Санаторная школа сустрэла дзяцей
Прымала гасцей 1 верасня і санаторная школа-інтэрнат. На свята Першага званка сюды прыехалі Міністр лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Амельяновіч, старшыня Глускага райвыканкама Уладзімір Царыкаў, генеральны дырэктар Магілёўскага лесагаспадарчага аб’яднання Уладзімір Раеўскі, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Кускова, дырэктар Глускага лясгаса Сяргей Максімовіч. Але галоўнымі героямі гэтай вераснёўскай лінейкі былі, вядома ж, хлопчыкі і дзяўчынкі.
Менавіта да вучняў і да настаўнікаў былі звернуты ўсе словы-пажаданні, што прагучалі падчас урачыстасці, бо ім разам ісці па краіне Ведаў, вучыцца і вучыць новаму. Гэта не заўсёды лёгка і проста, але заўсёды цікава і карысна. А каб вучэбны працэс ішоў больш прадуктыўна, каб школьнае жыццё ўстановы было яшчэ больш зручным, госці прывезлі падарункі, сярод іх — сертыфікат на 5 000 рублёў ад Міністэрства лясной гаспадаркі і сертыфікат на набыццё мікрааўтобуса — ад Магілёўскага аблвыканкама. Падарункі, якія дзеці разам з настаўнікамі падрыхтавалі для гасцей, зразумела, не такія дарагія па цане, але зроблены і падораны шчыра, ад душы, на добры ўспамін пра школу, пра гэта школьнае свята.
Пра школу, вучобу і першы званок былі таксама і вершы, прачытаныя самымі маленькімі вуч-нямі, і прыгожая лірычная песня. Прагучаў першы званок, і вучні пайшлі ў класы. Сяголета ў санаторнай школе-інтэрнаце будзе вучыцца 110 дзяцей з розных раёнаў Магілёўшчыны, няхай гэты навучальны год прынясе ім новыя патрэбныя веды, новыя знаёмствы і яшчэ шмат усяго цікавага і карыснага, што дае чалавеку школьнае жыццё.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота С. РУДЗІНСКАГА