Темы

З блакнотам па раёне. Ясенцы: адна вёска на дваіх.

З блакнотам па раёне. Ясенцы: адна вёска на дваіх.

“Вёска ў Завалочыцкім сельсавеце (цяпер ужо ў Калаціцкім. — Аўт.). Вядома з XIX стагоддзя. У 1897 годзе вёска Буда Ясенская, 11 двароў, 78 жыхароў, у Гарадоцкай воласці Бабруйскага павета. У 1907 годзе 11 двароў, 110 жыхароў. У 1917 годзе 14 двароў, 146 жыхароў. У 1930-я гады вяскоўцы ўступілі ў калгас. У 1996 годзе 9 двароў, 14 жыхароў, у складзе калгаса імя Кірава”.

Вось такія кароткія звесткі пра Ясенцы мы прачыталі ў кнізе “Памяць. Глускі раён”. Сягоння ж Ясенцы можна аднесці да разраду знікаючых вёсак. На вуліцы даўжынёй з паўкіламетра па абодва бакі засталіся лічаныя хаты. Хутка і іх не будзе — адыдуць у нябыт, як і іх гаспадары. Нікому не патрэбныя, каторы год яны стаяць з пазабіванымі наглуха вокнамі, бы чакаючы свайго прысуду.

І толькі ў самым канцы вуліцы, па правы яе бок, яшчэ цепліцца жыццё. Пяць гадоў назад там пасялілася сям’я Пульяновічаў. У Бабруйску, дзе пражылі не адзін дзясятак гадоў, засталася кватэра, у якую могуць вярнуцца ў любы момант. Ганна Аляксандраўна прыехала на сваю радзіму, а муж яе Іван Іванавіч, верны спадарожнік, паехаў следам, як у той прыказцы: “Куды іголка — туды і нітка”.

— А што нам, мы ж пенсіянеры, — разважае Ганна Аляксандраўна. — Абодва нарадзіліся і выраслі ў вёсках. Я тут, а ён у Лагадаўцы Бабруйскага раёна. Наогул, наш прыезд сюды быў звязаны з пчоламі. Мой бацька пры жыцці трымаў шмат вулляў. Ён вельмі любіў займацца пчоламі, і прывязанасць да гэтых маленькіх працаўніц — гэта ў нас сямейнае. Колісь пчоламі захапляўся дзед, а пачатак усяму палажыў прадзед.

Менавіта прадзед Іван Пашкоў — ураджэнец вёскі Ясень Асіповіцкага раёна (па словах Ганны Аляксандраўны, ад назвы гэтай вёскі і паходзіць назва Ясенцы) — стаў першым жыхаром Ясенцаў. Ён быў чалавек заможны і за золата купіў зямлю ў пана. Да месца будучай вёскі ўшчыльную падступалі лес ды хмызняк. Шмат прыйшлося прыкласці сіл і намаганняў, пакуль пабудаваліся ды абжыліся. Паступова пасяленне расшыралася, прырастаючы новымі дамамі. Хто пераехаў з бліжэйшых хутароў, на месцы якіх і цяпер стаяць старыя дзічкі, хто з суседніх вёсак, а хто і са Старадарожскага раёна. Так у Ясенцах з’явіліся Окруты, Еліны, Кандратовічы, Бунешы, Лапанікі, Жлобічы, Булавацкія…

Пра гісторыю вёскі і яе жыхароў мы пагаворым пазней, а цяпер зноў вернемся да нашых герояў. Так склаліся абставіны, што прадзед Ганны Аляксандраўны палажыў пачатак вёсцы, а цяпер яна разам з мужам — апошнія тут жыхары. Спадзявацца, што нехта яшчэ тут паселіцца, ужо няма чаго. Акрамя Пульяновічаў, жадаючых больш не знаходзіцца. Ганна Аляксандраўна і Іван Іванавіч кажуць, пакуль будуць сілы, датуль застануцца тут. І гаспадарку, каб весялей было і час марна не праходзіў, завялі. Свінні, куры, трусы, козы і тое, што засталося ў спадчыну, — пчолы, якіх Ганна Аляксандраўна даглядае сама. Робіць гэта з 2004 года, з той самай пары, калі памёр бацька. Цяпер яна адмысловы пчаляр. Кажа, што спасцігала ўсё сама. Большую частку інфармацыі брала з кніжак, а нешта падказвалі знаёмыя, якія таксама трымаюць пчол. Яно, канешне, можна было ў бацькі, калі той жыў, вучыцца. Дык тады не было часу, а тут абставіны прымусілі.

