Темы

Творчы праект. Вуліца носіць імя. Рыгор Лазаравіч Прымін

Творчы праект. Вуліца носіць імя. Рыгор Лазаравіч Прымін

Калі ўважліва вывучыць карту Глуска, то можна налічыць амаль сто вуліц і завулкаў (а таксама адзін бульвар). Многія з іх — “імянныя”: носяць імёны людзей, якія сваімі справамі і ўчынкамі заслужылі такое права — каб у іх гонар называлі вуліцы. Кірава, Будзённага, Шутава, Шваякова, Жыжкевіча, Рыбака, Горкага, Калінкоўскага… Кожны глушчанін, упэўнены, наўскідку ўспомніць з дзясятак такіх вуліц, а ўвогуле іх у нашым райцэнтры 27. Калі ж улічыць, што імёнамі некаторых дзеячаў названы не толькі вуліцы, але і змешчаныя побач завулкі, ды дадаць яшчэ вуліцы ў аграгарадках і вёсках раёна, то атрымаецца ў разы больш. Але ці кожны глушчанін ведае, чым праславіліся людзі, чые імёны носяць нашы вуліцы? У нашым творчым праекце “Вуліца носіць імя” на старонках раённай газеты мы пра гэта расказваем.

Ёсць на поўначы Глуска вуліца Прыміна. Невялікая, усяго ў некалькі дамоў, яна носіць імя вельмі незвычайнага і выдатнага чалавека. Рыгор Лазаравіч Прымін — не толькі ўдзельнік вызвалення Глуска і іншых населеных пунктаў Беларусі. Пасля вайны ён стаў адным са стваральнікаў ядзернага шчыта нашай краіны, пад яго кіраўніцтвам будаваліся гарады на неасвоеных прасторах Сібіры і ў лясах Падмаскоўя. Гарады незвычайныя, яны сталі цэнтрамі расійскай навукі, атамнай і ваеннай прамысловасці. Пры знаёмстве з біяграфіяй Рыгора Лазаравіча ўвесь час не пакідае думка: якое вялікае і моцнае пакаленне людзей пайшло ад нас. Пайшло, але пакінула вялікую спадчыну — магутную сусветную дзяржаву, каторую нам не ўдалося захаваць.

Рыгор Лазаравіч Прымін нарадзіўся 22 жніўня 1911 года ў небагатай сялянскай сям’і на хутары Белякі Гомельскай вобласці, быў малодшым з адзінаццаці дзяцей. Бацька і старэйшыя браты працавалі на лесанарыхтоўцы, малодшыя дзеці дапамагалі дома па гаспадарцы. Вучыцца ў школу пайшоў толькі ў дзевяць гадоў, зарабляць на адзенне і абутак давялося самому. Пасля заканчэння сямігадовай школы Рыгор навучаўся на курсах бухгалтараў і пачаў працаваць рахункаводам у калгасе. У 1933 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію, служыў ва ўзводзе коннай разведкі, скончыў школу чырвоных кавалерыстаў, займаў малодшыя камандныя пасады. З арміі звальняўся ўжо ў чыне старшага палітрука. Службай у кавалерыі Рыгор Лазаравіч Прымін ганарыўся ўсё жыццё. “У конніцы больш дынамікі, служба ў ёй не з лёгкіх і тым больш у баявой абстаноўцы, але вясёлая і цікавая”, — адзначаў ён у сваіх успамінах. Вярнуўшыся на радзіму, Рыгор Лазаравіч працаваў намеснікам дырэктара машынна-трактарнай станцыі, а потым узначаліў ваенны аддзел райкама партыі горада Ельска.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Прымін быў прызначаны камісарам 118-га кавалерыйскага палка 4-й кавалерыйскай брыгады. Першае баявое хрышчэнне прыняў на роднай беларускай зямлі, потым пасля цяжкіх баёў давялося ўзяць на сябе кіраванне і выводзіць сваіх байцоў з акружэння. Менавіта за мужнасць і прафесіяналізм Рыгор Лазаравіч атрымаў свой першы ордэн Чырвонай Зоркі. Потым давялося ўдзельнічаць у абароне Масквы пад Серпухавам. Цікава, што пасля вайны ізноў яму давядзецца вярнуцца ў гэтыя мясціны, але ўжо для мірных подзвігаў.

А потым збылася мара Рыгора Прыміна: ён быў накіраваны ў 4-ы Кубанскі кавалерыйскі корпус. Кавалерыстам ён быў не толькі па вайсковай службе, захаваў любоў да гэтага роду войск на ўсё жыццё. Нават пасля вайны, нягледзячы на тое, што служыць даводзілася цяпер у будаўнічых войсках, насіў кавалерыйскія брыджы і боты са шпорамі. Сам Рыгор Лазаравіч успамінаў: “Мяне вельмі ўзрадавала магчымасць служыць у праслаўленым корпусе кубанскіх казакаў, і ў канцы жніўня 1943 года я ехаў туды з вялікім жаданнем”. За ўдзел у правядзенні Нова-Бугскай аперацыі начальнік штаба 40-га палка 10-й Кубанскай дывізіі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, за вызваленне Адэсы — ордэнам Кутузава 3-й ступені.

Ну а потым было вяртанне на радзіму: 4-ы гвардзейскі корпус увайшоў у склад рухомай конна-механізаванай групы пад кіраваннем І. А. Пліева, якая была спецыяльна створана для ўдзелу ў аперацыі па вызваленні Беларусі. Тэрыторыя, дзе размяшчаўся корпус, уключала і Ельскі раён Палескай вобласці. Жаданне наведаць родныя мясціны, даведацца пра лёс родных і блізкіх удалося ажыццявіць, атрымаўшы двухдзённае звальненне. Аднак паездка замест радасці прынесла толькі гора і пакуты. Маці Рыгора Лазаравіча была забіта гітлераўцамі ў лагеры смерці за сувязь з партызанамі. Брат Міхаіл і сястра Ульяна з дваімі дзецьмі разам з іншымі вязнямі заразіліся тыфам і памерлі. Вёска, дзе жылі родныя Прыміна, як і іншыя сельскія пасяленні Ельскага раёна, была спалена.

Мэтай аперацыі “Баграціён” было не толькі вызваленне Беларусі, але і знішчэнне найбольш магутнай варожай групоўкі — групы армій “Цэнтр“.

Для гэтага планаваліся прарыў лініі абароны і акружэнне праціўніка ў тым ліку і пад Бабруйскам. Хуткае вызваленне Глуска мела важнае значэнне, бо перакрыццё дарог Бабруйск — Слуцк і Бабруйск — Любань цалкам закрывала Бабруйскі “кацёл”.

У вызваленні Глуска прымалі ўдзел некалькі ваенных злучэнняў, адно з іх — узмоцнены галаўны атрад 10-й кавалерыйскай дывізіі. Камандуючым гэтага атрада

І. А. Пліеў асабіста назначыў Рыгора Лазаравіча Прыміна, якога высока ацэньваў як “падрыхтаванага, рашучага і храбрага кавалерыста”. Кавалерысты пад кіраўніцтвам Прыміна 26 чэрвеня каля вёскі Падлужжа фарсіравалі раку Пціч і пасля працяглага бою, які доўжыўся ўсю ноч, прымусілі ворага адступіць. “З ходу, ліхой атакай, — расказваў Рыгор Лазаравіч, — мы ўварваліся ў Глуск, а раніцай 28 чэрвеня полк ужо заняў Старыя Дарогі”.

У час баёў па вызваленні Баранавіч Рыгор Лазаравіч быў цяжка паранены. Здавалася, што для яго скончылася не толькі вайна, але і вайсковая служба. Разам з групай параненых яго пераправілі ў Маскву, а потым пасля складанай аперацыі і выдалення вока вырашылі адправіць на лячэнне ў глыбокі тыл. Аднак прама ў кабінеце медыцынскай камісіі палкоўнік Прымін сарваў з галавы павязку і заявіў, што ні ён, ні іншыя яго таварышы нікуды з арміі не паедуць.  І дабіўся свайго!

У дзеючую армію аднак яго не адправілі, таму з кавалерыяй давялося развітацца. Спачатку Рыгор Лазаравіч быў накіраваны ў Талін і прызначаны начальнікам спецыяльнага лагера для рэпатрыіраваных чырвонаармейцаў, трапіўшых у палон і вызваленых войскамі саюзнікаў. Праз некаторы час гвардыі палкоўнік Прымін займае пасаду начальніка аддзела баявой падрыхтоўкі, а потым і начальніка штаба Упраўлення ваенна-будаўнічых часцей “Балтваенмарбуда”.

За паспяховую службу быў узнагароджаны яшчэ адным ордэнам Чырвонай Зоркі.

З 1947 года пачынаецца новы перыяд у жыцці Рыгора Прыміна. З гэтага часу да самай адстаўкі ён служыць на розных пасадах і аб’ектах па стварэнні ядзернай зброі і атамнай энергетыкі: спачатку ў Чалябінску-40, потым у Краснаярску-26, затым у Томску-7. Кіраваць даводзілася шматтысячным калектывам ваенных будаўнікоў, працаваць побач з буйнымі кіраўнікамі дзяржаўнага ўзроўню. Пры такой напружанай рабоце і складаных умовах жыцця ў Сібіры Рыгор Лазаравіч знаходзіў час для арганізацыі культурных і спартыўных мерапрыемстваў, садзейнічаў стварэнню ансамбля песні і пляскі, вядомага ва ўсёй Сібірскай ваеннай акрузе. Гады працы  таленавітага кіраўніка ў Сібіры адзначаны ўжо чацвёртым ордэнам Чырвонай Зоркі і двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У маі 1960 года Рыгор Прымін быў пераведзены ў Серпухаў-7 камандаваць вайсковым злучэннем і на новым месцы будаваць горад і паскаральнік пратонаў. За адзін год быў пабудаваны ваенны гарадок, пачаліся будаўніцтва жылых дамоў, бальнічнага комплексу, работы па кальцавой зале паскаральніка. Так пачыналася гісторыя цяперашняга горада-навукаграда Расійскай Федэрацыі Пратвіно. Пагаршэнне стану здароўя прымусіла Рыгора Лазаравіча пайсці ў адстаўку з арміі, аднак работы над стварэннем паскаральніка ён не пакінуў. Дзесяць гадоў Рыгор Прымін узначальваў створаны па яго ініцыятыве савет ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ён жа прапанаваў стварыць у Пратвіно мемарыяльны комплекс “Рубеж абароны” — на гэтым рубяжы ў час вайны ён сам прымаў удзел у абароне Масквы, а таксама мемарыяльны комплекс у Крамёнках.  У Рыгора Лазаравіча было шмат планаў і задум, аднак здзейсніць іх яму не ўдалося. У красавіку 1987 года ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе.

Трыццаць год праслужыў гвардыі палкоўнік Рыгор Лазаравіч Прымін у арміі, быў і кавалерыстам,

і будаўніком. Узнагароджаны за свае заслугі дзесяццю ордэнамі і васемнаццаццю медалямі. Са сваёй жонкай Лідзіяй Рыгор Лазаравіч пражыў больш за 50 год. Яго дзеці працягвалі справу бацькі: старэйшая дачка Тамара працавала ва Упраўленні будаўніцтва паскаральніка, малодшая дачка Эма ўсё жыццё была супрацоўнікам Інстытута фізікі высокіх энергій, сын Алег — вядомы вучоны, доктар тэхнічных навук. Пра жыццё і дзейнасць Рыгора Лазаравіча Прыміна напісана дакументальная кніга. Працягваюць існаваць і развівацца пабудаваныя ім гарады навукі, а мемарыяльны комплекс “Рубеж абароны”, створаны па яго задумцы, штогод арганізоўвае ваенна-гістарычныя фестывалі. У 2024 годзе ў фестывалі прынялі ўдзел больш за восемсот удзельнікаў, у тым ліку і з Беларусі.

Аляксандр Емяльянаў

Последние новости

Общество

Международный молодежный конкурс социальной антикоррупционной рекламы «Вместе против коррупции!»

27 мая 2026
Читать новость
Общество

Взгляд в прошлое, надежда на будущее

27 мая 2026
Читать новость
АПК

Развитие АПК на контроле

27 мая 2026
Читать новость
Общество

Глусчане на первом областном медиафоруме юных журналистов и блогеров «Голос поколения: новый контент»

27 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

Как не попасть на уловку мошенника вовремя телефонного разговора?

27 мая 2026
Читать новость
Культура

«Созвездие талантов». В Глуске прошел отчетный концерт Глусской детской школы искусств

27 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем