Калі сродкі працуюць на добрую справу

Сапраўды, на рэалізацыю праекта ірландскім бокам было выдаткавана 450 тысяч еўра, 300 мільёнаў рублёў, выдзеленых раённай выканаўчай уладай, пайшло на добраўпарадкаванне тэрыторыі. У выніку будынак быў здадзены напрыканцы снежня 2010 года, а літаральна праз некалькі дзён, на пачатку студзеня 2011-га, новая ўстанова ўжо прыняла сваіх першых наведвальнікаў.
Паглядзець, як уладкаваліся яны на новым месцы, днямі сюды прыехалі выканаўчы дырэктар дабрачыннай арганізацыі “Праект дзецям Чарнобыля” спадарыня Эдзі Роуч з некалькімі валанцёрамі. Сустрэча атрымалася цёплай, шчырай, радаснай, прыгожай і па-сапраўднаму святочнай — з паветранымі шарамі, духмяным караваем, прывітальнымі песнямі, танцамі і нават з сімвалічнай чырвонай стужкай. А потым была экскурсія па вучэбных кабінетах, дзе праходзілі ўрокі і заняткі гурткоў, па пакоях для навучання асновам самаабслугоўвання. Падрабязныя каментарыі давалі намеснік старшыні райвыканкама Людміла Клыга, дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Наталля Гулевіч, ды і самі юныя навучэнцы карэкцыйнага цэнтра і наведвальнікі дзённага аддзялення з задавальненнем дзяліліся сваімі ўражаннямі з ірландскімі гасцямі. Яны пераканаліся, што выдзеленыя імі сродкі сапраўды працуюць на добрую справу, таму, па словах спадарыні Роуч, дабрачынная дзейнасць “Міжнароднага праекта дзецям Чарнобыля” ў Глускім раёне будзе прадоўжана і ўжо ў бліжэйшы час стартуе новы дабрачынны праект. Яго канчатковая мэта, як і ўсіх папярэдніх добрых спраў, несці смех і любоў у жыццё тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Менавіта гэтыя словы і напісаны на памятнай таблічцы, што прывезлі з сабой падчас візіту ірландскія валанцёры.
Т.ЛУКАШЭВІЧ
Фота М.РУНЦЭВІЧА
На здымку: Эдзі Роуч і Людміла Клыга пераразаюць сімвалічную чырвоную стужку