Темы

Праект “Мясцовы каларыт”. Адметныя вокны глускіх хат

Праект “Мясцовы каларыт”. Адметныя вокны глускіх хат

Калі ідзеш па вуліцах нашага гарпасёлка, звяртаеш увагу на акуратныя, дагледжаныя хаты і, канешне ж, на вокны. Менавіта гэты элемент будынка прыцягвае ўвагу прахожых у першую чаргу, асабліва калі акно ўпрыгожана звонку разнымі мудрагелістымі ўзорамі.    

Глуск, вуліца Жыжкевіча

 Нашы продкі лічылі, што акно — гэта не проста адтуліна ў сцяне, якая служыць для асвятлення і вентыляцыі пакоя, яно лічылася “вокам” хаты, мела сакральнае значэнне. Вокны станавіліся як бы варотамі, праз якія ў жыллё заходзіла дабро, і яны ж — перашкода для нячыстай сілы. Таму і адносіны да вокнаў у беларусаў заўсёды былі трапяткія.

Вёска Балашэвічы. Выява птушак, сімвала сямейнага шчасця, на ліштве

Вокны — аканіцы (“драўляныя павекі” вокнаў) і ліштвы (накладное драўлянае абрамленне аконнага праёма) — упрыгожвалі разьбой з асаблівым сэнсам. Ліштвы ўпрыгожваліся самымі разнастайнымі ўзорамі — гэта геаметрычныя фігуры, кветкі, завіткі, выявы зорак, сонца, птушак, цмокаў ды іншыя. На драўляных аканіцах часта выразалі або малявалі ромбы, якія лічыліся сімвалам урадлівасці і багацця, кветка з трыма пялёсткамі асацыявалася з жыццём, а пара птушак ахоўвала сямейнае шчасце. Прычым у кожным рэгіёне Беларусі ўзоры свае, адметныя, якіх у іншых мясцовасцях няма. Даследчыкі-этнографы па-раўноўваюць ліштвы з нацыянальнымі строямі і кажуць, што яны з’яўляюц-ца своеасаблівым пашпартам рэгіёна ці вёскі. Напрыклад, узоры на полацкіх аканіцах нагадваюць тэкстуру мясцовых ручнікоў, у Баранавічах можна сустрэць выявы цмокаў, а ліштвы на Гомельшчыне ўвогуле лічацца ўнікаль-нымі —  там яны найпрыгажэйшыя і найбагацейшыя. Дарэчы, хто будзе ў Гомелі або ў Гомельскай вобласці, хай абавязкова зверне ўвагу на старыя драўляныя дамы і іх вокны, магчыма, у хуткім часе гэта ўнікальная разьба застанецца толькі на фотаздымках ды ў гістарычных звестках.  

Вёска Балашэвічы. Узор кветкі з пялёсткамі сустракаецца
на ліштвах даволі часта

Навукоўцы адзначаюць, што ў Беларусі драўляны дэкор на вокнах (а яшчэ месцамі і на дзвярах) найбольш распаўсюджаны на поўдні і ўсходзе. Па меры руху з усходу на захад насычанасць яго памяншаецца. У беларускім драўляным дэкаратыўным упрыгажэнні этнографы вылучаюць некалькі рэгіянальных традыцый: палеская (наяўнасць вялікіх сімвалаў сонца на франтоне), асіповіцка-бабруйская (ар-наментацыі на аснове геаметрычных кампазіцый барочнага і класічнага характару), паўднёва-ўсходняя і некаторыя іншыя.

Глуск, вуліца Савецкая
Глуск, вуліца 8 Марта
Глуск, вуліца Інтэрнацыянальная

А што ж у Глуску і ў нашым раёне? Мяркуючы па фотаздымках пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя, у нашым мястэчку амаль на кожнай пабудове таксама былі аканіцы і ўзорчатыя ліштвы. Лічылася, што ўпрыгожыць вокны разнымі ўзорамі маглі дазволіць сабе толькі заможныя людзі, бо каштавала такая праца сталяра не танна. На вокнах жа бяднейшых жыхароў мястэчка былі звычайныя ліштвы, без асаблівага ўпрыгажэння, якія проста выконвалі практычныя функцыі ў канструкцыі акна — дошкі прыкрывалі асадачны паз.

Вёска Гарадок. Узор захаваўся не толькі на вокнах, а і на дзвярах, якімі ўжо даўно не карыстаюцца
Вёска Дуброва

Акрамя таго, што аканіцы ўпрыгожвалі вокны, у іх былі і практычныя функцыі: захоўваць цяпло ў хаце ў сцюдзёную пару, а летам — не даваць спякоце трапляць у памяшканне. Жыхарка Глуска Вольга жыве па вуліцы Камсамольскай (дарэчы, адной са старэйшых у райцэнтры) у драўляным доме, пабудаваным яе дзядулем у пачатку 1960-х. Некалькі гадоў назад сям’я вырашыла замяніць драўляныя вокны на пластыкавыя. “Мы замянілі толькі аконныя рамы, — расказвае Вольга, — а крэпкія дубовыя падаконнікі, аконную каробку і аканіцы пакінулі. Такая была мая самая галоўная ўмова майстрам. Аканіцы — гэта прыгожа, з імі хата выглядае ўтульна. Увогуле, вокны — яны як вочы хаты, а вочы павінны быць прыгожымі. Раней, калі не кожны мог купіць на вокны фіранкі, гаспадары кожны вечар зачынялі аканіцы, каб захаваць ад людскіх вачэй сваё сямейнае жыццё. Зараз у нас на вокнах ёсць, безумоўна, і занавескі, і сучасныя жалюзі, але я ніколі не адмоўлюся ад аканіц. Самая галоўная функцыя, якую яны выконваюць цяпер у нашым доме, — абараняць нас ад спякоты летам. Раней, калі рамы былі драўляныя і дзе ні дзе ў іх былі маленькія дзірачкі, аканіцы зімой не пускалі ў хату вецер ды мароз. У той час, калі гаспадыняй у доме была мая бабуля, для таго, каб зачыніць аканіцы, існаваў адмысловы меха-нізм: звонку іх прычынялі рукамі, а зачынялі шчыльна ўжо знутры, з дапамогаю спецыяльнай зашчапкі. Так аканіцы выконвалі яшчэ адну функцыю — зберагалі маёмасць гаспадароў ад злодзеяў”.

Глуск, вуліца Жыжкевіча
Вёска Касарычы

Дарэчы, на вуліцы Камсамольскай засталося зусім мала дамоў з аканіцамі — большасць гаспадароў, замяняючы старыя вокны, прыбралі іх. Трэба адзначыць, што такое назіраецца на большасці старых глускіх вуліц: Савецкай, Сацыялістычнай, Луначарскага… З надзеяй я прайшла па Першамайскай ад бальніцы да вуліцы Карла Маркса, але і там такая ж карціна — на месцы вузкіх старых акон стаяць іх шырокія пластыкавыя браты, а на месцы аканіц і разных узораў — сціплыя пластыкавыя ліштвы. Крыху больш парадавалі вуліцы Пушкінская і Інтэрнацыянальная — тут, хоць і не шмат, але ўсё ж болей сустракаецца вокнаў са старымі аканіцамі ды ліштвамі. І трэба адзначыць, што ў большасці з іх гаспадары замянілі старыя драўляныя рамы на пластыкавыя, але пакінулі знешняе ўпрыгажэнне.   

Вёска Юзафова

У вёсках жа дамоў з аканіцамі і прыгожымі ліштвамі засталося нашмат болей, але і там яны паступова знікаюць. Так, ад выкарыстання новых матэрыялаў пры рамонце і ад камфорту, што яны даюць, чалавек адмовіцца не можа. Але ж у пагоні за найлепшай ізаляцыяй ад шуму, холаду нашы вокны пазбаўляюцца прыгажосці, становяцца аднолькавымі, а ў выніку гэта і ўвогуле робіць беларускія вёскі падобнымі адна на другую. Акрамя таго, старадаўнія ліштвы ў наш час вельмі хутка знікаюць разам з састарэлымі хатамі, якія разбураюцца проста ад часу. Вельмі шкада, але ліштвы з прыгожымі, а дзесьці і ўнікальнымі ўзорамі так і не сталі экспанатамі музеяў.

Вёска Зарэчча. Геаметрычныя фігуры ў аздабленні аканіц

Генадзь Воранаў, брыгадзір майстроў па мантажы вокнаў у адной з прыватных кампаній, растлумачыў мне, што не заўсёды гаспадары самі адмаўляюцца ад старога аздаблення на вокнах. “Пры змене акна, — распавёў Генадзь, — майстар ацэньвае яго стан. Калі рамы і іншыя канструкцыі прагнілі, сталі непрыдатнымі для далейшага выкарыстання, або сам будынак занадта стары, у ім перакошаныя сцены і майстар не дае гарантыі, што акно будзе стаяць належным чынам, то рэкамендуецца прыбраць усё, што прыйшло ў непрыгоднасць. У тым жа выпадку, калі канструкцыі яшчэ крэпкія, то звычайна мантажнікі здымаюць аканіцы і ліштву, мяняюць акно, а потым усё ставяць на месца і драўляная прыгажосць радуе гаспадара і далей”. 

Вёска Зарэчча

Трэба адзначыць, шмат гаспадароў пакідаюць старадаўнія драўляныя ўпрыгажэнні на вокнах, рэстаўрыруюць іх, фарбуюць, даюць ім новае жыццё. Такія хаты з прыгожымі аканіцамі і ліштвамі можна ўбачыць і ў вёсках нашага раёна: Дуброве, Гарадку, Лучках, Зарэччы, Балашэвічах, Касарычах, Юзафове ды іншых.   

Большасць узораў, якія я бачыла на ліштвах у Глуску і ў вёсках раёна, былі зроблены ў савецкі час (даваенны або пасляваенны). Яны маюць элементы раслінных і геаметрычных узораў, выявы дзвюх птушак і кветкі з пялёсткамі. На суседніх хатах сустракаюцца аднолькавыя ўзоры, але пафарбаваны яны па-свойму, і гэта робіць агульны выгляд збудаванняў асаблівым і непаўторным.

На вуліцы Жыжкевіча ў Глуску ёсць дом з, можна сказаць, унікальным аздабленнем, якое засталося з савецкай эпохі і максімальна перадае сутнасць і атмасферу таго часу, — на аканіцах тут прымацаваны пяціканцовыя зоркі (але зараз яны пафарбаваныя не ў чырвоны, а ў жоўты колер).

Праз некалькі гадоў, самае большае праз некалькі дзесяцігоддзяў, старыя аканіцы і разныя ліштвы знікнуць самі сабою, з натуральных прычын, а новыя, такія ж прыгожыя, на жаль, не з’яўляюцца. Мы страчваем не проста ўпрыгажэнне, а яшчэ адзін элемент нашай адметнасці і самабытнасці.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара

Последние новости

Общество

В Глуске отпраздновали Первомай — Праздник труда, весны и мира

3 мая 2024
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Актуально

Чтобы защитить свой урожай

2 мая 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Брянская наступательная операция

2 мая 2024
Общество

Белорусская партия «Белая Русь» отмечает первую годовщину

2 мая 2024
Общество

Учатся помогать. Слет юных спасателей-пожарных прошел в Глуске

1 мая 2024
Общество

Толокою. Уроженцы Ольницы организовали субботник на сельском кладбище

1 мая 2024
Актуально

1 мая — Праздник труда

1 мая 2024
Общество

В память о чернобыльской трагедии

30 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
Власть

Новое руководство в министерствах и местная вертикаль. Лукашенко рассмотрел кадровые вопросы

22 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024