— Не магла я дазволіць, каб пчолы прапалі, — гаворыць Ганна Аляксандраўна. — Гэта б называлася здрадай у адносінах да продкаў. Зараз жа не ўяўляю свайго жыцця без пчол. Так і хочацца з кожным разам завесці новую іх сям’ю. Праўда, бывае, што муж не падзяляе мае жаданні, але потым усё роўна згаджаецца і нават дапамагае мне.

На пытанне, колькі ж пчаліных сямей зараз стаіць у іх садзе, Ганна Аляксандраўна адказала няпэўна. Дакладную колькасць вулляў не назвала, а сказала, што ім, дзецям, унукам, родзічам і знаёмым хапае. Няхай гэта застанецца іх маленькай сямейнай камерцыйнай тайнай. Затое пра іншую гаспадарку сказалі з большай дакладнасцю. Чатырох дойных коз называюць сваімі карміліцамі. Побач з імі падрастаюць казляняты. Кажуць, каб знайшоўся купец, то маглі б і прадаць. У па-гаспадарску змайстраваных Іванам Іванавічам клетках размясцілася больш за дзясятак трусоў. Тут жа, побач на двары, паходжвае статак курэй, а ў хляве рохкаюць парсюкі. Іван Іванавіч, паказваючы сваю гаспадарку, не без гонару зазначыў, што тут ужо больш увіхаецца ён, і паспяшыў дадаць, каб не пакрыўдзіць жонку: маўляў, у яе і так хапае клопатаў з пчоламі.

— Ад вясны да восені час ляціць імгненна, — разважае Іван Іванавіч. — Асабліва калі пачынаецца сенакос. Раненька бяру касу ў рукі і іду касіць. Так паціхеньку і назапашваю сена нашым гадаванцам. Іншы раз стамляюся, але ж і без гаспадаркі ніяк. Хочацца дзецям дапамагчы, а ў нас дзве дачкі, сын, адзінаццаць унукаў і адзін праўнук, і ўсіх мы любім і шкадуем. Вось і стараемся і для сябе, і дзеля іх. Вунь яшчэ агарод які і бульбы шмат насадзілі. Хопіць для ўсіх.

Пра сваю сям’ю Пульяновічы расказваюць з радасцю, бо дзеці і ўнукі для іх — самыя родныя людзі. А адзін з унукаў, Дзяніс Махлай, каторы год радуе родзічаў сваімі спартыўнымі дасягненнямі як канаіст. Якраз у той дзень, калі мы наведаліся да нашых герояў, бабуля з дзядулем адзначалі чарговую перамогу ўнука. Выступаючы ў складзе зборнай Беларусі на чэмпіянаце Еўропы ў балгарскім Плоўдзіве, Дзяніс у дуэце з Андрэем Багдановічам на каноэ-двойцы стаў сярэбраным медалістам.

— І гэта яшчэ не ўсё, — не скрываючы радасці, гаворыць Іван Іванавіч. — Я добра памятаю першую яго ўзнагароду, было гэта ў 2013 годзе, на летняй Універсіядзе ў Казані. Там унук узяў бронзу ў двойках на двухстах метрах. А праз год выйграў сярэбраны медаль на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы. Ёсць у скарбонцы ўнука і сярэбраны медаль, прывезены з чэмпіянату свету, ну і шмат яшчэ іншых узнагарод. Вось такі ён, наш Дзяніс, цяпер яшчэ і ўдастоены ганаровага звання «Майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа».

Па тым, з якой любоўю і шчырасцю Пульяновічы расказваюць пра родных і блізкіх ім людзей, можна меркаваць, што статус сям’і тут на асобным рахунку. Інакш не пражылі б самі Ганна Аляксандраўна і Іван Іванавіч разам 47 гадоў. Абодва працавалі ў Бабруйску. Гаспадар — вадзіцелем у аўтапарку, гаспадыня — у гандлі. Разам жылі ў горадзе, разам і зараз дзеляць радасць сельскага жыцця. Адны, і не вернеш таго, што было раней. Ганна Аляксандраўна пра мінулае ўспамінае з нейкім патаемным сумам у голасе.

— Праз дарогу, наўскасяк ад нашай хаты, жыла баба Ульяна, — гаворыць мая субяседніца. — Пяюха была на ўсю акругу. Шмат ведала даўнейшых песень, да яе нават прыязджалі са сталіцы, з нейкага інстытута, і яна дыктавала тэксты. А яшчэ быў у нас свой кравец па прозвішчы Кандратовіч. Працаваў у калгасе рабочым, а ў вольны час шыў людзям, у асноўным верхнюю вопратку. Мне, напрыклад, пашыў паліто. Мой бацька таксама быў майстравы чалавек. Умеў рабіць і бочкі, і вуллі, і рамы, і дзверы, нават вось гэту канапу, на якой зараз сяджу, таксама зрабіў сам. Наогул, і я памятаю, і маці з бабуляй расказвалі, што ў Ясенцах усе любілі працаваць. Далёка хадзіць не трэба, прывяду карысны, больш для цяперашняй моладзі, прыклад. Мой прадзед, як ужо казала, быў заможны чалавек, і любы з членаў сям’і мог дазволіць сабе не працаваць. Дык не, яго дачка, калі ёй споўнілася 12 гадоў, падзарабляла ў пана Гатальскага. За гэта пан плаціў грошы, і такім чынам свае дробныя расходы яна аплочвала сама.

Насельніцтва нашай вёскі было невялікім. Усяго 14 хат, і ў кожнай па 4—5 чалавек. Амаль у кожным двары была карова, і статак ганялі пасвіць у Горнае, далучалі да тамтэйшых кароў. Мама расказвала, што да рэвалюцыі ў Ясенцах быў свой магазін, яшчэ яго называлі мануфактурай, бо там прадавалі розную тканіну. І школа была, чатырохгодка. Нават свой калгас асобны быў. А цяпер вось мы ўдваіх — табе і вёска, і калгас. Іншыя пытаюцца, ці не страшна тут жыць адным. А чаго баяцца? Непадалёк, праз поле,  дыміцца труба. Там прадпрымальнік наладзіў выпуск драўлянага вугалю. А праз шашу — Горнае. Не падумайце, што мы жывём у адрыве ад цывілізацыі. У нас і свет ёсць, і тэлевізар, і тэлефон мабільны. Два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка, а калі трэба, то і ў Бабруйск можна з’ездзіць. І навіны свежыя да нас прыходзяць — розныя там часопісы і газеты. Вось і вашу “Радзіму” выпісваем. Так што не адной гаспадаркай жывём, не сумуем.

Вольга ЧУЧВАЛ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Актуально

Будьте осторожны на воде

11 июля 2025
Читать новость
Год благоустройства

Ремонт в Глусской детско-юношеской спортивной школе

11 июля 2025
Читать новость
Власть

Александр Лукашенко открыл XXXIV “Славянский базар в Витебске”

11 июля 2025
Читать новость
Общество

Справимся сообща: коммунальные службы и волонтеры вместе устраняют последствия стихии. Фото

10 июля 2025
Читать новость
Власть

Исаченко: к ликвидации последствий грозового фронта привлечены дополнительные ресурсы и силы

10 июля 2025
Читать новость
Общество

В агрогородке Турино прошел сельский сход. Фоторепортаж

10 июля 2025
Читать новость