, МВД и МИД по ситуации в приграничье, включая литовское направление 

12 ноября 2025
Читать новость
Актуально

В Глусской больнице будет новый рентген-кабинет

12 ноября 2025
Читать новость
Актуально

«Вами гордится страна!» Александр Лукашенко вручил награды заслуженным аграриям Беларуси

11 ноября 2025
Читать новость
Актуально

Увеличится минимальная зарплата

11 ноября 2025
Читать новость
Актуально

Прямая линия по вопросам предпринимательства

11 ноября 2025
Читать новость
Актуально

В Минстройархитектуры разъяснили особенности строительства и приемки объектов в эксплуатацию по Указу №46

11 ноября 2025
Читать новость

Рекомендуем