Казка для дзяцей, падзяка – бацькам

У самым пачатку зімы, 3 снежня, ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. Гэта добрая нагода яшчэ раз звярнуць увагу на людзей з абмежаванымі магчымасцямі, паказаць, што яны не застаюцца сам-насам са сваёй бядой, што побач жывуць неабыякавыя людзі, да якіх можна звярнуцца па дапамогу і падтрымку. Інваліднасць – вельмі істотная праблема ў любой краіне свету, незалежна ад яе заможнасці і развіцця. Ва ўсім свеце жыве каля 700 мільёнаў інвалідаў рознай ступені інваліднасці. Гэта значыць, што амаль у кожнага дзясятага жыхара зямлі ў большай ці меншай ступені абмежаваныя магчымасці.
Трэцяга снежня ў Глускім раённым Доме культуры адбылося мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў, куды былі запрошаны дзеці.
З уступным словам да прысутных звярнулася намеснік старшыні Глускага раённага выканаўчага камітэта Людміла Клыга. Яна зазначыла, што гэты дзень ва ўсім свеце адзначаюць для таго, каб засяродзіць увагу ўсіх грамадскіх аб’яднанняў і кожнага грамадзяніна любой краіны на тых, хто мае абмежаваныя магчымасці. Намеснік старшыні райвыканкама шчыра падзякавала бацькам за іх штодзённы клопат, за іх цярплівасць і спагаду. За тое, што яны не апускаюць рукі, а робяць усё магчымае і немагчымае, каб палепшыць жыццё сваіх дзяцей. Напрыканцы свайго выступлення Людміла Клыга пажадала моцнага здароўя бацькам і іх дзецям.
Пасля афіцыйнай часткі работнікі культуры падарылі дзецям тэатралізаванае прадстаўленне. Тут быў і ленаваты заяц, і паважны цар звяроў — леў, і недарэкі пінгвіны, і вясёлыя бабкі Ёжкі. А ў ролі расказчыцы выступіла фея Смяшынка. Дзеці з затоеным дыханнем сачылі за казачным дзеяннем, што разгарнулася на сцэне. Пасля прадстаўлення героі казкі звярнуліся да дзяцей і іх бацькоў з пажаданнямі ўсяго самага найлепшага і ўручылі салодкія падарункі ад раённага выканаўчага камітэта.
Хто хоць аднойчы сутыкаўся з дзецьмі, якія маюць асаблівасці ў псіхафізічным развіцці, хто гутарыў з імі, той ведае, што гэта самыя шчырыя, самыя ласкавыя дзеці. Яны не ўмеюць хлусіць, не ўмеюць хітрыць, шчыра аддаюць сваю любоў тым, хто знаходзіцца побач. І самая вялікая ўзнагарода — бачыць усмешкі на тварах гэтых дзяцей. Так і адбылося: усе прысутныя пайшлі дадому з вясёлым настроем.
Лілія ХАРЛАНЧУК
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА