Темы

А некалі тут было весела

А некалі тут было весела

Яшчэ ў дарэвалюцыйны час пры ўездзе ў вёску Чапаева па правы бок размяшчаўся невялікі спіртзавод. Вёску насялялі дваровыя людзі, якія жылі ў бараках і працавалі на гэтым прадпрыемстве. З надыходам рэвалюцыі змянілася ўсё ў адзін момант. Потым тутэйшыя жыхары расказвалі будучым пакаленням гісторыю, пра якую не прачытаеш ні ў адной кнізе. Неяк аднойчы вярхом на кані прыехаў у вёску панскі кіраўнік, які жыў у Малкава. Мужчына пачаў адкручваць краны ў цыстэрнах, дзе захоўваўся спірт (каб не дастаўся савецкай уладзе — аўт.), і вадкасць стала расцякацца бурлівымі ручаямі ў напрамку Слаўкавіч. Навокал стаяў такі моцны пах спіртнога, што мужчыны зляталіся на яго, быццам мухі на мёд. Збегліся не толькі мясцовыя, а і з суседніх вёсак. Чэрпалі спірт хто ў што — у вёдры, каструлі, у самаробныя драўляныя ёмістасці, а ў каго нічога з сабой не было — проста пілі яго, набраўшы ў далоні. Кіраўнік, гледзячы на такую карціну, узяў і кінуў запалку ў адзін з ручаёў. Праз колькі секунд вялікая плошча на полі гарэла сінім полымем. Што тады пачалося — не перадаць словамі. Раз’юшаныя мужчыны сцягнулі кіраўніка з каня і пачалі біць. Той ледзьве вырваўся, сеў на каня і ўцёк. Прайшлі гады, і на месцы спіртзавода засталіся адны руіны, а потым і іх прыбралі. Сёння аб тых далёкіх днях напамінаюць рэшткі фундаменту, якія жыхары на сваіх агародах калі-нікалі выворваюць плугамі.
Вёска Чапаева — некалі прыгожы населены пункт, на вуліцы якога па абодва бакі размяшчалася 75 хат. І гэта было ў недалёкім мінулым, пра якое нам паведала тутэйшая жыхарка Валянціна Рыгораўна Сідарава.
— Я часта ўспамінаю тыя часы. Лягу спаць, заплюшчу вочы і ў думках пераношуся ў гады сваёй маладосці. Вось мы з дзяўчатамі збіраем журавіны, цэлы дзень на балоце. Натомімся, што дадому ледзьве ногі валочым. Здаецца, толькі б да ложка дабрацца ды легчы адпачыць. Але не паспеем пераступіць парог, як чуем, што недзе на вёсцы зайграла гармонь. Які тут ужо адпачынак. Хуценька памыемся, адзяваем святочныя сукенкі і бяжым туды, адкуль даносіцца музыка. Стомленасці як і не было. Гуляем дапазна, а назаўтра чуць свет маці будзіць: “Уставай, дачушка, пара грады палоць, пакуль пчол няма”. А град у нас было шмат, ажно 24 і пчол 10 вулляў. Днём, калі выляталі пчолы, у агарод стараліся не ісці — маглі пакусаць.
Наогул, наша вёска была вельмі вясёлая. Асабліва летам па вечарах у хаце ніхто не сядзеў. Ды як можна, калі гармонь залівіста іграе. А гарманіст на вёсцы быў не адзін: Мікалай Мезрын, Міхаіл Шостак, Яўген Бараноўскі, Рыгор Новікаў — гэта мой бацька. Платы грашыма яны ніякай не бралі. Танцуючыя разлічваліся яйкамі, па два ад кожнага чалавека. За вечар гарманісту цэлы кош яек назбіраем. Акрамя гуляння на вуліцы наладжвалі танцы ў хаце. Збіраліся ў бабулі, якая жыла якраз насупраць цяперашняга майго дома. Прыходзіла да нас моладзь нават з Падлуга і Жывуня, што ў Любанскім раёне. Наб’ецца поўная хата — яблыку няма дзе ўпасці. Натанцуемся ад душы, а потым за сабой падлогу вымыем, каб чыста было. Вясёлы быў час. А якія кірмашы правілі. Здаецца, такіх нідзе ў акрузе не было. У нас гулялі на Тройцу. Рыхтаваліся загадзя. Гналі самагонку, білі кабана і з мяса рабілі ўсялякія смачныя стравы. Потым, калі наступала свята, звалі адзін аднаго ў госці. Нават з Падлуга, які знаходзіўся непадалёк ад нас, запрашалі гасцей. А да іх ішлі на кірмаш на Пятра.
Сама я па натуры вясёлы чалавек. Любіла не толькі танцаваць, але і спяваць. Бывала, сядзем з Марыяй Марус ды як завядзём песню, ажно ў Падлугу чуваць. Зараз мая сяброўка ўжо не жыве тут. Выехала ў Бабруйск да дзяцей, але мы часта з ёй перазвоньваемся па тэлефоне. Вы не паверыце, і цяпер, ужо ў сталым узросце ой як яшчэ хочацца спяваць. Здаецца б, выйшаў на вуліцу, сеў на лаўку і зацягнуў песню. Ды куды там, скажуць, напілася баба і заспявала. Але нядаўна ўсё ж такі спявала, са Стасяй Гарбуновіч. Праўда, пайшлі да мяне ў хату і там ужо адвялі душу. Мой голас іншы раз не толькі для спевак быў варты, а і гармонь замяняў. Танцы называліся “пад язык”. Вывучыла мелодыі полькі, вальса, страданія, кракавяка, і дзяўчаты, пакуль не было гарманіста, танцавалі. Перадумаю ўсё, як жылі раней, і неяк хораша і радасна становіцца. Няхай усё ўжо ў мінулым, але ж яно было і яно наша мінулае.
У Чапаева (такую назву вёска атрымала пасля рэвалюцыі, а да гэтага называлася Двор — аўт.) не толькі добра танчылі ды звонка пелі, але і шчыра працавалі — на фермах і калгасных палетках. Спачатку ў калгасе “Воля батрака”, а потым імя Чапаева. На невялікай малочна-таварнай ферме кароў даілі 6 даярак, а побач кіпела работа на свінаферме. Тады модна было арганізоўваць нядзельнікі. І людзі з задавальненнем ішлі на працу. Дзеля такога выпадку калгас забіваў падгадаванага парсюка або цялё, і прама на полі для калгаснікаў варылі ежу. У абед, як пасядуць усе, цэлае застолле атрымлівалася. А вечарам вярталіся дадому з песнямі і жартамі. Ні ў каго не было сумнага настрою.
Апусцела вёска. Многія, хто рабіў і спяваў, ужо аджылі свой век. На месцы былых сядзіб — пустыя хаты з забітымі вокнамі, а па краі вуліцы густой сцяной разросся сліўняк. Сумна становіцца, што ўжо ніколі не вернецца былое, калі паўсюдна чуўся людскі гоман і па акрузе разносіўся бесклапотны дзіцячы смех, а ўранку сяльчане прабуджаліся пад кукарэканне пеўняў ды мыканне кароў. Якіх было не так як сёння — толькі на двух падворках, а цэлыя два статкі. І тыя, хто зараз жыве ў Чапаева, засмучаюцца, што іх вёску чакае лёс Малкава. Ад яе засталася толькі назва, а людзей там больш няма. Глядзяць пустымі аканіцамі не толькі хаты на старой вуліцы, але і тыя, што былі пабудаваны ў канцы мінулага стагоддзя. З пяці заселены толькі тры.
— Няма каму жыць у нашай вёсцы, — з адчаем у голасе сказала напрыканцы нашай размовы Валянціна Рыгораўна. — Ніхто не хоча вяртацца на бацькаўшчыну. Хоць і прыгожыя мясціны тут у нас, але ж мы знаходзімся ў глыбінцы, далёка ад гарадской цывілізацыі, ды і рэчкі ў нас няма. Вось і не едуць людзі. Толькі тры хаты занята пад дачы. Няма будучыні ў Чапаева. А шкада. І мы, апошнія жыхары, колькі будзем мець сіл, датуль нікуды адсюль не паедзем. Гэта наша радзіма, наша родная старонка. Іншай такой няма на ўсім белым свеце.

Вольга ЧУЧВАЛ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Происшествия

Из зала суда. Началось с того, что вор увидел на улице незапертые «Жигули»

28 апреля 2024
Общество

В Глусском районе началась выплата материальной помощи ко Дню Победы

27 апреля 2024
Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024