Темы

“Алея славы”. Творчы праект “Радзімы” і савета ветэранаў. Трэба імкнуцца быць лепшым

“Алея славы”. Творчы праект “Радзімы” і савета ветэранаў. Трэба імкнуцца быць лепшым

Адна з самых складаных, але і самых патрэбных людзям ва ўсе часы прафесій — настаўнік. Менавіта настаўнікі для многіх вучняў былі прыкладам у жыцці, а веды, якія мы атрымалі ў школе, сталі падмуркам для нашай будучай прафесіі. Імя маёй сённяшняй суразмоўцы вядома настаўнікам і выпускнікам Глускай сярэдняй школы № 2 і сярэдняй школы № 3 (цяперашняй гімназіі). Гэта яна расказвала вучням пра катэты і гіпатэнузы, вучыла знаходзіць невядомае і рашаць задачы з лагарыфмамі, а яшчэ сваім прыкладам паказвала, як трэба працаваць, каб чагосьці вартага дасягнуць у жыцці. Гэта настаўніца матэматыкі і яшчэ адна гераіня сумеснага праекта “Радзімы” і савета ветэранаў “Алея славы” — Ірына Фамінічна Тоўкач.

Мы сустрэліся і паразмаўлялі з Ірынай Фамінічнай напярэдадні яе юбілейнага дня нараджэння (не будзем называць лічбы, кажуць, што пра ўзрост жанчыны нельга гаварыць). Вельмі сціплая жанчына крыху расказала пра сябе (увесь час прыгаворваючы “ну што пра мяне гаварыць, я просты настаўнік”), больш гаварыла пра сваіх настаўнікаў, што далі дарогу ў жыццё, прафесію, пра калег ды сям’ю. Але аб усім па парадку.

— У Глуску я жыву з 1990 года, — пачала аповед Ірына Фамінічна. — Нарадзілася ў Віцебскай вобласці, у Чашніках, незадоўга да вайны. Гэты перыяд гісторыі пакінуў цяжкі след у жыцці нашай сям’і (увогуле, як і ў жыцці тысяч беларускіх сем’яў) — мы засталіся без бацькі. Ён загінуў у 1941 годзе. Я хоць і малая была, але многае ўсё ж захавалася ў памяці. Нельга забыць, як паўзлі са старэйшым братам ад вёскі па полі ў лес, каб схавацца ад немцаў ды паліцаяў, як жылі ў зямлянцы, бо ў сяле не было ні адной уцалелай хаты, і смак аладак чорнага колеру, якія мама гатавала з перамерзлай бульбы, таксама нельга забыць. Ведаеце, аднойчы, ужо калі я працавала ў школе, павезла сваіх вучняў на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць. Там побач з нашай групай праводзілі экскурсію для нямецкіх грама-дзян. І вось калі я пачула нямецкую мову, у мяне ўнутры ўсё затрымцела, нахлынулі дзіцячыя ўспаміны, страх, злосць…

Пасля вайны, у 1946 годзе, я пайшла ў першы клас, а ў 1956-м скончыла школу з залатым медалём. Паўстала пытанне, якую прафесію выбраць. У вёсцы, дзе мы жылі, вельмі патрэбны быў свой доктар, і, паколькі я выдатна вучылася, усе родзічы ды й вяскоўцы думалі, што менавіта я стану тым самым доктарам. Але ў мяне былі іншыя планы: я марыла пра педагагічны інстытут, хацела вучыць дзяцей. Калі прыйшоў час, павезла дакументы ў Віцебск, і не ў медыцынскі, а ў педагагічны інстытут на фізіка-матэматычны факультэт, куды мяне прынялі без экзаменаў. Іншай прафесіі я для сябе і не ўяўляла, бо ўсе дзесяць гадоў школьнай вучобы перад вачыма былі яскравыя прыклады — мае выдатныя настаўнікі. Гэта яны навучылі старанна працаваць, разумець дзяцей і знаходзіць падыход да кожнага, паказалі, якім павінен быць сапраўдны педагог. На іх я раўнялася на працягу ўсёй сваёй прафесійнай дзейнасці.

