Темы

З блакнотам па раёне. Вёска Поблін

З блакнотам па раёне. Вёска Поблін

Заканчэнне

Пасля вайны

Цяжка прыйшлося поблінцам пасля Вялікай Айчыннай вайны. У 1944 годзе ўсіх мужчын, здольных трымаць у руках зброю, прызвалі на фронт. У гаспадарчых кнігах вёскі за гэты год амаль на кожнай старонцы насупраць мужчынскіх імёнаў пазначана — “с 1944 года в РККА”. У гаспадарчых кнігах за 1946 год ёсць ужо іншыя запісы: “муж загінуў на фронце”, “сын загінуў”… У пасляваенныя гады жанчынам, старым ды дзецям прыходзілася аднаўляць калгас, глядзець сваю гаспадарку, адбу-доўваць вёску. Па звестках з гаспадарчых кніг, у той час поблінцы на сваіх палетках сеялі пшаніцу, жыта, ячмень, проса, грэчку, бульбу (яе было больш за ўсё). Крыху пазней, пасля 1946 года, сталі высяваць лён, табаку, гарох, каноплі. Жывёла “вадзілася” ў хлявах сяльчан, але не ў кожнай гаспадарцы. Поблінцы трымалі кароў, цялят, авечак, коз. У 1944 годзе ў дзвюх гаспадарках пазначаны пчолы — па адной калодзе. У 1945 годзе яны засталіся толькі ў адной гаспадарцы, галавою якой запісана жанчына 1878 года нараджэння Кацярына Андрэеўна Лугін.

Цяжка прыходзілася вяскоўцам працаваць у пасляваенны час. Каб заараць поле, жанчыны плуг цягнулі на сабе ці кароў запрагалі. Зінаіда Васілеўна Грыпінская ўспамінае, што яе маці разам з суседкаю такім чынам нават крыху грошай або харчоў зараблялі — запрагалі кароў і ездзілі ў суседнія вёскі людзям ніву араць. У гаспадарцы ні адных лішніх рук не было. Дзецям таксама занятак заўсёды знаходзіўся — жывёлу пасвілі (і сваю, і калгасную), агарод даглядалі, хатнімі справамі займаліся, калі маці працавала ў калгасе. “Нялёгкае ў нас было пасляваеннае дзяцінства, — уздыхае Антаніна Васілеўна. — Зведалі і цяжкую працу, і голад. Бацька загінуў, дзядзькі, маміны браты, таксама загінулі — дапамагаць не было каму. Так разам з мамай на сабе ўсю гаспадарку і калгасную працу і цягнулі. У вёсцы розныя людзі былі: хтосьці крыху больш заможны (у каго, напрыклад, гаспадар вярнуўся з фронту — хоць і пакалечаны, але ж жывы), а хтосьці і зусім бедны быў — нават хлеб на стале не кожны дзень сям’я бачыла. Аднойчы здарылася непрыемная гісторыя: у аднаго з сяльчан прапала з хаты некалькі кавалкаў сала. Хаты ў той час амаль ніхто не замыкаў, людзі верылі адзін аднаму, бо злодзеяў у нас адвеку не было. Знайшлі скрадзенае сала хутка — у хаце адной з самых бедных жанчын. Дзяцей яна гадавала адна, галадалі. Безвыходнае становішча ды галодныя вочы дзяцей — гэта, верагодна, і падштурхнула жанчыну на такі ўчынак. За крадзеж прысудзілі ёй пяць гадоў турмы. Але вяскоўцы вельмі шкадавалі яе і не асуджалі”.

У ваенны ды пасляваенны час шмат поблінцаў хварэла на тыф, многія паміралі, бо знясілены голадам ды стрэсамі арганізм чалавека не вытрымліваў. Зінаіду Васілеўну, на той час трохгадовую дзяўчынку, таксама не абмінула гэта страшная хвароба, але выдзюжыла, выжыла. А вось дзед Кацярыны Міхайлаўны Барысік памёр ад тыфу ў другой палове 1944 года.  

На тэрыторыі Беларусі, і Глускі раён не выключэнне, да гэтага часу знаходзяць снарады і гранаты, а пасля заканчэння вайны іх паўсюль была незлічоная колькасць. Ужо ў мірны час ад выбухаў гінулі людзі. Так здарылася ў 1944 годзе і ў Побліне. “Пятнаццацігадовыя падлеткі, сярод якіх быў і мой дзядзька Леанід, — расказвае Кацярына Міхайлаўна Барысік, — у лесе недалёка ад вёскі знайшлі нямецкія міны. Захацелі іх разабраць… Моцны выбух… Загінулі ўсе трое… Усіх траіх у адзін дзень і хавалі. Гэты выпадак быў вялікай трагедыяй не толькі для бацькоў, але і для ўсёй вёскі”.    

Канец 1960-х. У Побліне дзяцей заўсёды было шмат

 

Поблінскія стравы: з простых харчоў кулінарны шэдэўр

У пасляваенны цяжкі час вясковыя жанчыны, каб пракарміць сям’ю ды разнастаіць беднае меню, з самых простых прадуктаў прыдумвалі розныя стравы. “Наша мама заўсёды нешта прыдумляла, — расказвае Зінаіда Васілеўна Грыпінская. — Напрыклад, бульбянікі. Яна варыла бульбу ў мундзірах, потым яе лупіла, таўкла ў ступе і рабіла цеста. Затым яго раскатвала, рэзала на трохвугольнікі, якія начыняла капустай, грыбамі, мясам або чым іншым, змазвала зверху посным маслам (калі было) і пякла ўсё гэта ў печы. Яшчэ таўклі льняное семя і елі з бульбаю. На той час такая страва здавалася нам найсмачнейшай у свеце. А на дэсерт мама таўкла нам мак-самасейку: расцірала яго таўкачыкам у глінянай місцы да белага “малака”, дабаўляла крыху цукру, і мы елі гэтую смакату з блінамі. Выратоўвала нас ад голаду рака — вяскоўцы лавілі там рыбу, яе было заўсёды ўдосталь. Наша мама, напрыклад, вельмі смачна начыняла шчупака”.

Поблін. 1970-я

Святы: кірмашы ды вяселлі

У Глускім раёне была і зараз яшчэ захавалася традыцыя — на рэлігійныя святы ў вёсках ладзіць кірмашы, у кожнай вёсцы на “сваё” свята. Для Побліна, напрыклад, гэта Ушэсце (Узнясенне Гасподняе). Раней радня ды знаёмыя з іншых вёсак, з Глуска ішлі ў госці да поблінцаў. Балашоўцы, напрыклад, падыходзілі да ракі і са свайго берага крычалі: “Падайце човен!” А чоўнаў з поблінскага боку было прывязана заўсёды шмат. Вяскоўцы ішлі да ракі і перавозілі гасцей з Балашэвіч да сябе на кірмаш. Поблін на некалькі дзён (а святкавалі з чацвярга па нядзелю) ператвараўся ў гулкі вулей. Жанчыны прыбіраліся ў свае самыя лепшыя ўборы, вяскоўцы ладзілі танцы, гулянне, канешне, гатавалі самыя лепшыя і смачнейшыя стравы, каб частаваць гасцей. Усе гэтыя дні, замаўкаючы толькі на кароткі час ноччу, у розных канцах вёскі гралі гармонікі, гучалі песні. Бывала, што здараліся і бойкі, калі нейкія госці пачыналі заляцацца да мясцовых прыгажунь. Трэба адзначыць, што кірмашы праходзілі нават у самы разгар антырэлігійнай барацьбы — з гэтай традыцыяй савецкая ўлада справіцца не змагла.

Яшчэ адным святам, дзе гуляла большасць вяскоўцаў (бо ў вёсках заўсёды вельмі цесныя сваяцкія сувязі), было вяселле. Яго таксама святкавалі некалькі дзён. Яшчэ да вяселля ў хаце нявесты дзяўчаты шылі вянок ды прымяралі яго. Дзяўчаты пелі для нявесты адмысловыя старажытныя песні. У першы дзень вяселля гасцявалі ў хаце маладой, на другі дзень усе госці ехалі да маладога. Калі яшчэ царква была ў Побліне, дык вянчаліся. А потым, у савецкі час, хадзілі пешшу або ездзілі на кані ці грузавіку ў сельсавет, каб распісацца. “Такіх картэжаў з легкавых машын, як зараз, у наш час не было, — успамінае Антаніна Васілеўна Лубко. — Добра, калі на грузавіку пад’едуць маладыя распісацца, а не — дык пешкам ішлі ў сельсавет, як мы з мужам. Распісвацца хадзілі толькі мы ўдваіх, а потым на другі дзень ужо спраўлялі вяселле, ззывалі гасцей. Да святочнага стала гатавалі катлеты, галубцы, сала, каўбасы, халадзец. На дэсерт падавалі густы ягадны (з журавін або чорнай парэчкі) кісель — накладвалі яго ў міскі і елі лыжкамі. Пяклі тонкія бліны (наліснікі), якія начынялі салодкім тварагом. Абавязкова варылі кампот з сушаных ігруш і яблык. Яго госці вельмі паважалі і маглі выпіць не адно вядро”.

Так сучасныя поблінцы ўпрыгожваюць сваю вёску

Поблінцы

Расказваючы пра Поблін, нельга не згадаць пра людзей, пра іх дасягненні і самаадданую працу.

Вясной гэтага года на старонках нашай газеты мы расказвалі пра жыхарку Побліна Ніну Васілеўну Трыбуш. Усё жыццё яна працавала на свінаферме ў калгасе імя Калініна. У красавіку 1971 года за бездакорную, старанную працу была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. А яшчэ за тое, што нарадзіла і выхавала дзевяць дзяцей, Ніна Васілеўна ўзнагароджана двума ордэнамі “Мацярынская слава” (ІІ і ІІІ ступені) і двума медалямі Мацярынства (І і ІІ ступені).

На поблінскіх могілках ёсць помнік, які адрозніваецца ад усіх іншых,  ён быццам узвышаецца над імі. Гэта месца, дзе пахаваны воін-інтэрнацыяналіст, лётчык, капітан Раман Тупіца, які загінуў у Афганістане. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні баявых заданняў, Раман Тупіца ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (пасмяротна), “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” ІІІ ступені, медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”. Яго імем названа адна з вуліц у Глуску.

Вяскоўцы згадваюць і іншых ураджэнцаў Побліна, якія прыносілі карысць вёсцы, праслаўлялі яе не толькі ў межах нашага раёна, а і на ўсю рэспубліку. Поблінцы могуць ганарыцца Мікалаем Міхайлавічам Грыпінскім — заслужаным геолагам-разведчыкам БССР, Фёдарам Паўлавічам Тупіцам — палкоўнікам міліцыі. У Побліне “вырасла” шмат настаўнікаў, пра якіх і па сёння былыя вучні ўспамінаюць з павагай і цеплынёй. Вось некаторыя з іх — гэта Ната Адамаўна Тарасевіч, Міхаіл Кліменцьевіч Тычына, сям’я Дудар, дзе настаўнікамі былі Пятро Сідаравіч, яго жонка Вера Андрэеўна, брат Леанід Сідаравіч.

Замест пасляслоўя

На 1 студзеня 2019 года ў Побліне было зарэгістравана 35 чалавек, з якіх толькі пяць — працаздольнага ўзросту. У вёсцы няма магазіна, але тры разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Таксама некалькі раз на тыдзень у Поблін заходзіць рэйсавы аўтобус. Як і ў большасць цяперашніх вёсак, улетку сюды з’язджаюцца дачнікі, унукі і праўнукі да бабуль, а вось восенню і зімою ў вёсцы цішыня… Мы былі тут на пачатку кастрычніка, праехалі праз усю вёску і на вуліцы не сустрэлі ніводнага чалавека…

Мясцовыя жыхары не губляюць надзеі, што іх вёска яшчэ будзе жыць. Зразумела, што так шматлюдна і весела, як было калісьці, — ужо не будзе. Але вяскоўцы ўпэўнены, што той, хто любіць свой Поблін усёй душой, заўсёды будзе сюды вяртацца і перадасць гэта моцнае пачуццё нашчадкам. І хоць на кароткі час вясной і летам, але ўсё ж вёска будзе напаўняцца гоманам галасоў і дзіцячым смехам, вёска будзе ажываць.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва Тамары Лявонцьевай

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Пятьдесят воинов, пятьдесят березок. Аллею Памяти заложили в Глусском районе

8 мая 2024
Читать новость
Актуально

Расписание заупокойных богослужений на кладбищах Глусского района по случаю Радоницы

8 мая 2024
Читать новость
Калейдоскоп

И даже мокрый снег. О погоде с 9 по 12 мая

8 мая 2024
Читать новость
Общество

Делегаты ВНС пошли к людям

8 мая 2024
Читать новость
Общество

Как будет работать поликлиника Глусской ЦРБ на больших выходных

8 мая 2024
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

С Днем Победы поздравления принимал ветеран Великой Отечественной войны Евгений Тимофеевич Шилов

8 мая 2024
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

В Глусском районе проходят мероприятия, посвященные Дню Победы и 80-летию со дня освобождения Беларуси

8 мая 2024
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Делегация из Москвы приняла участие в мероприятиях, посвященных Дню Победы и 100-летию Глусского района

8 мая 2024
Читать новость
Общество

Районный турнир «Кожаный мяч» завершился в Глуске

8 мая 2024
Читать новость
Общество

Маленькие патриоты. Районный этап игры «Зарничка» в Глуске

8 мая 2024
Читать новость

Рекомендуем

Общество

Глускі раён у 1930-я. Лічбы і факты

4 мая 2024
Стрелка вверх
Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

Программа праздничных мероприятий в День Победы, Глуск

7 мая 2024
Стрелка вверх
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Стрелка вверх
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Стрелка вверх
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Стрелка вверх
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Стрелка вверх