Темы

Вось такі быў год Пеўня

Вось такі быў год Пеўня
І ў цяжкі, складаны час глушчане ўмелі весела праводзіць святы

Усяго некалькі дзесяцігоддзяў назад, пасля адкрыцця жалезнай заслоны, мы дазналіся, што, аказваецца, на наша жыццё ўплываюць, акрамя іншага, яшчэ і зоркі. З пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя былыя савецкія грамадзяне пачалі чытаць і верыць у гараскопы, якіх з’явілася неймаверная колькасць: па знаках Задыяка, усходні (або кітайскі), грэчаскі, кветкавы, зараастрыйскі (або сонечны), гараскоп майя, друідаў і іншыя.

Канешне ж, асабістая справа кожнага — чытаць або не прадказанні такіх вешчуноў, верыць у іх ці не. Але большасць з нас (так, на ўсялякі выпадак) усё ж такі прытрымліваецца парад астролагаў і верыць, што, напрыклад, сустракаць Новы год патрэбна толькі ў адмысловым адзенні і з адмысловымі стравамі на стале. А ўсё гэта патрэбна для таго, каб не раз’юшыць звера або птушку — сімвал новага года.

Вось і наступіўшы 2017 год, згодна з усходнім календаром, адданы пад уладу Вогненнага (Чырвонага) Пеўня. Астролагі кажуць, што гэты год будзе вельмі важным для гісторыі чалавечай цыві-лізацыі — ён не абыдзецца без яркіх, гучных, глабальных і запамінальных падзей.

Цікава было зазірнуць у недалёкае мінулае і паглядзець, якімі былі іншыя гады пад аховай Пеўня ў гісторыі чалавецтва. Пачнём з 1933-га. У гэтым годзе Адольф Гітлер стаў кіраўніком ўрада Германіі, і з гэтага часу пачынаецца самая жудасная старонка ў гісторыі чалавецтва. Роўна 12 гадоў, да 1945-га  (па супадзенні зноў-такі год Пеўня), увесь свет змагаўся з карычневай чумой — фашызмам. Далей — 1957 год. У Савецкім Саюзе запусцілі першы штучны спадарожнік Зямлі, пачынаецца хрушчоўская “адліга”, у самым разгары Кубінская рэвалюцыя, ствараецца Еўрапейская эканамічная супольнасць. Далей крочым у 1969-ты. Чалавек, а дакладней Ніл Армстронг, упершыню высадзіўся на паверхню іншага нябеснага цела — на Месяц. Наступны год Пеўня — 1981-шы. У ЗША паступіў у продаж персанальны камп’ютар па цане 1 565 долараў, а ў СССР упершыню перайшлі на летні час. Чарговы год Пеўня, 1993-ці, Беларусь ужо сустракае як самастойная незалежная дзяржава. Гэты год, напэўна, быў адным з самых складаных у нашай найноўшай гісторыі. Вось менавіта аб тым, што адбывалася ў гэты час у Беларусі і канкрэтна ў Глускім раёне, і пойдзе сёння гаворка. А дапаможа мне ўзнавіць храналогію падзей 1993 года, як заўсёды, падшыўка раённай газеты “Радзіма”.

У пачатку студзеня 1993-га ў Глуску адбылася сесія раённага Савета дэпутатаў, на якой абмяркоўвалася надзённая сітуацыя ў рэспубліцы і ў нашым раёне. Так, было зазначана, што ў грамадстве пануюць хаос, агрэсіўнасць, нежаданне зразумець адзін аднаго. Па развіцці сельскай гаспадаркі раён апынуўся адкінуты амаль на 20 гадоў назад.

