Темы

Вершы, песні і прыпеўкі

 

Першыя друкаваныя творы глускай паэткі Любові Ляпко пачалі з’яўляцца на старонках раённай газеты яшчэ ў 1974 годзе, затым друкаваліся ў газетах “Чырвоная зорка”, “Знамя юности”, “Літаратура і мастацтва”, іншых рэспубліканскіх часопісах і газетах. Лепшыя вершы знайшлі сваё месца ў калектыўных зборніках “Галасы Прыдняпроўя”, “Дняпроўскія хвалі”, “Першацвет”, “З надзеяй, верай і любоўю”. Любоў Ляпко тройчы была ўдзельніцай рэспубліканскіх з’ездаў маладых пісьменнікаў.

Вось як дакладна характарызаваў у свой час паэтычную натуру Любові паэт Сяргей Грахоўскі, які апекаваў яе і дапамагаў на пачатку літаратурнага шляху: “Люба — паэтка ад нараджэння, па душэўнай неабходнасці, яна з тых, што не могуць не пісаць. Яе не бянтэжаць няўдачы і жыццёвыя складанасці, бо паэзія — чалавечая сутнасць, унутраная патрэба выказваць перажытае, набалелае, радаснае і трывожнае, што рупіць і не дае спакою… Люба жыве побач з намі, ходзіць па тых жа вуліцах і сцежках, стаіць у адных чэргах, але вострым зрокам бачыць тое, чаго не прыкмячаюць іншыя”. Па сённяшні дзень Любоў Паўлаўна беражліва захоўвае вершы з праўкамі, унесенымі рукой Грахоўскага, яго лісты.

Яна па-ранейшаму піша, некалькі вершаў сталі песнямі. Так, музыку да яе твораў піша магілёўскі кампазітар Мікола Яцкоў, а некаторыя з песень увайшлі ў рэпертуар На-дзеі Мікуліч. Адна з песень Любові Ляпко стала гімнам абласнога фестывалю сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”, што праходзіць у нашым Глуску.

Гэтая жанчына — сапраўдная энтузіястка, актыўная ўдзельніца шматлікіх конкурсаў. Двойчы ездзі-ла на фестываль гумару ў Аўцюках, станавілася яго лаўрэатам. А гэтай вясною прымала ўдзел у першым абласным фестывалі паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”. Да таго ж яна — кіраўнік літаратурнага клуба “Жывое слова”, у якім займаюцца дзеці рознага ўзросту. Разам са сваімі выхаванцамі Любоў Паўлаўна стварае не толькі вершы і апавяданні, а і шмат цікавых вырабаў робіць сваімі рукамі.

Падрыхтавала А. ПЯТРОВА

 

Прывітальнае

Ах, лівень! Спеўны і вясёлы,

Не патрывож душы нічым:

Блакітам вочак васільковых,

Мой Глуск, гасцей заваражы!

Спявай, зямля, спявайце, людзі,

Спачыну песням не бываць.

Пакуль жывем —

                     страчацца будзем,

А Глуск умее прывітаць.

Бо суму ў нас няма прапіскі,

Тут вечны рай і вечны спеў.

Далёкі госць — ён самы блізкі,

 А значыць — родныя усе.

Ах, ліпень! Спеўны і гуллівы,

Страчай гасцей у добры час,

Ці ёсць куток яшчэ гасцінней

І прыгажэйшы, як у нас.

 

На расплеценых косах

На расплеценых косах

Сляды,

              што пракосы.

Палосы,                                                                                                      

                 палосы…

Рук праборлівы почырк

І каса на плячах.

Ды здзіўленне ў вачах.

Бабулі вось-вось шэсцьдзясят,

Косы — палосы жыцця,

А косы па пояс.

Маладосці працяг…

 

Наказ ад маці

Трымайся, дзяўчынка,

За сонца і неба,

За добрае слова,

За лустачку хлеба.

Трымайся, сцяблінка,

Расці ў божай ласцы.

Будзь добрай, прыгожай,

Як фея у казцы.

Твой заўтрашні дзень

Хай нішто не азмрочыць.

Усмешкі, як цені,

З табою хай крочаць.

Ты скачаш па свеце

Так лёгка-прывольна.

Хай сонейка свеціць

Марынкам і Волькам.

Трымайся, крывінка,

Высокай любові.

Плыві аблачынкай

У пошуках долі.

Каб доля, як птушка,

Лунала ахвотна.

Дзяўчынкі-дачушкі,

Шчаслівых палётаў!

 

Купаюся ў Пцічы

Як і твае,

Мае вытокі

У той далёкай старане,

Куды ўладна біятокі

Ізноў паклікалі мяне.

(У. Скарынкін)

Купаюся ў Пцічы…

Вылазіць неахвота.

Надрэчны дуб маўчыць —

Уся яго работа.

Пяшчотная рака

З яе бясконцай плынню.

Сячэ ваду рука,

Знікаюць пырскі ў сіні.

Рака — дзівосны цуд.

Рака — ў спрадвечным русле.

О, Пціч!

Свая я тут.

Свайго не адракуся!

Купаюся ў Пцічы…

Нырцам няма падліку.

Надрэчны дуб маўчыць,

Магутны і вялікі.

У ногі б’е шчупак.

Такая асалода!

Мой дзень ракой прапах,

Ды зноў бягу у воду!

***

Спатканні, радасці, сустрэчы…

І пацалункаў незастыўшы хмель.

Згадаўся вечар, самы доўгі вечар

І неба зорная пасцель…

Усё прайшло.

Туман узлёг на сэрцы.

Сівыя пасмы па рацэ плылі.

Кінь, месячык, мне зорнае вядзерца,

І я злаўлю мінулага сляды:

… Адшапацела лета, загулялі ветры

І зніклі пад вясёлкавай дугой.

Як рэхам, пранясецца клічам “Дзе ты?”.

Лепш прамаўчы, калі стаіш з другой.

 

Гуляюць вяселлі ў Глуску

Гуляюць вяселлі ў Глуску,

І лёгкая зайздрасць бярэ.

Спяваюць сваты “ўпрыкуску”

І дзякуюць шчодрай радне.

Гуляюць вяселлі ў Глуску —

Прысмакі з абодвух бакоў.

…А маці ўсё міласці просяць

Для дочак сваіх і сыноў.

 

***

Прагноз надвор’я: то сухмень, то дождж.

Пра чалавека: то дабрак, то злодзей.

Ён сёння вораг твой, а заўтра госць.

Прагноз людскі, адкуль бяда прыходзіць?

Последние новости

Общество

Несколько инвестиционных проектов запланировано реализовать на территории Глусского района в ближайшее время

24 мая 2026
Читать новость
Общество

Пра што пісала “Радзіма” 30 год назад

24 мая 2026
Читать новость
Общество

От патефона до магнитофона. Коллекция аудиоаппаратуры глусчанина Альберта Волкова выставлена в районном историко-краеведческом музее

23 мая 2026
Читать новость
Общество

Глуск: 1396—2026. “Перуновы стрэлы” і шэдэўры сярэднявечных рамеснікаў

23 мая 2026
Читать новость
Общество

Девятиклассник гимназии Глуска Егор Лось принял участие в областном этапе республиканского юниорского лесного конкурса «Квiтней, мой лес»

23 мая 2026
Читать новость
Общество

В Могилёве завершился областной слет юных спасателей пожарных

22 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем