Жніво-2025: ёсць першая зорка!

Вадзіцель аграфірмы “Слаўгарадскі” Васіль Калецкі першым у Глускім раёне перавёз ад камбайнаў больш за тысячу тон збожжа. Лідара жніва асабіста павіншаваў кіраўнік раёна, а на кабіне МАЗа Васіля Калецкага з’явілася першая зорка, што сімвалізуе 1000 тон перавезенага зерня. Дарэчы, Васіль і ў мінулым годзе быў першым на Глушчыне тысячнікам на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур.
У разгар жніва на залацістым полі, дзе калышацца спелы авёс, ушаноўвалі сапраўднага працоўнага героя — вадзіцеля аграфірмы “Слаўгарадскі” Васіля Калецкага, які першым у Глускім раёне перавёз ад камбайнаў тысячу тон збожжа і заслужыў ганаровае званне тысячніка.
Нягледзячы на парывісты вецер, сонечны дзень (было гэта 11 жніўня) падтрымліваў святочную атмасферу, а па полі важна пахаджвалі буслы, быццам бы далучаючыся да віншаванняў і людской радасці. Звонкімі галасамі і вясёлымі песнямі работнікі культуры сустракалі механізатараў аграфірмы “Слаўгарадскі” (камбайнераў і вадзіцеляў) і прыехаўшых гасцей. Гэта старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў, яго першы намеснік — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Юрый Дымша, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Дзяшчэня, дырэктар аграфірмы Яўген Бакач, спецыялісты сельгасупраўлення і гаспадаркі.




Старшыня райвыканкама Аляксей Жураўлёў падкрэсліў, што гэта радасная нагода для сустрэчы, і нагадаў, што летась першы тысячнік быў таксама ў “Слаўгарадскім”, сяголета гэта добрая традыцыя прадоўжана. Перакананы, што будзе і другая тысяча тон, бо наперадзе — кукуруза, адзначыў ён. Кіраўнік раёна звярнуўся да механізатараў з просьбай: пакуль спрыяе надвор’е, пастарацца ўбраць вырашчаны ўраджай. А ўзнагароды і ўшанаванні за сумленную працу не прымусяць сябе чакаць.
Да віншаванняў далучыўся Васіль Дзяшчэня. Пад апладысменты калег вадзіцель-тысячнік Васіль Калецкі прымаў Падзяку і прэмію ад галіновага прафсаюза, каштоўны падарунак ад гаспадаркі, а на кабіну свайго МАЗа наклеіў чырвоную зорачку — як сімвал першай перавезенай тысячы тон збожжа. Няхай цягам гэтага жніва яна і сапраўды будзе не адзіная на яго аўтамабілі, няхай з’явяцца такія зорачкі і на зернеўборачных камбайнах.
Яшчэ да афіцыйнай часткі мы паразмаўлялі з Васілём Калецкім, ён расказаў, што возіць зерне ад камбайнаў прыкладна два тыдні. Палі і культуры розныя, а канчатковая кропка маршруту адна — зернесушыльны комплекс у Заеліцы. Вазіў азімы ячмень, азімае трыцікале, зернясумесь (гарох з аўсом), цяпер авёс. Колькасць рэйсаў у дзень залежыць ад поля: калі яно блізка ад Заеліцы, то бывае і 13, і нават 15, кажа вадзіцель, калі далей, як гэтае, што каля Пагарэлага, то рэйсаў 8 спраўляецца зрабіць.
І колькасць перавезенага за дзень збожжа таксама розная, бывае 80, а бывае і 150 тон, гэта залежыць ад культуры, напрыклад, аўса за дзень тон 11 перавозіць, трыцікале было па 13—14 тон, а кукурузы будзе яшчэ болей, бо яе зерне больш цяжкае. А працоўны дзень у вадзіцеля падчас жніва такі ж, як і ў камбайнераў, бо іх праца звязана і вельмі важная.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота І. ГРАМЫКІ