Темы

Сапернікі. Але сябры!

Сапернікі. Але сябры!

У пятніцу і суботу 11 і 12 жніўня ў зоне адпачынку “Лысуха” было шматлюдна, шумна і весела. Тут сабраліся прадстаўнікі васьмі арганізацый раёна, каб паўдзельнічаць у штогадовым турыстычным злёце. Дабаўце сюды балельшчыкаў, арганізатараў і тых, каму проста цікава было папрысутнічаць на гэтым моладзевым свяце. Хаця, шчыра кажучы, турзлёт — гэта такая справа, якая не ведае абмежаванняў па ўзросце, таму побач з зусім маладымі былі і вопытныя, спрактыкаваныя турысты, можна сказаць, старажылы турысцкага руху. Трэба ж, каб нехта вучыў і накіроўваў пачаткоўцаў.

А каманды былі вось якія. Сваіх прадстаўнікоў на злёт “камандзіравалі” Аўтапарк № 15, Глускае райпо, “Жылкамгас”, цэнтральная раённая бальніца, лясгас, Веснаўскі дом-інтэрнат, ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі”, была таксама зборная дзяржустаноў.

“Канешне, важныя вынікі, важныя перамогі, але самае галоўнае, што сёння тут сабраліся нераўнадушныя да актыўнага адпачынку людзі, людзі, якія ведаюць, што такое сяброўства”, — з такімі словамі звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Цімчанка і пажадаў усім камандам ні пуха ні пер’я. Да пажаданняў поспеху ў спаборніцтвах далучыліся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Леўчанка і першы сакратар райкама БРСМ Ганна Царык.

А ўдача ўдзельнікам ой як была патрэбна, бо наперадзе іх чакалі сур’ёзныя іспыты, спартыўныя і творчыя.

Па-першае, камандам было дадзена дамашняе заданне — падрыхтаваць візітоўкі, і тут ужо ўсе пастараліся, наколькі хапіла фантазіі і дазволіла пачуццё гумару. Адны “прэзентавалі” пайменна і далі поўную характарыстыку ўсім членам каманды, другія, як, напрыклад, медыкі, зрабілі акцэнт на прафесіі. Арыгінальна і нават самакрытычна расшыфравалі назву сваёй арганізацыі ўдзельнікі з “Жылкамгаса”: “ЖКХ” — “Жалуйтесь, кому хотите!”. На думку журы, лепш за ўсіх да гэтага конкурсу падрыхтаваліся каманды Веснаўскага дома-інтэрната — 3-е месца, дзяржустаноў — 2-е месца,  першай тут стала зборная раённай бальніцы.

Несумненна, творчым можна назваць і конкурс турыстычнага быту, бо камандам трэба было ўладкаваць свой лагер такім чынам, каб ён адпавядаў усім правілам паходнага жыцця і бяспекі, а таксама заяўленай тэме турзлёту — “Год навукі”. Да таго ж неабходна было яшчэ і прэзентаваць свой лагер найлепшым чынам перад камісіяй. З гэтымі заданнямі, па меркаванні журы, найбольш удала справіліся ўдзельнікі са “Слаўгарадскага”, у іх 3-е месца, 2-е месца падзялілі ЦРБ і Глускае райпо, 1-е месца заняла зборная дзяржустаноў, якая свой лагер ператварыла ў сапраўдную навуковую лабараторыю.

Конкурс песні, як заўсёды, паказаў, што на Глушчыне нямала талентаў-самародкаў, людзей, што могуць не толькі лячыць, вучыць дзяцей, вырошчваць хлеб, гандляваць і сачыць за парадкам, але і цудоўна спяваць. Асабіста мне вельмі спадабалася выступленне хлопцаў і дзяўчат са “Слаўгарадскага”, яны так душэўна выканалі “класіку” турысцкага жыцця — песню Алега Міцяева “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались…”. З хітом ужо некалькіх пакаленняў “Батарейка” выступіла каманда Глускага райпо, а падпявалі і падтанцоўвалі выканальнікам, мабыць, усе, хто быў на паляне. У выніку райпо тут заняло 3-е месца, на 2-м месцы — зборная дзяржустаноў, а першымі сталі медыкі, падрыхтаваўшыя сапраўднае касцюміраванае шоу.

Творчая састаўляючая прысутнічала і ў конкурсе паходных страў. Шашлыкі, бульба, рыбка запечаная залатая, запечаны з лісічкамі трус, зноў лісічкі, толькі ўжо ў супе і аж у трох варыянтах… І ўсё гэта яшчэ падавалася з рознымі соусамі, было аздоблена зяленівам і ўжо адным выглядам выклікала апетыт. Пэўна, журы было цяжка, ой як цяжка выбраць лепшую страву. Дарэчы, суддзі звярталі ўвагу не толькі на смак, але і на афармленне стравы і арыгінальнасць яе падачы. У выніку трэцяе месца падзялілі паміж сабой адмыслова аформлены духмяны шашлык ад каманды Глускага райпо, люля-кебаб і плоў ад каманды лясгаса, другое месца заняла мясная страва ад зборнай дзяржустаноў. Першае месца ў гэтым конкурсе журы безагаворачна аддало страве пад назвай “Лебядзінае возера”, якую падрыхтавала каманда ЦРБ. Уявіце сабе выразанага з гарбуза прыгожага лебедзя, запоўненага рулецікамі з лаваша, побач — чарот са смажаных на кастры сасісак, замест сцяблін — пер’е цыбулі, тут жа — гняздзечкі з перапялінымі яйкамі. Ну вельмі прыгожа, і сапраўды можна прыгатаваць у паходзе, а яшчэ і пададзена было пад бессмяротны танец маленькіх лебедзяў.

Канешне, самымі цяжкімі былі спартыўныя спаборніцтвы, тым болей што ў першы дзень камандам трэба было турыстычную эстафету, не скажу, каб вельмі лёгкую, прайсці, у валейбол адыграць і яшчэ канат пацягаць. У эстафеце на 3-е месца выйшла каманда ЦРБ, другімі сталі лясгасаўцы, а 1-е месца занялі турысты са “Слаўгарадскага”, усе этапы яны прайшлі, калі не памыляюся, за 5 хвілін 47 секунд. На валейбольнай пляцоўцы эмоцыі разгарэліся не на жарт, не меншыя, чым падчас якога чэмпіянату свету. У паядынку за 3-е месца сышліся каманды Веснаўскага дома-інтэрната і дзяржустаноў, апошнія і сталі прызёрамі. За 1-е і 2-е месцы змагаліся лясгас і “Слаўгарадскі”, пасля цяжкай барацьбы перамога дасталася прадстаўнікам аграфірмы. Ну а ўжо калі перацягвалі канат, пачуцці проста зашкальвалі, і ў гульцоў, і ў заўзятараў. У фінальнай схватцы хлопцы з “Жылкамгаса” літаральна “ўкапаліся” ў зямлю, і лясгасаўцам прыйшлося прыкласці неймаверныя намаганні, каб хоць крыху зрушыць сапернікаў з месца. Пасля дзвюх спроб выйшла нічыя, і толькі трэцяя, вырашальная, вызначыла пераможцу. Такім чынам, у перацягванні каната перамагла каманда лясгаса, на 2-м месцы — “Жылкамгас”, трэцяй стала зборная дзяржустаноў, якая змагла пераадолець каманду райпо.

А назаўтра турыстаў зноў чакалі іспыты, праўда, у іх не ўдзельнічала каманда Аўтапарка № 15.

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях падрыхтаваў эстафету. Калі ў мінулым годзе некаторыя заданні ад ратаўнікоў, на маю думку (і думку тагачасных удзельнікаў), былі занадта складаныя, то ў гэты раз этапы аказаліся ў меру цяжкімі, пры гэтым ніяк не страцілі сваёй цікавасці. Дарэчы, хачу выказаць шчырае захапленне самімі ратаўнікамі. Яны так хутка і спрытна надзявалі баявую форму і спраўляліся са спецыяльнымі прыладамі, што, каб не бачыла на свае вочы, не паверыла б, што на гэта траціцца літаральна некалькі секунд.  Канешне, у канкурсантаў атрымлівалася не так удала, і на этапах, бывала, спатыкаліся і падалі (а хто б не ўпаў, калі на табе колькі там кіло “баёўкі” ці ў руках пажарны рукаў, а ён таксама не пярынка). Але яны малайцы: беглі, цягнулі калёсы, пераносілі “пацярпелых”, размотвалі рукавы — усё дзеля перамогі. У тройку прызёраў па выніках гэтага конкурсу ўвайшлі каманды “Жылкамгаса” (3-е месца), дзяржустаноў (2-е), а на 1-м месцы апынуліся “слаўгарадчане” (нехта з балельшчыкаў трапна сказаў, што яны “праляцелі эстафету, быццам віхор”).

У спаборніцтвах па дартсе ўдзельнічалі асобныя прадстаўнікі ад кожнай каманды, таму прызёраў, што прынеслі ім найбольшыя балы, назаву пайменна. Вынік Святланы Нікіткі з лясгаса — 31, у Сяргея Каранькова з райпо — 32, у Ігара Бараноўскага, зборная дзяржустаноў, — 40, і гэта адпаведна 3-е, 2-е і 1-е месцы.

Спаборніцтвы па армрэслінгу ішлі па-за конкурсам, але бачылі б вы, з якім напружаннем фізічных сіл і эмоцый, з якім запалам мужчыны змагаліся за лідарства. Мне здаецца, што ўдзельнікаў заводзілі як перамогі, так і паражэнні, і яны зноў і зноў падыходзілі да спецыяльнага стала, каб даказаць сілу рук і духу. Невядома, колькі б гэта ўсё прадаўжалася, калі б арганізатары не забралі той самы стол для армрэслінгу. Але прызёры былі вызначаны. Дыплом за 3-е месца ў гэтым спаборніцтве атрымаў Андрэй Мазалеўскі, 2-е месца заняў Андрэй Радзько, а першым стаў Аляксандр Царык.

Урэшце надышоў час падводзіць агульныя вынікі турзлёту. Акрамя прызавых месцаў, журы вырашыла даць асобны дыплом “За крэатыўнасць” камандзе Глускай ЦРБ і дыплом “За волю да перамогі” — камандзе Веснаўскага дома-інтэрната. Што датычыцца прызёраў, 3-е месца заняла каманда ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі”, 2-е — прадстаўнікі Глускага лясгаса, пераможцам турзлёту стала зборная дзяржустаноў.

Мне ж застаецца толькі падзякаваць за два цудоўныя дні турзлёту яго ініцыятарам і непасрэдным арганізатарам, гэта раённы камітэт БРСМ, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і аддзел адукацыі, спорту і турызму Глускага райвыканкама, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Больш фота ў раздзеле “Фотагалерэя. 2017 год”

Последние новости

Актуально

Налоговая разъясняет, что расширен перечень товаров, подлежащих прослеживаемости

16 июля 2025
Читать новость
Актуально

Советы грибникам

16 июля 2025
Читать новость
Актуально

Налоговая разъясняет, как предоставлять сведения об остатках товаров, подлежащих прослеживаемости

16 июля 2025
Читать новость
Актуально

Помощь семьям к учебному году

16 июля 2025
Читать новость
Актуально

Александр Лукашенко провел встречу с Президентом Индонезии Прабово Субианто

16 июля 2025
Читать новость
Актуально

Редакция побывала в оздоровительном лагере «Городок». Фоторепортаж

16 июля 2025
Читать новость