За рулём пажарнай машыны

Папярэджанне надзвычайных сітуацый, выратаванне жыццяў або маёмасці шмат у чым залежыць ад своечасовага прыбыцця ратаўнікоў на месца здарэння. А гэта ўжо залежыць ад вадзіцеляў пажарных машын. Амаль 25 гадоў свайго жыцця аддаў службе выратавання вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Глускага РАНС Васіль Галамака. Ён родам з Мыслоціны, дзе і пражывае. Да паступлення ў рады ратаўнікоў некаторы час працаваў вадзіцелем у глускай сельгастэхніцы. У 1993 годзе быў прыняты на службу ў РАНС.
Камусьці работа вадзіцеляў пажарнай службы падасца нескладанай. Аднак ім неабходна не толькі аператыўна даставіць таварышаў у патрэбнае месца, але і забяспечыць бесперабойную падачу вады і іншых рэчываў для тушэння агню, а пры неабходнасці ратаваць людзей нараўне з пажарнымі. Усё гэта патрабуе добрай вытрымкі, смеласці, прафесіяналізму і адказнасці. І гэтымі якасцямі, па словах калег і кіраўніцтва, Васіль Галамака валодае ў поўнай меры. Дарэчы, ён у сваю чаргу адзначыў, што поўнае паразуменне і ўзаемападтрымка, якія пануюць у іх калектыве, вельмі дапамагаюць падчас службы.
У ліку многіх заслужаных узнагарод, якія атрымліваў Васіль Галамака за 25 гадоў, — медаль “За бездакорную службу” III ступені. Аднак самай важкай узнагародай для вадзіцеля-ратаўніка заўсёды было і застаецца выратаванае чалавечае жыццё.
Ганна АЎТУХОВА, фота аўтара