І вось я студэнтка фізмата Віцебскага педінстытута. Вучыцца мне вельмі падабалася: прадметы, заданні цікавыя, хоць часам бывала і даволі складана. Жылі іншагароднія студэнты, у тым ліку і я, у інтэрнаце. У маім пакоі было сем дзяўчат. Мы моцна пасябравалі, як аказалася, на ўсё жыццё. Зараз таксама падтрымліваем сувязь — тэлефануем адна другой вельмі часта. На жаль, нас ужо толькі пяць сябровак засталося. Жылі мы дружна, усё рабілі разам: адпачывалі, да заняткаў рыхтаваліся, дзялілі паміж усімі тое, што нам з дому перадавалі. Гэта зараз у студэнцкіх інтэрнатах ёсць і электрычныя пліты, і халадзільнікі. У нас пра гэта і размовы не было. У калідоры стаяла вялікая цагляная пліта, якую палілі цяжкімі вялізнымі паленамі. Дзяўчатам гэта рабіць было складана, таму плітою карысталіся рэдка. Харчаваліся калі ў студэнцкай сталоўцы, а калі нешта ўсухамятку перахопіш — і сыты.

У 1961 годзе я скончыла інстытут і па размеркаванні паехала працаваць выкладчыцай матэматыкі ў Талачынскі раён, Анэлінскую сярэднюю школу, што знаходзілася прыкладна ў 12 кіламетрах ад райцэнтра. Вясковая школа была двухпавярховая, драўляная, але добрая, утульная. Прынялі мяне, маладую спецыялістку, у калектыве ветліва, добразычліва. Адпрацавала я там год, а потым з мужам мы пераехалі ў горад Ельск (Гомельская вобласць). Я ўладкавалася ў Ельскую сярэднюю школу № 1 настаўнікам матэматыкі. Цікава было працаваць у вялікім калектыве сярод выдатных настаўнікаў, у якіх мне, маладому спецыялісту, таксама было чаму павучыцца. Лёс склаўся так, што праз некаторы час, у 1981 годзе, я стала дырэктарам Ельскай школы. Адпрацавала на гэтай пасадзе амаль 10 гадоў. Дарэчы, у раёне я была адзіным дырэктарам-жанчынай. Гэты факт быў для мяне як кіраўніка школы стымулам працаваць больш адказна і нават лепей, чым мае калегі-мужчыны. З калектывам, што склаўся на той час у школе, працаваць было не складана. Завучы дапамагалі арганізоўваць вучэбны працэс, а настаўнікі сумленна выконвалі свае абавязкі. Калектыў школы і асобных нашых педагогаў неаднаразова ўзнагароджвалі на розных узроўнях, ад раёна да вобласці. Мы і імкнуліся заўсёды быць лепшымі.  

Падчас працы ў Ельскай школе Ірына Фамінічна Тоўкач была шмат разоў адзначана Ганаровымі граматамі абласнога аддзела народнай адукацыі, раённага аддзела народнай адукацыі, раённага камітэта Камуністычнай партыі БССР, Граматай Міністэрства асветы БССР. У працоўнай кніжцы педагога запісамі аб заахвочваннях і ўзнагароджаннях запоўнены ўсе адведзеныя для гэтага старонкі. У 1971 годзе Ірыне Фамінічне Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік Беларускай ССР”. У 1985 годзе яна ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік асветы СССР”, якім адзначалі лепшых настаўнікаў, выхавацеляў, навуковых работнікаў і іншых працаўнікоў народнай асветы за вялікія поспехі, дасягнутыя імі ў галіне народнай адукацыі і актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці.

— Дзесьці ў канцы 1970-х, — працягвае расказваць Ірына Фамінічна, — я разам з дэлегацыяй Гомельскай вобласці брала ўдзел ва Усесаюзным з’ездзе настаўнікаў у Маскве. Бачыла нават Брэжнева, які прысутнічаў на з’ездзе і сядзеў у прэзідыуме. Двойчы брала ўдзел у рэспубліканскіх з’ездах настаўнікаў у Мінску. Такія паездкі былі не толькі ўзнагародай за добрую працу, але і магчымасцю набыць новы досвед, пазнаёміцца і пагутарыць з калегамі з розных куткоў Беларусі і нават Савецкага Саюза. 

У 1990 годзе Ірына Фамінічна з сям’ёй пераехала ў Глуск. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Ельск трапіў у зону, забруджаную радыяцыяй. Масавага адсялення не было, але жыхары горада па сваім жаданні маглі пераехаць у іншае месца. Параіўшыся, муж і жонка Тоўкач вырашылі перабрацца ў Глуск — дзеля свайго здароўя і здароўя дзяцей (дарэчы, Ірына Фамінічна разам з мужам выхавала траіх дзяцей, а зараз у яе ўжо шасцёра ўнукаў і два праўнукі). У Глуску Ірыну Фамінічну прынялі метадыстам у раённы аддзел адукацыі, адначасова яна выкладала матэматыку ў сярэдняй школе № 2.

— З цяжкім сэрцам я пакідала Ельск, сваю школу, — прызнаецца педагог. — Там засталася назаўсёды частка маёй душы. Я не магла ў той час вось так рэзка адарвацца зусім ад вучняў, ад школы, а ў метадыста была магчымасць выкладаць у школе. Я гэтым скарысталася. У 1996 годзе выйшла на пенсію, але працягвала яшчэ працаваць да 2004 года ў глускіх школах: то ў другой, то ў трэцяй.

За 43 гады педагагічнай дзейнасці Ірына Фамінічна Тоўкач дала дарогу ў жыццё сотням, а можа, і тысячам вучняў. Гэтыя дзеці дзякуючы сваёй настаўніцы, якая дала ім асновы ведаў, дасягнулі розных вышынь у жыцці.

—    Вось не так даўно, — кажа Ірына Фамінічна, — па тэлевізары паказвалі, як Прэзідэнт узнагароджваў ваенных. Адным з іх быў мой вучань з Ельскай школы — ён атрымаў ад кіраўніка дзяржавы генеральскія пагоны. Мне было таксама вельмі прыемна пра гэта дазнацца. Увесь час я падтрымліваю сувязь са сваімі былымі калегамі, аднакласнікамі, аднакурснікамі, вучнямі. Зараз больш па тэлефоне размаўляем, а раней і лісты пісалі. Віншавальныя паштоўкі ад вучняў да гэтага часу захоўваю.

Ірына Фамінічна, як мне здалося, вельмі актыўны, жыццярадасны чалавек. А інакш і быць не можа, бо толькі з такімі рысамі характару павінны быць педагогі… усё жыццё.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара

Последние новости

Общество

В память о чернобыльской трагедии

30 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Общество

Слово делегату ВНС Олегу Дьяченку

30 апреля 2024
Актуально

Какой будет новая Военная доктрина Беларуси. Хренин раскрыл подробности документа

30 апреля 2024
Актуально

Вольфович. Концепция национальной безопасности

30 апреля 2024
Власть

Нам нужен мир. Второй день заседания VII ВНС

30 апреля 2024
Актуально

Вступительная кампания-2024: сроки приема документов, проведения испытаний и зачисления в вузы

30 апреля 2024
Актуально

Председатель ФПБ – о делегатах ВНС, Годе качества и повышении статуса профсоюзов

30 апреля 2024
Общество

В Глуске прошло координационное совещание по борьбе с преступностью и  коррупцией

29 апреля 2024
Власть

Лукашенко подписал указ о призыве офицеров запаса на военную службу

29 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024