Темы

Як жыхары раёна набліжалі дзень вызвалення. Расказвае Аляксандр Барысавіч Лабейка

Як жыхары раёна набліжалі дзень вызвалення. Расказвае Аляксандр Барысавіч Лабейка
Партызаны адной з брыгад, што дзейнічала на тэрыторыі Глускага раёна

У канцы чэрвеня 1944 года Глуск і Глускі раён быў поўнасцю вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў. Тры гады доўжылася акупацыя: страх, хапуны, здзекі, голад, смерць… Немагчыма перадаць словамі, як чакалі глушчане вызвалення. Але ж і нашы землякі, што засталіся на акупаванай тэрыторыі, усе гэтыя тры гады не сядзелі склаўшы рукі: падчас акупацыі на тэрыторыі нашага раёна дзейнічалі партызанскія атрады, падпольныя групы. Гэта яны не давалі ворагу адчуваць сябе гаспадарамі на захопленай зямлі. Ды і ў час наступальнай аперацыі “Баграціён” партызаны аказалі вялікую дапамогу рэгулярнай арміі: былі  праваднікамі праз балоты і глухія лясы, ахоўвалі масты, каб пры адступленні вораг іх не ўзарваў.

Падлеткі-партызаны

Трэба адзначыць, што свой уклад у вызваленне, у барацьбу з ненавіснымі акупантамі рабілі не толькі партызаны ды падпольшчыкі, а і звычайныя людзі — вяскоўцы ды гараджане. Яны змагаліся з ворагам так, як маглі: перадавалі прадукты (хоць і самі часцяком галадалі) і медыкаменты партызанам, былі сувязнымі, дапамагалі параненым. У такі час не маглі ўседзець у хаце і падлеткі. У партызанскія атрады іх афіцыйна ніхто не прымаў (узростам яшчэ не выйшлі), а вось дапамогу яны аказвалі лясным байцам вялікую: былі “вачамі” ў вёсках, непрыкметнымі “агентамі”, сувяззю паміж “лесам” і вяскоўцамі, а бывала, што і на аперацыі іх бралі.

1950-я. Аляксандр Барысавіч Лабейка

Адным з такіх падлеткаў быў хлапчук з Касарыч Аляксандр Лабейка. Калі пачалася вайна, яму было 11 гадоў, а ў 1944-м — ужо 14 (амаль дарослы). Падлеткі заўсёды, і ў той час, і цяпер, вельмі цікаўныя і смелыя. Ды і хто падумае, што малы хлапчук можа быць звязаны з партызанамі або падполь-шчыкамі. Як трапіў Аляксандр да партызан? У Касарычы часцяком наведваліся карнікі, неаднаразова палілі хаты партызанскіх сямей ды камуністаў, расстрэльвалі людзей, забіралі моладзь, у тым ліку і такіх падлеткаў, як Аляксандр, на прымусовыя работы ў Германію. Прыходзілася хавацца ў лясах то ад хапуноў, то ад карных атрадаў. А ў сваім лесе хлапчук ведаў усе сцяжынкі, нават самыя дальнія і патаемныя. Пра некалькі выпадкаў са свайго цяжкага ваеннага дзяцінства Аляксандр Барысавіч Лабейка расказаў і мне.

У “камандзіроўку” па прадукты

“У адзін з майскіх дзён 1944 года ў Касарычы прыбыў вялікі нямецкі атрад, — пачаў свой аповед Аляксандр Барысавіч, — акупанты размясціліся па ўсёй вёсцы. Вясною каля Касарыч Пціч разліваецца на шырыню ледзь не пяць кіламетраў. Каб з лесу, дзе знаходзіліся партызаны, дабрацца да вёскі, патрэбна было пераплыць на лодцы шырокую раку. Амаль усе спраўныя лодкі партызаны забралі і схавалі каля лесу так, каб іх не маглі знайсці немцы. Сяльчане з Касарыч, Заракушы, Замасточча, Халопеніч увесь час, колькі існаваў партызанскі атрад (пад камандаваннем Марка Філітарава, каля 60 чалавек), дапамагалі лясным байцам з харчаваннем. У кожнай з гэтых вёсак былі “свае” людзі, адказныя за збор і дастаўку прадуктаў у лес.

У маі 1944-га немцы стаялі ў Касарычах занадта доўга, і магчымасці перадаць ежу ў сувязных не было, а ў партызан прадукты ўжо заканчваліся. Мы ж, хлапчукі-падлеткі, рэгулярна хадзілі з атрада да вёскі туды-сюды. Вось аднойчы вызвалі мяне да камандзіра. Ён кажа: “Сашка, ты ў нас ужо дарослы чалавек. Дадзім табе заданне: патрэбна ўзяць лодку, паплыць у Касарычы і прывезці нашым байцам харчы”.

Дарослыя далі мне падрабязныя ўказанні. Так, лодку я павінен быў паставіць насупраць свайго двара, дачакацца, пакуль пройдуць нямецкія вартавыя (яны хадзілі па два чалавекі ўздоўж вясковай вуліцы і па беразе ракі). Потым, калі вартавыя пойдуць у канец вёскі, я павінен быў сагнуўшыся, але вельмі хутка пабегчы да мацеры. Мама жыла ў зямлянцы на двары, бо з хаты яе выселілі немцы. Вярнуцца да партызан я павінен быў праз ноч на досвітку. Такі быў план, але ж не заўсёды бывае так, як мы разлічваем.

Ад месца размяшчэння партызанскага атрада да ракі па лесе я прайшоў вельмі хутка. Сеў у лодку і паплыў супраць цячэння да вёскі. Даплыўшы, паставіў лодку ў кустах, прывязаў яе моцна. Так, як і вучылі, вельмі асцярожна, сагнуўшыся, дабег да свайго двара, пастукаўся ў зямлянку. Маме ўсё расказаў. Далей мы пайшлі да дзеда Есіпа, які займаўся забеспячэннем партызан прадуктамі. Сабраць іх трэба было вельмі хутка — за ноч. Сабралі. На досвітку, пакуль яшчэ сонца не ўстала высока, у вызначаным месцы пакінулі мяхі з харчамі (вяскоўцы давалі хто што мог: бульбу, капусту, зерне, муку, моркву). Мы з маці пайшлі па маю лодку, таму што яе патрэбна было перагнаць крыху вышэй па цячэнні, бліжэй да месца, дзе схавалі прадукты. Прыйшлі… а лодкі маёй няма. Як высветлілася пазней, нямецкія вартавыя, што хадзілі ўздоўж берага, усё ж заўважылі лодку, зацягнулі яе ў закінуты хлеў і нават прыставілі свайго вартаўніка. Маці пабегла да дзеда Есіпа і ўсё яму расказала. Што рабіць? Удзень вартавога, на наша шчасце, каля хлява не было, і вяскоўцы, мужчыны і жанчыны, паціху ўскрылі замок і хуценька на руках вынеслі лодку, захавалі яе ў іншым хляве, што знаходзіўся непадалёку. Немцам жа занеслі дзіравую лодку, навесілі назад замок, як быццам бы тут ніхто нічога і не чапаў. Калі сцямнела, дзед Есіп загадаў мне ў вызначаны час быць каля хлява з нашай лодкай. Мы яе вынеслі, загрузілі шэсць ці сем мяхоў з харчамі. Я сеў у лодку і ціхенька паплыў уніз па цячэнні ракі. Вясло ляжала на дне, замест яго я кіраваў рукамі. Калі адплыў далёка ад вёскі, толькі тады ўзяў вясло. Дабраўся да лесу, прымкнуў лодку і пайшоў да бліндажоў, дзе звычайна размяшчаліся партызаны, але нікога там не знайшоў. Яны чакалі мяне да ўстаноўленага часу, а потым, не дачакаўшыся, сышлі: падумалі, што я трапіўся акупантам. Партызаны перайшлі на іншае месца, на невялікі востраў пасярод балота, прыкладна за 7—8 кіламетраў ад папярэдняй стаянкі. Я ведаў, дзе гэтае месца, але на дварэ ноч, цёмна… Ісці трэба па балоце, дрыгве. Страху не было, бо ведаў кожную купінку і разумеў, што прайду нават з завязанымі вачыма. У схаванай лодцы прадукты, вырашыў я, ноччу ніхто не знойдзе, і пайшоў шукаць партызан. На падыходзе да месца размяшчэння атрада мяне сустрэў партызанскі вартавы: “Стой, хто ідзе?!” Я кажу: “Вася, гэта ж я”. “Немцаў прывёў?” — пытаецца. “Не, не прывёў”, — кажу. Тады ён мяне завёў да камандзіра атрада, якому я ўсё падрабязна расказаў. Мяне адправілі спаць. Байцы ж паехалі на вазах да лодкі. А вечарам мяне зноў адправілі ў “камандзіроўку” па прадукты”.

Расстрэл бачыў на свае вочы

Падлеткі ў вайну хутка станавіліся дарослымі, таму не трэба здзіўляцца, што 14-гадоваму хлопцу партызаны давалі даволі складаныя і небяспечныя даручэнні. Яму прыйшлося стаць дарослым. Ён шчыра ненавідзеў ворага яшчэ і таму, што ў маі 1942 года на свае вочы бачыў, як акупанты расстралялі бацьку.

“Пасля таго як на паліцэйскія гарнізоны напалі партызаны, немцы ў адказ правялі карныя аперацыі, — згадвае Аляксандр Барысавіч. — У адзін з майскіх дзён забралі і касарыцкіх мужчын. Частку расстра-лялі ў Катцы, а трое змаглі збегчы. Бацька мой у той час ужо быў у партызанскім атрадзе. У пачатку мая ён разам з іншымі мужчынамі, чалавек 30,  прыйшлі з лесу дадому, каб узяць прадукты, вопратку. Сярод іх, як высветлілася пазней, быў здраднік: за ноч ён прывёў у Касарычы немцаў і паказаў, дзе партызаны. Мы жылі ў хаце мамінай сястры, бо нашу хату спалілі. Бацька рана падняўся і пайшоў да суседа. А ў гэты час акупанты і паліцаі абкружылі Касарычы. Я дазнаўся, што немцы ў вёсцы, і пабег папярэдзіць бацьку, але яго разам з суседам фашысты ўжо вялі па вуліцы. Ну і мяне таксама забралі. Калі мы праходзілі паўз адзін двор, там была адчыненая брамка, і бацька штурхнуў мяне туды. Крыкнуў: “Бяжы!” Паліцэйскія накінуліся на бацьку, білі яго прыкладамі, але я гэтага не бачыў, мне потым расказвалі. Я ж на той час аббег вёску бліжэй да ракі і прыбег на наш двор. Потым, крадучыся, прыйшоў блізка да таго месца, дзе расстрэльвалі бацьку і яго таварышаў-партызан. Я ўсё бачыў на свае вочы”.

Сорак палонных немцаў

Падчас нашай з Аляксандрам Барысавічам гутаркі ён абмовіўся, што ўзяў у палон сорак немцаў. “Як так?” — пытаюся. Справа была ў ліпені 1944 года, калі савецкія войскі ўжо вызвалілі Глускі раён ад захопнікаў. Невялікая група немцаў адстала нейкім чынам ад сваіх ці мо згубілася ў касарыцкіх лясах. “Яшчэ зімою, — расказвае  Аляксандр Барысавіч, — мы з мамай змалолі жыта на партызанскім млыне каля азярца. Муку шчыльна запакавалі і апусцілі ў пельку, схавалі. Дзесьці у самым канцы чэрвеня я пайшоў па наш мех мукі, а на адваротным шляху зазірнуў на месца, дзе калісьці размяшчаўся партызанскі атрад. І тут раптам на палянцы немцы! Адзін з іх бярэ аўтамат і настаўляе на мяне. Я імгненна схаваўся за тоўстую хвою, але стрэл не прагучаў. Іншы немец, афіцэр, выхапіў зброю і не даў стрэліць. Потым ён падышоў да мяне з картай, нешта паказвае і пытае на ломанай рускай мове: “Это Косаричи́? Там красные есть? Много?” Я адказваю: “Ёсць і многа”. Аказалася, што немцы ішлі здавацца ў палон, заблукалі ў балоце і папрасілі мяне іх вывесці да вёскі, што я і зрабіў”.

Вось так, хоць і невялікімі, але мужнымі і значнымі ўчынкамі падлеткі разам з дарослымі (і амаль, як дарослыя) набліжалі доўгачаканае вызваленне роднай зямлі і Перамогу.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з архіва Аляксандра Лабейкі і з кнігі “Памяць. Глускі раён”

Последние новости

Общество

В Глуске отпраздновали Первомай — Праздник труда, весны и мира

3 мая 2024
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Актуально

Чтобы защитить свой урожай

2 мая 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Брянская наступательная операция

2 мая 2024
Общество

Белорусская партия «Белая Русь» отмечает первую годовщину

2 мая 2024
Общество

Учатся помогать. Слет юных спасателей-пожарных прошел в Глуске

1 мая 2024
Общество

Толокою. Уроженцы Ольницы организовали субботник на сельском кладбище

1 мая 2024
Актуально

1 мая — Праздник труда

1 мая 2024
Общество

В память о чернобыльской трагедии

30 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Власть

Новое руководство в министерствах и местная вертикаль. Лукашенко рассмотрел кадровые вопросы

22 апреля 2024