Темы

“Незабытая гісторыя”. Сумесны праект газеты “Радзіма” і раённага музея. Раскажуць пра мінулае археалагічныя знаходкі

“Незабытая гісторыя”. Сумесны праект газеты “Радзіма” і раённага музея. Раскажуць пра мінулае археалагічныя знаходкі
Рэшткі шкляных бутэлек знойдзены падчас раскопак Глускага замка

На працягу ўсяго каляндарнага года людзі розных прафесій адзначаюць свае прафесійныя святы. Адно з іх, Дзень археолага, у Беларусі адзначаецца 15 жніўня.

Археолаг — прафесія даволі рэдкая, але вельмі патрэбная. Менавіта археолагі знаходзяць старажытныя артэфакты, вывучаюць іх і расказваюць людзям пра мінулае. Менавіта археолагі зрабілі вялікі ўнёсак і ў вывучэнне гісторыі Глушчыны. 

Археалагічнае вывучэнне нашага раёна ў 1930 годзе пачаў Антон Рынейскі. Навуковец агледзеў і падрабязна апісаў некалькі археалагічных помнікаў, што знаходзяцца ўздоўж правага берага ракі Пціч. З канца 1950-х гадоў  і далей археалагічнымі даследаваннямі на тэрыторыі нашага раёна займаліся В. М. Мельнікоўская, В. В. Сядоў, Л. Д. Побаль, Ю. І. Драгун, В. Ф. Капыцін, А. А. Егарэйчанка, А. В. Іоў, Н. М. Дубіцкая, М. М. Крывальцэвіч, Г. М. Сагановіч, І. У. Ганецкая. Па выніках работ навукоўцаў складзены спіс археалагічных помнікаў раёна, на тэрыторыі Глушчыны іх вядома 197, гэта паселішчы-стаянкі, гарадзішчы, селішчы і пахаванні (курганы, грунтавыя магільнікі).

Ці вядома вам, паважаныя чытачы, што на тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца 26 помнікаў археалогіі, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь? Вось некалькі прыкладаў. На паўднёвай ускраіне Глуска, паміж поймай ракі Пціч і могілкамі, археолагі знайшлі селішча, якое адносіцца да ІІ—ІХ стагоддзяў, а за 700 метраў на паўднёвы ўсход ад вёскі Халопенічы знаходзіцца селішча ранняга жалезнага веку. У вёсцы Сіманавічы знаходзяцца аж пяць помнікаў археалогіі розных часоў з гэтага спіса. Адзін з іх — на беразе ракі Пціч ва ўрочышчы Цямшава Поле — на працягу шасці археалагічных сезонаў (з 1987 па 1999 год) даследавала Наталля Дубіцкая, старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук. 

Адну з гэтых каменных сякер адшукалі на могілках у вёсцы Сцяг

   У зале археалогіі Глускага гісторыка-краязнаўчага музея ёсць нямала экспанатаў, што адносяцца да старажытнай гісторыі, знойдзеных менавіта на тэрыторыі нашага раёна. Напрыклад, адну з каменных сякер, што знаходзіцца ў музеі, адшукалі на могілках у вёсцы Сцяг. Яшчэ ў музеі выстаўлены элементы конскай збруі, таксама знойдзеныя падчас археалагічных раскопак у нашым раёне.

У музеі выстаўлены элементы старажытнай конскай збруі, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак у нашым раёне

Большую частку археалагічнай калекцыі раённага краязнаўчага музея складаюць знаходкі, якія адшукалі падчас раскопак Глускага замка. Упершыню раскопкі на месцы замка пачаліся ў 1988 годзе пад кіраўніцтвам археолага Генадзя Сагановіча. Працягнула ж яго працу археолаг Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірына Ганецкая: на працягу трынаццаці археалагічных сезонаў (з 1996 па 2008 год) на тэрыторыі Глускага замчышча яна праводзіла раскопкі. За гэты час пра Глускі замак шмат чаго цікавага дазналіся не толькі непасрэдна ўдзельнікі раскопак (а іх цягам усіх сезонаў было шмат), але і звычайныя глушчане: у раённай газеце рэгулярна друкаваліся рэпартажы, як кажуць, з месца падзей. Частка знойдзеных артэфактаў размешчана ў пастаяннай экспазіцыі нашага гісторыка-краязнаўчага музея. Напрыклад, тут выстаўлены рэшткі старажытных шкляных бутэлек, жаночыя ўпрыгажэнні, манеты, цвікі, зробленыя глускімі кавалямі, рэшткі глінянага посуду і вельмі прыгожай рэдкай кафлі з выявай радавога герба і нават з годам яе вырабу. Наведвальнікі музея на свае вочы могуць убачыць вынік карпатлівай працы археолагаў: склееныя з маленькіх кавалачкаў гліняныя гаршкі. Пры гэтым кожны з кавалачкаў падпісаны: дзе, у якой частцы раскопу ён знойдзены, і іншыя звесткі. Па словах дырэктара глускага музея Наталлі Акуліч, у пастаяннай экспазіцыі выстаўлена вельмі малая частка археалагічных артэфактаў, якія былі знойдзены падчас раскопак, і малая частка таго, што ёсць у фондах музея.

Так захоўваюцца ў фондах музея кавалачкі шкла, гліняных гаршкоў і іншыя рэчы з раскопак замка: яны падпісаны, загорнуты ў асобную паперку і пакладзены ў каробкі

Наталля Мікалаеўна паказала, як захоўваюцца археалагічныя знаходкі з раскопак Глускага замка: кожны кавалачак шкла, глінянага гаршка ці іншая рэч падпісаны, загорнуты ў асобную паперку і пакладзены ў каробкі, якіх вялікая колькасць. Магчыма, калі-небудзь глушчане ўбачаць і гэтыя, пакуль што прыбраныя ад вачэй наведвальнікаў, археалагічныя артэфакты на спецыяльнай выставе ці падчас якога іншага мерапрыемства ў музеі.

Пры раскопках Глускага замка была знойдзена прыгожая рэдкая кафля

Увогуле, археолагам-непрафесіяналам можна назваць амаль кожнага з нас, бо час ад часу, капаючыся ў сваіх агародах (асабліва гэта тычыцца тых глушчан, што жывуць у гістарычнай частцы нашага мястэчка), знаходзім рэшткі старых гліняных гаршкоў, каму больш пашчасціць — дык і старажытныя манеты ці іншыя рэчы. А ў 1960 годзе падчас будаўнічых работ у Глуску быў знойдзены вялікі манетны скарб. Пра яго напісана ў “Энцыклапедыі археалогіі і нумізматыкі Беларусі”. Па меркаванні навукоўцаў, скарб быў ухаваны прыкладна ў 1750 годзе. У ім было знойдзена 760 (!) срэбных і білонных манет. (Білонная манета — манета са сплаву каштоўнага металу з некаштоўнымі, прычым доля апошніх значна большая.) Захоўваюцца артэфакты з глускага скарба ў Магілёўскім абласным краязнаўчым і Бабруйскім краязнаўчым музеях.

Так археолагі аднаўляюць старажытныя рэчы: з маленькіх кавалачкаў карпатліва склейваюць гліняныя гаршкі

Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць археолагам захапляючых экспедыцый, выдатных знаходак, энтузіязму і веры ў новыя адкрыцці. Папаўняйце гісторыю, у тым ліку і Глушчыны, новымі гістарычнымі фактамі і артэфактамі. Улічваючы тое, што і Глускі замак, і іншыя старажытныя мясціны на тэрыторыі нашага раёна яшчэ не даследаваны цалкам, можна з упэўненасцю сказаць, што ў будучым нас яшчэ чакаюць значныя адкрыцці.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара

Последние новости

Общество

В Глусском районе началась выплата материальной помощи ко Дню Победы

27 апреля 2024
Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024