Вельмі востра стаяла на працягу ўсяго 1993 года пытанне забеспячэння палівам — бензінам, вуглём, мазутам, дызельным палівам і нават звадкаваным газам у балонах. Так, на пачатку года, у самы разгар маразоў, тэмпература ў дамах па вуліцы Кірава апусцілася да 12—14 градусаў. У некаторых кацельнях паліва заставалася на адзін-два тыдні. У такі складаны час райвыканкам прыняў рашэнне: адключыць ад цэнтральнага ацяплення ў Глуску 60 дамоў, дзе яшчэ ёсць пячное ацяпленне. Падчас жніва дызельнага паліва хапала, а вось бензін разыходзіўся проста з “калёс” (толькі прывезлі — адразу ж разабралі), маторнага масла практычна не было нідзе. У такой сітуацыі некаторыя несумленныя грамадзяне яшчэ і ўдар у спіну наносілі. Так, з цыстэрны зернесушылкі калгаса “Праўда” было скрадзена восем тон дэфіцытнага гаручага. Да новага ацяпляльнага сезона глушчане пачалі рыхтавацца яшчэ ўлетку. У спешным парадку шматкватэрныя дамы з цэнтральным ацяпленнем пераводзіліся на індывідуальнае. Пераабсталяваліся на выкарыстанне цвёрдых відаў паліва і кацельні. З-за адсутнасці бензіну працаваў з перабоямі або ўвогуле не працаваў Аўтапарк. Прыгарадныя маршруты былі адменены, і толькі яшчэ да Асіповіч глушчане маглі дабірацца без праблем. Цераз гэтыя абставіны здарылася непрыемная сітуацыя — старшакласнікі з пасёлка Кіраўскае 1 верасня дабіраліся ў Глуск да школы пешшу.

Не толькі адсутнасцю паліва быў адметны 1993-ці. Напрыклад, прадукты харчавання прадаваліся строга па спісах і ў абмежаванай колькасці. Шмат якія тавары былі ў вялікім дэфіцыце: алей, цукар, цыгарэты, сметанковае масла. Сыр увогуле не з’яўляўся на паліцах магазінаў. А яшчэ не было ў вольным доступе абутку, тканін і шмат чаго іншага. Напярэдадні выпускнога балю бацькі выпускнікоў звярнуліся праз раённую газету да старшыні райспажыўсаюза з пытаннем: “Дзе набыць сукенкі, касцюмы, абутак для дзяцей?” Адказ: “Школам патрэбна перадаць спісы выпускнікоў з указаннем памераў на імя загадчыка гандлю райспажыўсаюза, і заяўка будзе па магчымасці задаволена”. А вось курыльшчыкі з-за адсутнасці фабрычных цыгарэт пачалі вырошчваць тытунь самі. Яго насенне можна было набыць у Бабруйску па 75 рублёў за чайную лыжку. Памятаю, што і ў нашым агаро-дзе было выдзелена мястэчка пад “жыццёва неабходную” расліну, а мой бацька навучыўся круціць цыгаркі з газетнай паперы.

Мала таго, што кругом быў дэфіцыт, дык і цэны раслі як на дражджах — амаль кожны месяц нешта даражэла. Напрыклад, гарэлка ў канцы кастрычніка 1993-га каштавала 2 120 рублёў, а ў канцы лістапада — ужо 4 180. Па статыстыцы, інфляцыя ў 1993 годзе склала аж 1 290 %! А яшчэ ў гэты час у кашальках беларусаў былі тры віды купюр: савецкія (узору 1961—1992 гадоў), расійскія і беларускія, так званыя “зайчыкі”. Трэба адзначыць адну цікавую акалічнасць. Намінал беларускіх грошай штучна завышаўся ў 10 разоў: на купюры з зубрам было напісана “100 рублёў”, але на справе гэта была 1 тысяча рублёў. Разлікі за прадукты харчавання, алкагольную і тытунёвую прадукцыю з 1992 года здзяйсняліся выключна беларускімі грашыма. Але з-за іх недахопу ў сакавіку 93-га выканкам раённага Савета дэпутатаў прыняў рашэнне, што пакупнікі могуць разлічвацца за харчовыя тавары як беларускімі, так і савецкімі грашыма. З 26 ліпеня нацыянальная валюта стала асноўным сродкам плацяжу ў Беларусі. Вось што пісала пра гэта раёнка: “Цэны акругляюцца да лічбы 0 або 5. Нацыянальных разліковых білетаў (мелкіх грошай) у нас няма, і пры разліках у магазінах узніклі складанасці з выдачай рэшты. Шмат не вельмі прыемных слоў прыйшлося выслухаць прадаўцам ад пакупнікоў у гэтыя дні ”.

Так, цэны раслі, а вось зарплаты не паспявалі за імі ўгнацца. Па статыстыцы, сярэдні заробак па рэспубліцы ў гэты час быў 25—30 долараў. У раёнцы была змешчана аб’ява: на працу запрашалі электрыка і абяцалі зарплату 55—60 тысяч рублёў. Улічваючы, што долар у той час каштаваў 6 тысяч рублёў, то электрык у месяц мог зарабіць 10 долараў.

Не дзіва, што ў такой сітуацыі узрастае і колькасць крадзяжоў. Злодзеі цягнулі не толькі тое, што ляжала дрэнна, але і тое, што было добра захована: веласіпеды, матацыклы, медны дрот, іконы, з магазінаў — прадукты харчавання, з фермаў — парасят, свіней, цялят. Нататкі пад рубрыкай “Крымінальная хроніка” з’яўляліся амаль у кожным нумары “Радзімы”.

Але глушчане з годнасцю пераносілі ўсе цяжкасці і працягвалі  жыць. Як і заўсёды, праводзілі Зіму і сустракалі Вясну, святкавалі Першамай, іншыя важныя даты. А вось дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1993 годзе адзначаўся вельмі сціпла — толькі букетам кветак да помніка Леніну. У верасні 1993 года ў раённым Доме культуры праводзілася свята кветак — конкурс на самы прыгожы букет. Пераможцам стаў, як ні дзіўна, мужчына — Юрый Галоўчыц. (А можа, гэта й правільна: менавіта мужчыны павінны ведаць толк у кветках.) Наступны факт сведчыць пра міласэрнасць і добразычлівасць глушчан, дакладней глускіх школьнікаў. У СШ № 2 райцэнтра адбыўся восеньскі кірмаш — вучні гандлявалі гароднінай, дарамі лясоў і садоў, прыгатаванымі сваімі рукамі стравамі. Дзеці вырашылі, што ўсе сабраныя грошы пойдуць на дабрачыннасць — на лячэнне Алёшы, цяжкахворага хлопчыка з горада Ліда.

Былі і прыемныя сюрпрызы: з 31 лістапада і да 31 снежня для глушчан, якія карысталіся гарадскім транспартам, наступіў “камунізм” — праезд стаў на месяц бясплатным. Усе расходы па абслугоўванні гарадскіх аўтобусаў на сябе ўзяў выканкам раённага Савета дэпутатаў.

А яшчэ ў гэты год у Беларусі была распрацавана і дзейнічала праграма “Беларускія алмазы”, мы выбіралі свой нацыянальны гімн, у пашпартах з’явіўся штамп, які дазваляў кожнаму беларусу выезд за мяжу, рыхтаваўся да выпуску нацыянальны пашпарт, у Мінску з’явіўся першы аператар сотавай сувязі “БелСел”.

Як бачым, 1993-ці быў цяжкім — часам вялікіх перамен і станаўлення незалежнай Беларусі. Кітайская мудрасць гаворыць: “Не дай Бог вам жыць у час перамен”. А глушчане ў 1993-м, у год Пеўня, жылі менавіта ў такую пару. Будзем спадзявацца, што наш сяголетні Пеўнік, які, зрэшты, уступіць у свае правы толькі з 28 студзеня, не паднясе непрыемных сюрпрызаў і будзе да нас добразычлівым.

 Падшыўку гартала Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з архіва рэдакцыі

Последние новости

Общество

В память о чернобыльской трагедии

30 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Общество

Слово делегату ВНС Олегу Дьяченку

30 апреля 2024
Актуально

Какой будет новая Военная доктрина Беларуси. Хренин раскрыл подробности документа

30 апреля 2024
Актуально

Вольфович. Концепция национальной безопасности

30 апреля 2024
Власть

Нам нужен мир. Второй день заседания VII ВНС

30 апреля 2024
Актуально

Вступительная кампания-2024: сроки приема документов, проведения испытаний и зачисления в вузы

30 апреля 2024
Актуально

Председатель ФПБ – о делегатах ВНС, Годе качества и повышении статуса профсоюзов

30 апреля 2024
Общество

В Глуске прошло координационное совещание по борьбе с преступностью и  коррупцией

29 апреля 2024
Власть

Лукашенко подписал указ о призыве офицеров запаса на военную службу

29 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024