Глушчына. Ад вызвалення да Перамогі

Працяг. Папярэдняя частка ў № 67
У рамках праекта “Глушчына. Ад вызвалення да Перамогі” працягваем аповед пра люты 1945 года.
Шмат увагі ў тагачасных газетах надавалася лесанарыхтоўцы. На працягу лютага Бабруйская абласная газета “Совецкая Радзіма” некалькі разоў звярталася да гэтай тэмы. Вось некалькі цытат з артыкулаў: “Лесаматэрыял патрэбен для вялікіх аднаўленчых работ у раёнах, дровы — для чыгунак і гарадоў. Выконваючы дзяржаўны план нарыхтовак і вывазак драўніны, мы аказваем практычную дапамогу Чырвонай Арміі ў канчатковым разгроме ненавіснага ворага…”; “Лес патрэбен для фронта, лес патрэбен для канчатковай перамогі над ворагам. Выкананнем плана нарыхтовак і вывазак драўніны дапаможам Чырвонай Арміі дабіць фашысцкага звера”.
Між тым у Глускім раёне справы з лесанарыхтоўкай складваліся не вельмі добра. Так, 4 лютага інструктар ляснога аддзела абкама КП(б)Б Ф. Верамейчык у сваім артыкуле зазначаў, што тэмпы лясных работ рэзка знізіліся ў параўнанні са снежнем мінулага года, у ліку адстаючых названы і Глускі раён: “Большасць раёнаў і леспрамгасаў не выконваюць графіка работ. Асноўная прычына — дрэнная арганізацыя працы. Адсюль і вынікі адмоўныя. У Глускім раёне, напрыклад, дзённая выпрацоўка лесаруба складае 0,8 кубаметра, возчыка — 0,7 кубаметра. Квартальны план па раёну выканан на 22 проц., па вывазцы — на 11 проц. Такое ж становішча ў Любаньскім і другіх раёнах обласці”.
Праз пару тыдняў газета зноў вярнулася да гэтай праблемы, назвала негатыўныя факты, сярод іх такі: “у Глускім раёне выкананне плана пушчана на самацёк, лясныя работы адкладаюцца на канец квартала, работнікі райсовета і райкома партыі арыентуюць калгаснікаў на “штурмавую дэкаду”. Таму і не дзіўна, што ў глускіх лясах вельмі мала лесарубаў і возчыкаў. План 1-га квартала па нарыхтоўцы драўніны выканан раёнам толькі на 37 проц., па вывазцы — на 22 проц… Дрэнная арганізацыя працы на лесасеках і цякучасць рабочай сілы таксама з’яўляюцца фактам. Віноўнікі апошняга — работнікі леспрамгасаў, кіраўнікі сельсоветаў і калгасаў. Зачастую майстры і дзесятнікі па некалькі дзён не бываюць у лесе…”
Дзеля справядлівасці скажам, што негатыўныя прыклады па лесанарыхтоўках былі ўва многіх раёнах, не толькі ў Глускім, а ў Бабруйскім, Старобінскім, Любанскім і іншых.
У святочным нумары “Соцыялістычнай вёскі” за 23 лютага сустракаем ужо знаёмае імя — Валянціны Міхайлаўны Сліж (на здымку). Аўтар артыкула “Насустрач жыццю” — Ф. Ян. (без сумнення, гэта Фёдар Янкоўскі, вучоны і публіцыст, які пасля вайны некаторы час працаваў у раёнцы).

“Усё абмеркавана, усё дагаворана, і Міша прашчальна абвёў бацькоўскім позіркам дзяцей, узглянуў на жонку і заспакойваюча сказаў:
— Адно, Валя, не хвалюйся, спакойна чакай; усё павінна быць нагатове, паслязаўтра прыеду.
Настаўнік Міхаіл Іванавіч Гункевіч накіраваўся ў партызаны, а паслязаўтра павінен быў прыехаць, каб забраць сям’ю ў партызанскую зону”, — так пачынаецца гэты расказ. Мы даведваемся пра хваляванне жанчыны, пра яе страх: “Непамерна доўгаю была ноч, доўгім быў дзень. У той дзень п’яныя ўляцелі ў вёску ненавісныя прыслужнікі немцаў паліцэйскія, забілі ў Клетным яе былога вучня Вайцеховіча. Валенціна Міхайлаўна чакала ночы, каб неадкладна, не чакаючы прыезду Мішы, пераехаць у партызанскую зону. Трэба было спяшацца. Як толькі сцямнела, амаль не ведаючы дарогі, накіравалася яна ў бок Слаўкавіч…” Так для настаўніцы Валянціны Сліж пачалося новае жыццё, жыццё ў змаганні з ворагам. “Не злічыць выпадкаў, калі яна ўцякала, схваціўшы дзетак, у лес, у гушчар, каб не загінуць ад нямецкай кулі, — піша аўтар. — Не злічыць выпадкаў, калі яна сядзела з дзеткамі ў балоце, а недалёка рваліся міны, са свістам праносіліся над галавою снарады, з’яўлялася “рама” і абстрэльвала лес. Многа было выпадкаў, калі яна па некалькі сутак нічога не ела. Але яна ратавала дзетак, насіла іх і ежу для іх, абагравала сваім целам. Валенціна Міхайлаўна чакала звароту вольнага жыцця…”
І яно прыйшло, доўгачаканае вызваленне. Валянціна Міхайлаўна вярнулася ў Клятнянскую школу, дзе працавала сем год да вайны. “І настаўніца Валенціна Міхайлаўна Сліж, сапраўдная патрыётка, узялася за сваю любімую справу — выхаванне дзяцей. Добра пастаўлена навучанне і выхаванне ў яе класе, высокія веды, добрая дысцыпліна яе выхаванцаў. Штовечар яна спяшаецца ў хату-чытальню, куды збіраюцца калгаснікі і калгасніцы, каб пачуць апошнія навіны, пачытаць цікавыя артыкулы з газет. Клетнянская хата-чытальня, загадчыцай якой з’яўляецца
В. М. Сліж, з’яўляецца лепшай у раёне”, — так заканчваецца гэты аповед.
На сайце partizany.by ёсць звесткі пра Валяніцу Гункевіч (Сліж). Нарадзілася ў 1915 годзе, скончыла Слуцкі педтэхнікум, працавала настаўніцай у Клетным. З лютага 1942 года — у партызанскім атрадзе. Узнагароджана медалём “30 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.
Там жа размешчана “Выписка из протокола заседания бюро Глусского райкома КП Белоруссии” ад 17 мая 1979 года, дзе паведамляецца, што бюро райкама вывучыла дакументы і ўстанавіла той факт, што Валянціна Гункевіч сапраўды знаходзілася разам з мужам і трыма малалетнімі дзецьмі ў партызанскім атрадзе імя Будзённага 100-й партызанскай брыгады Палескага злучэння і выконвала асобныя паручэнні камандавання. Тут жа прыводзяцца і другія дакументы: пацверджанні ад баявых таварышаў, даведка, выдадзеная ў сакавіку 1945 года камандзірам партызанскага атрада Барысам Цыкунковым, баявая характарыстыка за яго ж подпісам: “…Тов. Гункевич В. М. до начала войны работала учительницей и хорошо знала местных жителей, с первых же дней пребывания в партизанском отряде выполняла ряд боевых заданий отряда — систематически вела разведку и производила раскидку партизанских листовок и сводок информбюро в немецко-полицейских гарнизонах деревень: Клетное, Новоандреевка, Барбарово, Доколь и гор. пос. Глусск, а также добросовестно выполняла ряд хозяйственных работ партизанского отряда имени Будённого, бригады № 100 Полесского соединения”. Дарэчы, пра гаспадарчыя работы. На сайце ёсць і ліст самой Валянціны Гункевіч, датаваны 15.08.1978, да чалавека па імені Васіль Іосіфавіч: “Высылаю Вам два подтверждения: от Акулича Г. Д. и Бегуна Г. А. Может быть, эти подтверждения помогут решить затянувшийся вопрос. Думаю, что Богук Владимир Иванович тоже скажет свое слово в мою пользу. Он был хозяйственником в отряде, и я от него получала муку, пекла для отряда хлеб. Богук живет в Глуске по ул. Советской, д. 28. Бабак Григорий из Малинова, один из первых партизан, надеюсь, помнит нашу с мужем связь с отрядом Патрина».
На той момант, калі афармлялася пацверджанне, у 1970-х гадах, Валянціна Міхайлаўна жыла ўжо ў Чалябінскай вобласці. Муж яе, Міхаіл Іванавіч, памёр у 1969-м. Ён пасля вызвалення раёна, згодна з дакументамі, “выбыл в истребительный батальон”. Узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” 2-й ступені.
Працяг будзе
Падшыўкі гартала А. ВАСІЛЕЎСКАЯ