Темы

95 за плячамі. Юбілей ветэрана Яўгена Цімафеевіча Шылава

95 за плячамі. Юбілей ветэрана Яўгена Цімафеевіча Шылава

З ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, заслужаным работнікам гандлю і грамадскага харчавання БССР Яўгенам Цімафеевічам Шылавым мы сустракаемся не ўпершыню. Так склалася, што нашыя сустрэчы заўсёды былі  прымеркаваны да якіх-небудзь падзей у яго жыцці ці значных агульнадзяржаўных свят накшталт Дня Перамогі. І цяперашняя сустрэча таксама адбылася са значнай нагоды: 22 чэрвеня Яўген Цімафеевіч адзначае 95-годдзе.

За плячамі гэтага чалавека доўгае жыццё, назапашаны вялікі досвед і мудрасць. Безумоўна, яму ёсць што ўспомніць, ёсць што расказаць не толькі сваім дзецям, унукам ды праўнукам, а і нам з вамі, паважаныя чытачы.

Наша размова з Яўгенам Цімафеевічам пачалася з незвычайнай прапановы: “Я хочу пазнаёміць вас, — сказаў ветэран, — з маім домам. На выгляд гэта звычайная сялянская хата, але для мяне яна адна з самых вялікіх каштоўнасцей: тут жылі мае бацькі, нарадзіўся я, брат і сястра, мае дзеці. У цяжкія часы яна давала прытулак усім, каму патрэбна была дапамога. Хату пабудаваў бацька ў 1917 годзе, калі вярнуўся дадому, адслужыўшы ў царскай арміі дзесяць гадоў (нават у Першай сусветнай вайне давялося паўдзельнічаць). Пры дэмабілізацыі яму далі грошай, якіх хапіла, каб пабудаваць добрую хату”.

З гармонікам — бацька Цімафей Рыгоравіч

Яўген Цімафеевіч паказаў вельмі цікавы стары здымак (1915 года) свайго бацькі. На ім Цімафей Рыгоравіч сфатаграфаваны разам з армейскім сябрам: ён у руках трымае гармонік, а сябар — шаблю. “Займеўшы сваю хату, мужчына ўжо мог і пра сям’ю думаць, — працягвае размову Яўген Цімафеевіч. — Жаніўся і бацька. Маю маці ён вельмі любіў, паважаў і ніяк па-іншаму, як “мая Ганна Іванаўна”, яе не называў. Бацька быў вельмі вясёлы, кампанейскі, з гумарам чалавек. На вяселлях часта на гармоніку іграў. Але доўга не пражыў: у 1935 годзе памёр. У маці на руках засталося трое дзяцей. Жылі вельмі бедна. Усё дзяцінства я пасціў кароў. Скончыў толькі чатыры класы, і хоць я добра вучыўся, маці сказала мне і брату так: “Хлопцы, не крыўдуйце, але далей вучыцца пойдзе толькі Соня, бо яна дзяўчынка, ёй лягчэйшая праца патрэбна”. Вучыць нас усіх у мацеры не было магчымасці. І мы не крыўдзіліся, бо ведалі, што так правільна, так лепш, і з братам дапамагалі маме ў працы і па гаспадарцы”.

Пра жыццё Яўгена Цімафеевіча, насычанае падзеямі рознага маштабу, можна было б расказваць доўга, матэрыялу хапіла б не на адну газетную старонку. Як адзначыў сам юбіляр, зараз больш за ўсё успамінаюцца моманты, якія паўплывалі на далейшае жыццё, вялікія гістарычныя падзеі, у якіх давялося паўдзельнічаць і ўнесці ў іх свой, хоць і невялікі, унёсак. “Былі такія моманты ў жыцці, — згадвае ветэран, — калі глядзеў, як кажуць, смерці ў вочы. Першы раз — калі стаяў вось у гэтай хаце пад дулам аўтамата. Паліцаі прыйшлі да нас, каб забраць і адправіць у Германію на прымусовыя работы маіх старэйшых сястру і брата. Дома іх не было — хаваліся ў лесе, а мама сказала паліцаям, што яны пайшлі на вяселле ў іншую вёску. “Тады пойдзе малодшы, мне ўсё роўна, каго забіраць”, — адказаў паліцай. Мама плакала і прасіла не забіраць мяне. Адзін з паліцаяў, не вытрымаўшы мацярынскіх слёз і галашэння, выйшаў на вуліцу. Другі ж, па прозвішчы Мігас, наставіў на мяне вінтоўку і сказаў: “Лічу да пяці, калі не пойдзеш — страляю!” Пры гэтых словах мама ўпала ўсім целам на вінтоўку і стала цалаваць ворагу ногі. Мужчына з сілаю адштурхнуў яе, схапіў вінтоўку і з размаху даў мне прыкладам па галаве. Я адляцеў да сцяны, кроў заліла мне вочы і ўвесь твар, але змог сказаць: “Мама, я жывы”. На гэтым паліцаі сышлі з нашай хаты са словамі “Мы яшчэ вернемся”. Але пасля такога выпадку я вымушаны быў за братам ісці ў лес. У атрад мяне з сябрам не ўзялі, але дазволілі пабудаваць недалёка ад яго дыслакацыі зямлянку, і там мы жылі да вызвалення.

Брат Уладзімір

А вось брат Уладзімір вызвалення не дачакаўся: загінуў. Бацькі не стала, калі мне было каля дзевяці гадоў. Старэйшы брат стаў для мяне і бацькам, і братам, і лепшым сябрам. Я хацеў быць на яго падобным, ва ўсім раўняўся. Брат Уладзімір быў, як наш бацька: такі ж вясёлы, актыўны, валодаў арганізатарскімі здольнасцямі, умеў іграць на гармоніку, пеў песні вельмі прыгожа, часта выступаў на сцэне. У вёсцы ён і сястра Соня аднымі з першых уступілі ў камсамол. У 1941 годзе брат паехаў па камсамольскай пуцёўцы ў Гомель на будоўлю чыгункі. Але доўга працаваць не прыйшлося: пачалася вайна. Праз некаторы час Уладзімір вярнуўся дадому. У раёне ўжо паціху пачалі фарміравацца (яшчэ разрозненыя) партызанскія атрады. У 1942 годзе партызаны падарвалі машыну, на якой ездзілі нямецкія афіцэры. Безумоўна, такі выпадак акупанты не маглі дараваць — у вёску прыехалі гестапаўцы, але знайсці, хто здзейсніў такі ўчынак, ім не ўдалося. Брат жа пасля гэтага выпадку канчаткова сышоў у партызанскі атрад. У жніўні 1943 года Уладзімір загінуў. У адным з дамоў вёскі Дварэц падчас выканання даручанага яму і яго таварышам задання іх абкружылі немцы, хацелі спачатку ўзяць жывымі, але хлопцы адстрэльваліся, не здаваліся — і іх расстралялі”.

У 1944 годзе васямнаццацігадовага Яўгена Шылава прызвалі на фронт. Чырвоная Армія хутка гнала ворага на захад, і доўга вучыць маладое папаўненне не было часу. Таму замест шасці месяцаў падрыхтоўкі курс маладога байца яны асільвалі за паўтара. І вось гэтых неабстраляных навабранцаў адпраўлялі на перадавую… “Я сам здзіўляўся, — гаворыць Яўген Цімафеевіч, — што застаўся жывы пасля тых баёў, у якіх давялося паўдзельнічаць. Не думайце, што на фронце ўсе былі героямі і загадзя ведалі, куды ісці, куды страляць. Непрадказальных сітуацый, пра якія падчас падрыхтоўкі нам ніхто не расказваў, у нас было вялікае мноства. Вось, напрыклад, у адным з баёў нам была пастаўлена задача захапіць пярэднюю лінію праціўніка, акапацца і чакаць падыходу нашых войскаў, падмацавання. У вызначаны час мы пайшлі ў наступленне. Але ж поле, куды выступілі нашы салдаты, аказалася замініраваным — у першыя хвіліны вялікія людскія страты. Я цудам застаўся жывы. Вельмі разгубіўся, не ведаў, куды мне кінуцца: назад нельга — свае ж будуць страляць, наперад ісці — міны. Мяне выручыў, дапамог апамятацца камандзір кулямётнага разліку (прозвішча зараз ужо і не памятаю), па ўсім відаць, баец з вялікім досведам. Загадаў мне спачатку кідаць гранаты ў варожы дзот, а потым паўзці са сваім ручным кулямётам амаль побач з ім і выконваць загады дакладна, слова ў слова. Так і выжыў…”

Яўген Шылаў з жонкай Нілай, сястрой Соф’яй і яе мужам Ульянам Рыбаком

Адслужыўшы ў арміі шэсць гадоў, Яўген Шылаў вярнуўся дадому. Некаторы час працаваў качагарам, а потым дырэктар саўгаса прапанаваў кемліваму хлопцу пайсці ў саўгасны магазін прадаўцом. Так пачалася паспяховая кар’ера Яўгена Цімафеевіча ў сферы гандлю: ад простага прадаўца да дырэктара гандлёвай зоны. За доўгі час, што працаваў у гандлі і грамадскім харчаванні, Яўген Шылаў неаднаразова быў адзначаны шматлікімі граматамі рознага ўзроўню і падзячнымі лістамі. У 1968 годзе яму было прысвоенае ганаровае званне “Заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання БССР”.

Яўген Цімафеевіч з жонкай Нілай Палікарпаўнай

Акрамя працы, паспяваў Яўген Цімафеевіч яшчэ і на рыбалку схадзіць, шчупакоў вялікіх налавіць. “Самы большы, якога пашчасціла вылавіць, — прызнаецца ветэран, — не змяшчаўся ў начоўкі: і галава, і хвост звісалі”. У сямейным жыцці таксама ўсё зладзілася: з жонкай Нілай Палікарпаўнай выгадавалі трох сыноў і жывуць разам вось ужо больш за 60 гадоў. Сыны падаравалі бацькам чатырох унукаў, а зараз ужо падрастаюць сем праўнукаў, і, як прызнаўся Яўген Цімафеевіч, магчыма, у хуткім часе і прапраўнукі пойдуць.

Людзі кажуць, што той шчаслівы, хто змог пабачыць некалькі пакаленняў сваіх нашчадкаў. Яўген Цімафеевіч не толькі пабачыў, а і пераканаўся, што выхоўваў дзяцей правільна, што выраслі ўсе добрымі людзьмі і таксама перадаюць бацькаву мудрасць і досвед сваім нашчадкам. Маладому пакаленню нашых чытачоў ветэран пажадаў прыслухоўвацца да старэйшых, працаваць так, каб праца прыносіла задавальненне, яе вынікі былі заўсёды відаць на справе, а не толькі на словах. Мы ж жадаем Яўгену Цімафеевічу моцнага здароўя, бадзёрасці, аптымізму і дамовіліся з ім сустрэцца праз пяць гадоў, на святкаванні стагоддзя.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва сям’і Шылавых

Последние новости

Духовность

Встреча в Свято-Богоявленском храме Глуска

5 мая 2024
Общество

5 мая — День печати

5 мая 2024
Общество

ПАСХАЛЬНОЕ ПОСЛАНИЕ ЕПИСКОПА БОБРУЙСКОГО И БЫХОВСКОГО СЕРАФИМА

5 мая 2024
Происшествия

Возле деревни Згоды Глусского района нашли снаряд времен войны

4 мая 2024
Общество

Глускі раён у 1930-я. Лічбы і факты

4 мая 2024
Общество

Лагатып да 100-годдзя з дня ўтварэння Глускага раёна выбраны

4 мая 2024
Общество

Глусский район — на Доске почета Могилёвской области

3 мая 2024
Власть

«Не просто впечатляет». Лукашенко о предварительных результатах проверки дежурных сил ВВС и войск ПВО

3 мая 2024
Актуально

Более 400 кг некачественных мясных изделий и рыбы нашел Госконтроль в «Светофоре»

3 мая 2024
Актуально

Информация для владельцев собак

3 мая 2024

Рекомендуем

Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024