Глускі касцёл у 3D

На сайце history-belarus.by ёсць праект пад назвай Аrch-спадчына, мэта якога — графічнае адраджэнне страчанай беларускай архітэктурнай хрысцiянскай спадчыны. Праект пачаў працаваць у 2015 годзе. Графiчныя рэканструкцыi — 3D-мадэляванне i фотамантаж — стварае жыхар Пінска, архiтэктар па адукацыi Аляксандр Невар. На сённяшні дзень на сайце можна ўбачыць 36 рэканструяваных віртуальных архітэктурных помнікаў — храмаў, якія ў розныя часы і па розных прычынах назаўсёды зніклі. Сярод іх ёсць і касцёл бернардзінцаў у Глуску. Стварыўшы 3D-мадэль глускага касцёла, аўтар размясціў яго на сучасным фотаздымку Глуска менавіта там, дзе ён стаяў не адно стагоддзе. Гэта месца — частка футбольнага поля глускага стадыёна. На здымку вы бачыце, што з гэтага атрымалася.
Кажуць, што ў гісторыі няма ўмоўнага ладу і трэба ісці далей, не раздумваючы “а што было б, калі…”. Але гэта няправільна, бо гісторыя мае ўласцівасць паўтарацца. Таму трэба разважаць, думаць і вучыцца на памылках нашых продкаў, каб не здзяйсняць такія ж у будучым, каб нашым нашчадкам засталася добрая гістарычная спадчына: прыгожыя старажытныя сядзібы, палацы ды храмы.
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ
Фота з сайта history-belarus.by/arch-spadczyna