Глушчына адсвяткавала чарговы Дзень Незалежнасці

Глушчына адсвяткавала чарговы Дзень Незалежнасці. Адсвяткавала прыгожа, шумна, весела, маштабна, з песнямі, з танцамі, з прысмакамі (і абавязкова — з салдацкай кашай), з гульнямі і спартыўнымі спаборніцтвамі, са святочным настроем дарослых і вясёлым смехам дзяцей.
Ці не пра гэта — каб звінеў шчаслівы дзіцячы смех пад мірным небам краіны — марылі 81 год назад нашы дзяды і прадзеды, крок за крокам набліжаючы вызваленне роднай краіны? Ці не пра гэта — каб мы ўсе маглі жыць спакойна ў сваёй краіне — марылі ў далёкім 1944-м нашы бабулі, метр за метрам сваімі жаночымі рукамі (мужчыны працягвалі ваяваць) адбудоўваючы краіну?
З самай раніцы 3 ліпеня на бульвары Грахоўскага ў Глуску гучала музыка, працавалі выстаўкі, майстар-класы, гандлёвыя рады.
Урачыстасці ў гонар Дня Незалежнасці пачаліся з мітынгу на Алеі Славы, дзе людзей сабралася, здаецца, як ніколі. З галоўным святам краіны жыхароў і гасцей раёна павіншаваў старшыня райвыканкама Аляксей Жураўлёў.






“Дзень Незалежнасці — гэта не толькі даніна памяці подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гэта таксама сімвал нашай свабоды і суверэнітэту, — сказаў кіраўнік раёна. — Мы будзем свята шанаваць памяць пра гераічныя старонкі гісторыі і перадаваць яе будучым пакаленням”.
Мы — патомкі сапраўдных патрыётаў, герояў, якія адваявалі мір, і цяпер прыйшоў наш час ва ўмовах складанай міжнароднай абстаноўкі адстойваць мір і спрадвечныя каштоўнасці, каб і надалей заставацца незалежнай і суверэннай краінай. Наша штодзённая праца, нашы намаганні, накіраваныя на росквіт Беларусі, — гэта і ёсць наша цана незалежнасці, падкрэсліў Аляксей Жураўлёў.
Напрыканцы мітынгу да бюста двойчы Героя Савецкага Саюза Сцяпана Шутава і да іншых памятных знакаў на Алеі Славы леглі кветкі ад удзячных нашчадкаў.

Святочныя мерапрыемствы доўжыліся цэлы дзень, было што паглядзець, паслухаць, прыкупіць дарослым, не забыліся, зразумела, і на дзяцей, для іх таксама працавалі тэматычныя пляцоўкі, забаўляльныя лакацыі. Сваю порцыю адрэналіну атрымалі і аматары актыўнага ладу жыцця, у прыватнасці, на гарадскім стадыёне адбылася таварыская сустрэча па футболе каманды “Пціч” і зборнай студэнтаў. Асноўны час матча закончыўся ўнічыю 2:2, пераможцу выявіла серыя пенальці: з лікам 6:5 выйгралі студэнты.
Завяршыліся ўрачыстасці ў Глуску святочным канцэртам, акцыяй “Спяём гімн разам” і яскравым феерверкам.
За салют дзякуй кіраўніцтву ТАА “Зеленвуд”, за смачныя стравы — нашаму спажывецкаму таварыству, за цікавыя мерапрыемствы і добры настрой — работнікам культуры, спорту, рамеснікам і ўсім астатнім, хто меў дачыненне да арганізацыі свята.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота Г. АЎТУХОВАЙ