Лес валяць харвестары
Шляхі павышэння эфектыўнасці выкарыстання шматаперацыйнай тэхнікі, лесанарыхтоўчага і лесагаспадарчага абсталявання. Выкананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі пры выкананні лесасечных работ. Так фармулюецца тэма абласнога семінара, што прайшоў на мінулым тыдні на базе Глускага лясгаса. Яго ўдзельнікамі сталі галоўныя інжынеры, галоўныя механікі і спецыялісты па ахове працы лясгасаў Магілёўшчыны. Магілёўскае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне прадстаўлялі галоўны механік Дзмітрый Галякевіч, начальнік аддзела рэалізацыі Васіль Шык і вядучы спецыяліст па ахове працы Ігар Жыліч.
Адкрыццё семінара адбылося ў адміністрацыйным будынку лясгаса, дзе з уступным словам выступіў кіраўнік прадпрыемства Сяргей Максімовіч. Ён зазначыў, што рабоце і абнаўленню абсталявання і тэхнікі ў лясгасе ўдзяляецца вялікая ўвага, на гэта выдаткоўваюцца значныя сродкі. У прыватнасці, за 2016 год тут былі набыты 14 бензапіл, 6 аўтамабіляў для лясніцтваў, 3 трактары, 2 шчэпкавозы, 1 сартыментавоз на агульную суму 774 тысячы рублёў, сёлета тэхнікі набыта на 229 тысяч рублёў, гэта сартыментавоз, легкавы аўтамабіль і 2 тэнтаваныя УАЗы.
Пра тое, як гэта і іншая тэхніка эксплуатуецца, захоўваецца і рамантуецца ў мясцовым лясгасе, удзельнікам семінара падчас агляду рамонтна-механічных майстэрняў распавёў галоўны механік Уладзімір Гурскі. Аглядную экскурсію па тэрыторыі дрэваапрацоўчага цэху правёў галоўны інжынер лясгаса Раман Долбік, госці паглядзелі, як працуюць лініі па вытворчасці ацыліндраваных вырабаў і колляў акораных, а таксама зайшлі ў памяшканне і пабачылі абсталяванне новай лініі па вытворчасці абразных піламатэрыялаў, яе запуск запланаваны на трэці квартал гэтага года.
Работа шматаперацыйнай лесанарыхтоўчай тэхнікі спецыялістам лясгасаў была прадэманстравана прама ў лесе, у 95-м квартале Глускага вытворча-вопытнага лясніцтва. Там яны прайшлі па трох лесасеках: галоўнага карыстання (там вялася нарыхтоўка спелага лесу), прамежкавага карыстання (праводзіліся рубкі догляду) і іншага карыстання (ішла ўборка лесу ад захламленасці). Там працавалі тры харвестары: “Амкадор-2551”, “Сампа-1046”, “Амкадор-2541”, пра арганізацыю работ на лесасеках расказаў начальнік лесапункта лясгаса Дзмітрый Варанец, а потым удзельнікі семінара пагаварылі з адным з меха-нізатараў Андрэем Чарніцыным, распыталі пра ўмовы працы, паглядзелі яго пасведчанне, ці ёсць патрэбная катэгорыя, ціка-віліся заробкамі. Былі ў спецыялістаў і іншыя пытанні: і па рабоце шматаперацыйнай тэхнікі, яе эксплуатацыі, выкананні тэхнікі бяспекі (дарэчы, у лесе ўсе ўдзельнікі семінара былі забяспечаны каскамі і апрацаваны рэпелентамі), і па спецыфіцы лесанарыхтоўкі ў Глускім лясгасе. Неабходныя тлумачэнні давалі дырэктар прадпрыемства Сяргей Максімовіч і галоўны інжынер Раман Долбік. Тэма выканання тэхнікі бяспекі, стану і прафілактыкі вытворчага траўматызму больш падрабязна разглядалася ў другой палове дня падчас выніковага пасяджэння, дыскусіі і абмену меркаваннямі. Да слова сказаць, у Глускім лясгасе за 2016 год і за мінулы перыяд гэтага не зарэгістравана няшчасных выпадкаў, якія адбыліся па віне наймальніка. Што да прайшоўшага мерапрыемства, то спецыялісты Магілёўскага лесагаспадарчага аб’яд-нання і іншыя ўдзельнікі падзяка-валі глускім калегам за добрую падрыхтоўку і арганізацыю семінара, бачна, што парадак на тэрыторыі прадпрыемства і ў вытворчых памяшканнях падтрымліваецца пастаянна, адзначылі відавочнае развіццё прадпрыемства, павелічэнне вытворчых магутнасцей, рух наперад.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара