Темы

Як і хто выдаваў глускую газету ў ваенны час

Як і хто выдаваў глускую газету ў ваенны час

Дзень друку і Дзень Перамогі ў календары стаяць побач, і ў гэтыя перадсвяточныя дні мы згадваем тых, хто ваяваў, набліжаў Перамогу на фронце, і тых, хто падтрымліваў баявы настрой і веру ў Перамогу палымяным словам.

Ужо ў першыя дні акупацыі ў беларускіх гарадах і вёсках пачалі з’яўляцца лістоўкі, звароты да насельніцтва, яны пісаліся ўручную, іх друкавалі на самаробных машынках або з дапамогай самых простых прэсаў. Шрыфты, рызыкуючы жыццём, хавалі мясцовыя жыхары, а краску, таксама пад страхам пакарання, употай выносілі з нямецкіх тыпаграфій.

З 1943 года, калі партызаны сталі кантраляваць больш тэрыторый, савецкі тыл наладзіў дастаўку тыпаграфскага абсталявання ў партызанскія атрады.

З Масквы перапраўлялі пераносныя друкарскія станкі, іх можна было перавозіць проста на вазах, пад сенам, і колькасць падпольных газет павялічылася. Усяго ў перыяд акупацыі на тэрыторыі Беларусі выдавалася больш за 160 савецкіх падпольных газет, з іх 145 — раённыя. Распаўсюджваліся яны праз тайнікі: у бідонах з двайным дном, у стагах сена, проста закопвалі ў зямлю.

Першы нумар падпольнай Глускай раённай газеты “Сацыялістычная вёска” выйшаў таксама ў 1943-м, у пачатку жніўня. Да гэтага на тэрыторыі раёна камуністамі-падпольшчыкамі выпускаліся рукапісныя лістоўкі з паведамленнямі Саўінфармбюро. “Але лістовак не хапала, іх можна было распаўсюдзіць усяго па некалькі дзясяткаў, што, вядома, было недастаткова”, — расказваў Станіслаў Францавіч Шумоўскі, якому па рашэнні Цэнтральнага штаба партызанскага руху было даручана аднавіць выхад раённай газеты “Сацыялістычная вёска” і які быў рэдактарам гэтай газеты падчас вайны. Успаміны Станіслава Францавіча друкаваліся на старонках “Радзімы” ў 1995 годзе.

Нельга тут не сказаць колькі слоў пра гэтага чалавека. Нарадзіўся Станіслаў Шумоўскі ў 1912 годзе ў вёсцы Слаўкавічы. Скончыў Рагачоўскі педтэхнікум, да вайны працаваў настаўнікам у Клічаўскім раёне, у Чыкілёўскай школе Глускага раёна, пасля ў Забалоцкай школе Акцябрскага раёна. Калі пачалася вайна, быў у партызанскай знішчальнай групе ў Забалацці, потым арганізаваў партызанскую групу ў вёсцы Амур Слаўкавіцкага сельсавета, з гэтай групай і прыйшоў у партызанскі атрад.

К жніўню 1943-га быў на пасадзе камісара атрада, са жніўня і да вызвалення раёна — адказны рэдактар падпольнай раённай газеты “Сацыялістычная вёска”. 

У наградным лісце да медаля “Партызану Айчыннай вайны” ўказана, што Станіслаў Шумоўскі выпусціў 9 тысяч экзэмпляраў газеты і 15 тысяч экзэмпляраў лістовак. Пры гэтым ужо тады, як быў прызначаны рэдактарам газеты, не прапускаў партызанскіх аперацый і быў іх актыўным удзельнікам. У другім наградным лісце, да ордэна Чырвонай Зоркі, ёсць звесткі, што Шумоўскі ўдзельнічаў у разгроме нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў у вёсках Даколь, Малінава, Харомцы, Барбарова, Касарычы і некаторых іншых, тройчы абараняў Слаўкавічы, мае на сваім рахунку адзін узарваны варожы эшалон, пяць аўтамабіляў, дзевяць танкаў.

За мужнасць і гераізм Станіслаў Шумоўскі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі, медалямі “За перамогу над Германіяй”, “Партызану Айчыннай вайны”.

Падчас вайны Станіслаў Францавіч вёў свой асабісты дзённік, цяпер гэты партызанскі летапіс захоўваецца ў Глускім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Дарэчы, пасля вызвалення Беларусі Шумоўскі пэўны час працягваў працаваць у раённай газеце.

Падпольная газета Глускага райкама Камуністычнай партыі БССР “Сацыялістычная вёска” выдавалася ў лесе каля вёскі Зоркі, у партызанскай зоне.

Па даных кнігі “Памяць. Глускі раён”, у тыле ворага было выпушчана 5700 экзэмпляраў газеты і надрукавана 12 500 экзэмпляраў лістовак на розныя тэмы.

“Неабходна было падабраць газетных работнікаў, наборшчыкаў, друкароў, — успамінаў Станіслаў Шумоўскі. — У пошуках такіх людзей давялося абысці Глускі і Акцябрскі раёны. Заданне аказалася не з лёгкіх: па начах я прабіраўся ад атрада да атрада, распытваў людзей. Так даведаўся, што ў Акцябрскім раёне ў грамадзянскіх лагерах (так называліся лагеры, дзе знаходзіліся сем’і партызан) жыве Грайфер Соня, якая да вайны працавала ў друкарні наборшчыцай. Адшукаў яе, і разам вярнуліся на Слаўкаўшчыну. Затым мне паведамілі, што ў лясах пад Зелянковічамі жыве былы работнік тыпаграфіі Шлёма Рубінсон, які ўмее набіраць і вярстаць газету. На шляху да Зелянковіч размяшчаліся варожыя гарнізоны… Дарогі тут былі ўзмоцнены патрулямі і паліцэйскімі. Абыходзячы іх ляснымі сцежкамі, я дайшоў да Зелянковіч і неўзабаве ва ўрочышчы Хаб знайшоў гэтага чалавека і забраў яго з сабой. Так было вырашана пытанне з работнікамі друкарні.

Крыху прасцей абстаялі справы з літаратурнымі супрацоўнікамі і радыстам.

У партызанскім атрадзе імя Будзённага радыстам працавала мая жонка (яна памерла) Антаніна Сямёнаўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры. У яе абавязкі ўваходзіла прымаць па радыёпрыёмніку, які ўдалося захаваць, зводкі Саўінфармбюро, якія перадаваліся па радыё пад дыктоўку для газет з дзвюх гадзін ночы”.

Правёўшы такую арганізацыйную работу, я з’явіўся ў штаб партызанскага руху.

Тут мне выдалі партатыўную машынку, шрыфты, касу для шрыфтоў, паперу.

Не хапала толькі загалоўка для газеты, з якім яна выходзіла да вайны, але і тут скемілі: зрабілі яго з кавалка лінолеума”.

Зводкі з франтоў, расказы пра баявыя дзеянні партызан, матэрыялы аб здзеках фашыстаў з мірных жыхароў і заклікі да помсты — пра ўсё гэта пісалі ў падпольнай газеце. Кожны радок быў накіраваны супраць ворага, згадваў Станіслаў Шумоўскі, выкарыстоўваліся найбольш дзейсныя жанры, і на старонках газеты знаходзілі месца сатыра і гумар, прыпеўкі, песні, прымаўкі і прыказкі, тварцом якіх быў народ, партызаны.

Газета перадавалася з рук у рукі, наклейвалася на сцены дамоў, трапляла нават у тыя населеныя пункты, дзе размяшчаліся варожыя гарнізоны.

Марфа Багам’я, Алена Красякова, Дуся Касько, Марыя Серада — пералічвае імёны распаўсюджвальнікаў “Сацыялістычнай вёскі” рэдактар і дадае, што такіх бясстрашных падпольшчыкаў і сувязных былі дзясяткі.

Савецкія газеты ў Вялікую Айчынную былі, не перабольшваючы, яшчэ адным фронтам — ідэалагічным, і вельмі ўплывовым. Прычым не толькі для сваіх грамадзян. Станіслаў Шумоўскі расказвае пра такі выпадак: “У канцы жніўня 1943 года супраць глускіх партызан былі кінуты буйныя сілы карнікаў. З улікам гэтага выпусцілі спецыяльную лістоўку, якую распаўсюдзілі сярод уласаўцаў, што ўдзельнічалі ў карнай аперацыі і размяшчаліся ў вёсках Барбарова і Малінава. Цераз сувязных з імі завязалася перапіска. Паштовай скрынкай паслужыла дупло ў дубе, непадалёку ад вёскі Барбарова. У выніку вялікага ўплыву, які аказала газета, 68 уласаўцаў са зброяй і боепрыпасамі перайшлі да партызан”.

“Сацыялістычная вёска” пастаянна пісала пра баявыя дзеянні партызанскіх атрадаў. Атрады дзейнічалі ў розных кутках раёна (Слаўкавічы, Жалвінец, Крукаўшчына і іншыя), і, каб карэспандэнты маглі браць і аператыўна размяшчаць на старонках газеты самую свежую і цікавую інфармацыю, патрэбна было хутка перамяшчацца. Для гэтага за рэдакцыяй замацавалі каня, яго даглядаў і ездзіў на ім смелы і растаропны падлетак Грыша Сталяроў. А ў небяспечнай сітуацыі на падводу ці на сані хутка грузіліся рэдакцыйная маёмасць і абсталяванне і падпольная рэдакцыя выпраўлялася ў шлях, успамінаў рэдактар.

Позняй восенню 1943 года пасля ўпорных баёў з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка партызаны вымушаны былі адысці глыбей у лес. Штаб брыгады размясціўся на востраве сярод балота за вёскай Альбін, там жа асталявалася рэдакцыя. Ад вёскі да вострава праз усё велізарнае цяжкапраходнае балота ішла доўгая грэбля, якую вораг рэгулярна абстрэльваў. У час пераправы трапіла пад абстрэл і рэдакцыйная павозка.

“Так закончыліся для нас бясконцыя пераезды з месца на месца”, — піша Станіслаў Шумоўскі і дадае, што на востраве сярод балота было адносна спакойна, немцы зімой туды баяліся сунуцца, толькі перыядычна абстрэльвалі. Падчас аднаго з такіх абстрэлаў быў паранены рэдакцыйны конь.

Але з наступленнем цяпла, у красавіку, вораг пачаў наступленне на партызанскую зону, адразу з усіх бакоў. “Партызаны аказвалі ворагу супраціўленне, але не маглі супрацьстаяць яго рэгулярным часцям, — расказвае Шумоўскі. — З кожным днём тэрыторыя звужалася. У балота, пад націскам ворага, адступалі партызаны, сюды ж імкнуліся і жыхары навакольных вёсак і грамадзянскіх лагераў. У другой палавіне красавіка кальцо акружэння замкнулася…”

Па ўспамінах Станіслава Шумоўскага, прайшоўшая зіма была такой сцюдзёнай, што па грэблі змаглі пайсці нават варожыя танкі. Стала ясна, што востраў адстаяць не ўдасца. Друкарскае абсталяванне прыйшлося схаваць у добра замаскі-раванай яме, а самім шукаць выхад з акружэння.

Дванаццаць дзён партызанскія брыгады шукалі выхад з акружэння, раз-пораз натыкаючыся на нямецкія часці, прыгадвае рэдактар. Днём партызаны займалі кругавую абарону і, як фашысты набліжаліся, знішчалі іх, а па начах пераходзілі ў іншае месца. Нярэдка партызанскія стаянкі вораг выяўляў і пачынаў абстрэл, падчас аднаго з іх загінула наборшчыца Соня Грайфер.

“Нарэшце доўгачаканае вызваленне прыйшло. На трэці дзень рэдакцыя выпусціла першы нумар ужо легальнай раённай газеты “Сацыялістычная вёска”, — так заканчвае свае ўспаміны рэдактар падпольнай газеты Станіслаў Шумоўскі.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Последние новости

Здоровье

Со знаком особого отличия. Нина Лисица удостоена звания «Отличник здравоохранения»

5 мая 2025
Читать новость
Общество

Последствия непогоды в Могилёвской области

5 мая 2025
Читать новость
Общество

МЧС: на водоемах Беларуси в 2024 году спасено более 210 человек, в том числе 53 ребенка

5 мая 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко в преддверии священной даты – 80-летия Победы – вручил государственные награды

5 мая 2025
Читать новость
Гісторыя Глушчыны

Як і хто выдаваў глускую газету ў ваенны час

5 мая 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко поздравил работников печати с профессиональным праздником

5 мая 2025
Читать новость